— лёгкасьць. — Малады чалавек, вы ня скажаце — дзе тут магіла Пфляўмбаўма? — Мужчына спытаў і пільна ўгледзеўся ў вочы Стаху. Гаварыў ён з заўважным акцэнтам. Прыбалтыйскім, падобна?
«Магіла Пфляўмбаўма?..» — Стах урэшце зразумеў, пра што ў яго пытаюцца, і страпянуўся: і сапраўды, некалі на месцы гэтага скверыка былі могілкі. Нямецкія — лютэранскія - могілкі. Але бальшавікі гадоў пяцьдзесят таму іх зьнеслі, магілы выраўнялі, а надмагільныя пліты з гатычнымі надпісамі разабралі месьцічы на падмуркі дамоў. I ніхто, мусіць, цяпер у цэлым горадзе не пакажа тое месца, дзе была некалі магіла Пфляўмбаўма...
— Карла Іванавіча Пфляўмбаўма, — сказаў чалавек і на гэты раз акцэнт ягоны падаўся Стаху яўрэйскім і сам ён падобным да яўрэя, старога менскага яўрэя.
— Ня ведаю, — адказаў Стах, — тут даўно скверык. Я пасяліўся — скверык ужо быў. Спытайцеся мо ў каго са старэйшых.
— Які скверык? — перапытаў мужчына зьдзіўлена. Роблена зьдзіўлена, але таго хапіла Стаху, каб адняць сьпіну ад лаўкі і агледзецца. I праўда: які скверык? Стах сядзеў на могілках і вакол былі надмагільныя пліты. Сурова перамежваліся яны між сабою, стаялі вышэй- ніжэй нібы дамы ў начным горадзе, але не абыякава, не хаатычна, як на Кальварыі, а строга, акуратна.
— Тут быў... тут заўсёды быў скверык... — толькі і змог прамовіць Стах і падумаў: «Пакуль зусім не сьцямнела, трэба ісьці дахаты, класьціся спаць і добра адпачыць... Адпачыць, бо так нядоўга і з глуздоў зьехаць...» Могілкі, падобныя правільныя могілкі з пагрознымі надмагільнымі плітамі, незусім беларускія і разам з тым спрадвечна-беларускія, і павінны былі быць на ягонай карціне. Менавіта іх там не хапала. Якраз такіх. Толькі вось дзе? У правым куце на «залатым сячэньні»?..
— Ну, скажам, скверык тут быў не заўсёды, і вы гэта цудоўна ведаеце, — сказаў мужчына, прысеў побач са Стахам на лаўку, дастаў з кішэні люльку, набіў тытунём з прыгожае, чорнае ў чырвоныя кветкі, табакеркі. — Прабачце, малады чалавек, у вас запалак ня будзе?
— Няма... Даруйце, але нічым я вам дапамагчы не магу... Я сабраўся быў ісьці дамоў, таму яшчэ раз даруйце...
— Пачакай, — раптам безапеляцыйна прамовіў мужчына, — не сьпяшай, мне, уласна, не магіла Пфляўмбаўма трэба. Я і без таго ведаю, дзе яна. Вунь, бачыш, над плітою крыж гатычны каменны?.. То яна. А прыйшоўя па іншай справе. Я прыйшоў, каб паказаць табе тваю магілу...
— Маю магілу?.. Мне?..
— Непасрэдна.
— Прабачце, але мне не да жартаў...
— Я і не зьбіраўся жартаваць. Пойдзем, пакажу.
Стах ня быў загіпнатызаваны і, не зважаючы на стому, якздавалася яму, цалкам валодаўсабою. Прынамсі, мог крытычна мысьліць, мог не паддацца на спакусу, мог, думалася яму, у любы момант спакойна разьвітацца з незнаёмцам, устаць і пайсьці дамоў. I калі што і ўзяло верх — дык простая цікаўнасьць, так думаў ён, і жаданьне праверыць сябе ў незвычайнай сітуацыі. На гэта, пэўна, і разьлічваў мужчына.
— Пойдзем? — перапытаў ён і пыхнуў дымам — белым на тле цемры, лёгкім у сьвятле ліхтароў і — сапраўдным: Стах пачуў прыемны пах яго, далікатны і тонкі. Калі і як незнаёмец прыпаліў — Стах не прыкмеціў.
— А чаму б і не, — асьмялеў раптам Стах, — пойдзем.
Хацеў таго Стах альбо не, аднак у словах ягоных чуўся выклік, лёгкая іронія і зьдзек. Толькі вось над кім іронія і зьдзек— над сабою ці над мужчынам? Каму выклік? Паколькі Стах быў амаль упэўнены, што перад ім рэальны чалавек, то і першае, і другое, і трэцяе адрасавалася толькі яму самому. Ён не любіў у сабе гэтую разважлівасьць, асьцярожнасьць, боязь рызыкі, разьлік — памяркоўнасьць, як цяпер любяць казаць
— і таму час ад часу кідаў сябе прымусам у нейкую авантуру, з якое, бывала, выплываў яшчэ больш раззлаваны і незадаволены сабою.
Мужчына і Стах прайшлі колькі дзесяткаў крокаў углыб скверыка-могілак і спыніліся ля сьвежага жоўтага грудка, у які быў уторкнуты кепска пафарбаваны драўляны слупок з чорнаю металічнаю шыльдачкаю. На ёй сьвяціліся сьпешна, але ня скажаш, што неахайна, напісаныя белыя словы і лічбы. Прозьвішча, імя, імя па бацьку Стаха. Прычым імя поўнае, пашпартнае — Станіслаў, а ня творчае, не сямейнае, пад якім яго ўсе ведаюць. і даты. Нараджэньня і сьмерці. Нараджэньня... і... сьмерці: 12.10.199... Лічбы паплылі перад вачыма Стаха: год быў сёлетні...
— Гэта — праўда?.. — непаслухмянымі сухімі вуснамі прамовіў Стах. Прамовіў-спытаў: — Гэта — праўда: мне засталося жыць толькі сем дзён?.. — I ўбачыў свой здымак на магіле пад слупком. Ягоны любімы здымак. У чорнай рамцы і з чорнаю паласою наўскосунізе... I пачуў густы пах сырой зямлі і незасохлае фарбы, якім было настоенае паветра.