— Клін клінам выбіваюць — гэтак кажа мудрасьць народу, альбо, калі верыць табе, быдла. I я ўпэўнены, што выратаваць нас урэшце рэшт зможа толькі падобны да яго лідэр — жорсткі, рашучы, напорысты, але — высокаадукаваны, высокакультурны, гэтакі «просвящённый монарх», а па-просту інтэлігент-дыктатар, які сьвядома, а не інтуітыўна, будзе казаць тое, што хоча чуць быдла, а рабіць, як і гэты, сваё, прычым не ўласьцівымі яму самому сродкамі: сілай, прымусам. Толькі да такога прыслухаецца быдла, такому «паверыць», і толькі ён зможа вывесьці яго з гэтага замкнутага кола, з гэтага хворага балота на сенакосныя лугі. I тады, калі харчу будзе дастаткова, мажліва, і быдлу будзе час задумацца над сваім жыцьцём.
— Так то яно так... Вядома, не трэба недаацэньваць ролю асобы ў гісторыі. Аднак найчасьцей асобы гэткія толькі руйнуюць і вельмі рэдка нешта ствараюць. Наламаць дроваў «асоба» можа столькі, што потым удзесяцёх не разьбярэшся. Прыкладаў сотні, у тым ліку і наш, цяперашні... Але, тым больш дарэмна, ты ўскладаеш нейкія надзеі на быдла. Забудзь пра гэта. Па-першае, у быдла ніколі ня будзе дастаткова харчу, па-другое, быдла ніколі ня думала і думаць ня будзе.
Яно ня дзеля таго створанае. Яно можа хіба адчуваць і аддавацца пачуцьцям, якія і замяняюць яму розум. Больш за тое, бойся быдла, якое лічыць, што яно думае... Нездармаўіншых — дэмакратычных — краінах прыдуманы розныя цэнзы: узроставы, адукацыйны, маёмасны, каб выключыць адкіды грамадства з ліку выбаршчыкаў, каб не ўплывалі яны сваёй тупой масай на вынікі выбараў, у якіх самі не арыентуюцца і вераць толькі таму, хто больш наабяцае. У нас жа даюць стогадоваму дзеду Базылю з інтэрнату састарэлых бюлетэнь — ідзі, галасуй за сваю блізкую будучыню. Вось і нагаласавалі, пта маць...
— Што ты ўзьеўся на народ, чым ён табе гэтак не дагадзіў?
— А то ты ня ведаеш... Зрэшты, можа я не на народ злуюся, а на самога сябе, на жыцьцё нашае, на тое, што вымушаны мы з табою займацца цяпер зусім ня тым ці ня толькі тым, дзеля чаго на сьвет гэты прыйшлі, ня тым, да чаго душы нашыя цягнуцца. Вось ідзем мы прыгожым местам і замест таго, каб абмяркоўваць высокія творчыя праблемы, у аблокахлятаць, гаворым пра бруд, пра які і гаварыць брыдка, агідна — пра палітыку. Гаворым, бо душа баліць... Заўваж, душы нашыя засьмечаныя сёньня, экалагічна забруджаныя палітыкай. А душы не палітыка трэба. Ёй трэба пасьпяваць бачыць прыгажосьць сьвету, каб дзяліцца радасьцю гэтай пекнаты з іншымі душамі. А мы пра палітыку... Якая для нас, як, дарэчы, і для быдла, павінна заставацца па-за нашым жыцьцём, існаваць недзе паралельна. У яе свае куміры...
— Ніколі гэтага не было і ня будзе. Нават у ідэале. Ня мы дыктуем умовы грамадству, а яно нам. Адзінае, што мы, творцы, так бы мовіць, можам зрабіць, гэта паўплываць на агульны культурны ўзровень грамадства. I тое не адразу, а, мажліва, толькі праз пакаленьні.
— Праз пакаленьні... Ажывем мы сёньня. Мы заўсёды жывем сёньня. А ня ўчора і ня заўтра. Вось прывыклі думаць: філосаф — значыць летуценьнік, чалавек ня з гэтага сьвету. Няпраўда, якраз мы і ведаем сапраўдны кошт жыцьця і стараемся ўзяць ад яго напоўніцу і, адпаведна, аддаць яму ўсё, што маем, выпрацаваць свой патэнцыял максімальна. Бяда толькі ў тым — ды і не бяда нават, а выдаткі існаваньня, недарэчная недарэчнасьць — што працуем мы, як, зрэшты, і вы, творцы, са словам, з фарбай, з гукам... Мы пераконваем, а не прымушаем, мы тлумачым, а не навязваем, як робяць гэта «ідэолагі». Тыя ж, хто супраць нас, з намі не цырымоняцца. Ледзь трохі не па-іхняму — турма, ГУЛаг, расстрэл — фізічнае вынішчэньне.
— I плён карпатлівай працы доўгіх гадоў нейкі самадур можа выкарчаваць у адзін момант...
— Так, але іншага шляху ў нас няма. Супраць лома няма прыёмаў, акрамя слова, якое западзе ў шчырую душу і прарасьце. Прарасьце! Я баюся толькі аднаго, што ў выніку ўсіхягонь/хэксьперыментаў, у нашым краі можа праліцца кроў. Нявінная кроў, як плата за волю, што ўрэшце рэшт прыйдзе... Трэба быць гатовым да гэтага і зрабіць усё, каб на тваё месца прыйшло потым два, пяць, дзесяць такіх, як ты. I тады, рана ці позна, мы пераможам канчаткова. Герастраты ды падобныя яму — часовыя. I яны ведаюць пра сваю часовасьць, таму і лютуюць гэтак. Але агонь разбуральны дагарыць і патухне і на месцы спаленага лесу вырасьце новы.
— А на месцы спаленай хаты, што вырасьце?