Выбрать главу

Надыходзіць дзень, таксама хмарны і дажджлівы, і прыносіць з сабой толькі голад. Маўклівыя, хмурыя, бадзяюцца людзі навакол, здавальняючыся ўсім, што трапіць у рукі. Няма ўжо таго таварыства паміж іх, што заўважалася перад гэтым. Няма тых «гутарак», тых рухаў. Мала ўжо чалавечага на іх звярыных тварах: усё часцей і часцей выбухае злосць. Два хлапцы пасварыліся з-за нейкай жабы, ледзь адзін аднаму горла не перагрызлі.

Паступова пачалі яны выходзіць з вільготнага лесу, накіроўваючыся ў той бок, дзе мясцовасць павышалася. Лес парадзеў, надвор'е крыху праяснілася, і яны ўбачылі перад сабой ужо інакшую мясцовасць: замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. За некалькі крокаў ад іх дзве такія скалы, наваліўшыся адна на адну, стварылі нібыта страху ці будку, у якой можна было схавацца ад дажджу. І калі ў гэты момант зноў запырскаў дожджык, людзі, зразумела, накіраваліся ў гэтую пячору. З якой прыемнасцю мокрыя, змораныя людзі размясціліся ў сухой пячоры! Здавалася, што яны адразу забыліся на голад і на холад, і на ўсе іншыя ліхасці. Яны расселіся і разлягліся на сухой зямлі і, можа, першы раз у сваім жыцці адчувалі сябе «як дома».

А там, па-за сцяной, надвор'е разгулялася не на жарт. Асабліва злаваў вецер, які намерваўся перайсці ў буру. Набліжаўся грукат грому.

Нарэшце і кроплі дажджу пачалі дасягаць сярэдзіны пячоры. Тут толькі заўважылі, што з другога боку, крыху вышэй, таксама была дзірка, праз якую і дасягаў дождж. Але бяда была невялікая: прытуліліся па кутках - і ўсё добра.

Бура тым часам мацнела; гром грукацеў ужо над самай пячорай. Але ж затое як прыемна было адчуваць, што цябе гэта не тычыцца, што тутака суха і ціха, у той час як там...

Але вось на шэрым фоне ўваходу вызначылася нейкая вялікая цёмная маса, спынілася, быццам здзіўленая, - пачуўся грозны, хрыплы рык. Гэта з'явіўся «гаспадар дома», так званы пячорны леў. Хаця нельга было назваць яго царом тагачасных звяроў, але для тагачасных людзей ён у кожным разе быў цар.

Як ашалелыя, кінуліся людзі ў другі канец пячоры, дзе, на іх шчасце, было другое выйсце. А следам за імі загрукацеў грозны рык звера. Рык гэты напоўніў усю пячору і заглушыў усё: і жудасныя крыкі людзей, і шум буры, і нават грукат грому.

На другім жа канцы людзі ў гэты момант ціскаліся, душылі адзін аднаго. Кожны хацеў уцячы першым. У важака ў гэты час з'явіўся чалавечы дух: ён адштурхнуў тых мужчын, якія заціскалі жанчын і дзяцей, зменшыў натоўп, і, дзякуючы гэтаму, усе ўмомант уцяклі. Гэтаму дапамагло яшчэ і тое, што леў, не ведаючы, якія там ворагі і колькі іх, крыху стрымаўся. А калі ён скокнуў, дык паспеў толькі крыху закрануць апошняга чалавека.

Але ўсё ж без бяды не абышлося. У гэтай мітусні ў адной жанчыны выслізнула з рук паўгадовае дзіцяня. Яно пішчала там, у пячоры, адно, а матка тулялася ля дзіркі, не ведаючы, што рабіць. Сэрца яе разрывалася ад жалю, некалькі разоў яна пасоўвалася наперад і, здавалася, гатова была кінуцца да льва. Але яна адчувала, што гэта будзе дарэмна. Тым больш што яна засталася адна: яе таварышы ўжо ўцяклі.

Яны беглі ў лес, не азіраючыся. У іх вушах усё яшчэ стаяў страшэнны рык ільва. Да гэтага далучаўся грукат грому і блісканне маланкі. Яны спыніліся пад шырокім дрэвам, цесна збіліся ў гурток і так стаялі, дрыжучы ад жаху і холаду. Дождж ліў як з вядра. У гэты час леў-пераможнік размяшчаўся ў сваім уласным доме. Ён нават не забіў дзіцяці, а толькі з цікавасцю прыглядаўся да гэтага незнаёмага стварэння. Дзіцяня жалобна пішчала, махала ручкамі і ножкамі. Леў асцярожна крануў яго, потым перавярнуў на другі бок. Дзіцяня пачало яшчэ больш крычаць.

Урэшце ўсё гэта надакучыла льву, і ён прыдушыў дзіцяня сваёй цяжкай лапай. Ён быў сыты, спакойны, у цяпле. Нішто яму не пагражала. Яму не трэба было вельмі «ламаць галаву», каб пражыць. На гэтых нікчэмных двухногіх істот, якія тут яму трапіліся, ён у другі раз нават не звярнуў бы ўвагі.

Калі крык дзіцяці спыніўся, маці адышла ад пячоры і накіравалася ў той бок, куды пайшлі ўсе. Страта дзіцяці адчувалася ў яе сэрцы. Але куды горш зрабілася, калі яна апынулася адна сярод цемры і буры. Яна ніколі не была ў такім становішчы. Яны заўсёды трымаліся адзін аднаго. Толькі такім чынам яны ўсе і маглі існаваць. І ў гэтым была будучая перавага чалавека над такім моцным зверам, як леў, які ніколі чарадой не ходзіць.

Добра яшчэ, што нашы людзі ад страху беглі проста і спыніліся пад першым дрэвам. Толькі такім чынам маці натрапіла на іх; інакш яна б загінула, як гэта не раз здаралася ў іх жыцці. Моўчкі далучылася яна да гуртка, на што ніхто не звярнуў увагі. Аб яе горы ніхто нават не ведаў. Усе адчувалі толькі, што ім наогул дрэнна, паасобных жа падзей яны сабе не ўяўлялі. Толькі ў двух-трох чалавек засталіся некаторыя вобразы аб мінулым здарэнні. Важак, напрыклад, уяўляў сабе страчаную сухую пячору, у якой было так добра, звера, які іх выгнаў. Відаць было, што некаторыя хваляваліся, варушыліся, злавалі, значыцца, нешта думалі аб тым, што адбылося.