І гэта быў добры знак: гэта значыла, што яны перажывалі ўражанне пры адсутнасці прычыны, яны маглі думаць аб тым, чаго ўжо няма. А іх магутны вораг гэтага не ўмеў. Ён мог думаць толькі аб тым, што ёсць, што знаходзіцца перад яго вачыма. Аб розных адбыўшыхся падзеях яму не даводзілася думаць.
Хлопчык Ра тым часам сядзеў на дрэве і ўжо на працягу значнага часу сачыў за нейкім незвычайным з'явішчам у лесе. Нешта белае, светлае мільгала далёка паміж дрэў. Хоць навакол было цёмна, але ў тым месцы з цемры вылучаліся дрэвы і, здавалася, варушыліся. Ра не мог стрымаць цікаўнасці, злез з дрэва і пачаў красціся ў той бок. Святло ўсё мільгала, дрэвы варушыліся.
Вось ён падышоў зусім блізка і абамлеў ад страху і здзіўлення. Сярод палянкі ляжала разбітае маланкай вялізнае старое дрэва. Сухое дупло яго гарэла; языкі полымя віліся і лізалі дрэва. Навакол было светла і прытульна. Ра схаваўся за дрэвам і доўга разглядаў гэтае дзіўнае з'явішча. Падысці бліжэй баяўся.
Але ўсё было так ціхамірна, спакойна, агонь так ласкава трашчаў, што Ра асмялеў і выйшаў з-за дрэва. Асцярожна, бокам пачаў ён падыходзіць, рыхтуючыся зараз жа ўцячы, калі гэтае невядомае стварэнне задумае што-небудзь нядобрае.
Але «стварэнне» зусім і не думала кідацца на Ра. Наадварот, сваёю ласкавасцю, прыемнасцю, мяккімі рухамі яно быццам запрашала бліжэй да сябе. Ра падышоў зусім блізка і адчуў прыемную цеплыню. Мімаволі працягнуў ён рукі над агнём і прастаяў так нерухома некалькі хвілін. Потым завярнуўся і пабег да сваіх.
Махаючы рукамі і паказваючы ў той бок, ён клікаў старэйшых і ўсё казаў: «О! О!» Тады і ўсе заўважылі ў лесе гэтае святло і пайшлі за хлопчыкам.
Таксама, як і Ра, яны спачатку боязна выглядалі з-за дрэў і не адважваліся падысці бліжэй. Толькі тады, калі Ра смела падышоў да агню і працягнуў рукі, - тады толькі яны падышлі і абхінулі сабой агонь.
Можна сабе ўявіць, што павінны былі адчуць гэтыя прамоклыя і схаладзелыя людзі.
Твары адразу ажывіліся, вочы заблішчалі. Морды скрывіліся ўжо так, што, здавалася, вось-вось блісне ўхмылка.
І палянка ўся ажывілася, зноў пачуліся галасы, «гутарка». Людзі весела, жвава таўкліся ля агню. Маткі падымалі дзяцей на руках і працягвалі іх над агнём.
Нехта нават так асмялеў, што захацеў ухапіць рукою язык полымя, але зараз жа закрычаў і пабег прэч, як шалёны. А за ім і ўсе...
Паляна мігам апусцела, толькі з-за дрэў асцярожна выглядалі перапалоханыя людзі. Ды і было чаго палохацца: выходзіць, што і гэтая нібы такая ласкавая і добрая істота таксама кусаецца і нападае. А што, калі яна пагоніцца за імі?
Але агонь, відаць, не збіраўся гнацца. Ён, як і раней, варушыўся сабе на сваім месцы, ласкава трашчаў, свяціў і грэў навакол, як і раней, вабіў да сябе.
Патроху людзі асмялелі і адзін за адным ціхенька пачалі вяртацца да агню. Зноў абкружылі яго, і зноў усё стала добра. Значыцца, уся справа толькі ў тым, каб не чапаць яго. Ён гэтага не любіць. Але сам, як відаць, нікому не думае рабіць нічога дрэннага. Наадварот, яшчэ да гэтага часу яны не сустракалі ніводнага стварэння, якое было б такім добрым да іх, як гэтае.
Сярод лясной цемры людзям было светла, цёпла; цела абсушылася. Разам з тым змяніўся ўвесь настрой. Яны ўжо зусім забыліся аб нядаўнім здарэнні і ўсёй сваёй істотай убіралі асалоду цяперашняга шчасця.
Людзі ўпершыню бачылі і адчувалі агонь, той агонь, без якога чалавек не быў бы чалавекам. Пашана, удзячнасць, страх - усе гэтыя пачуцці нараджаліся ў іх сэрцы; тыя пачуцці, якія і да гэтага часу выклікаюцца ў адсталых людзей незразумелымі ім з'явамі прыроды.
А за некалькі крокаў ад гэтага светлага месца прытулілася ноч, яшчэ больш цёмная, сярдзітая, вільготная і халодная. Яна пільнавала з-за дрэў і чакала, каб зноў абхапіць людзей...
Тым часам пень дагараў. Паступова, непрыкметна, але няўхільна агонь змяншаўся. Рабілася ўсё цямней і цямней і разам з тым усё халадней.
Несвядомая трывога авалодала людзьмі. Яны пачалі праціскацца бліжэй да агню.
Вось і полымя знікла. Ноч рынулася з лесу і ахінула палянку...
Але засталіся яшчэ вуголлі, якія крыху гарэлі. На іх былі накіраваны ўсе вочы, да іх кожны стараўся праціснуцца бліжэй. Гурток сціскаўся ўсё шчыльней і шчыльней. Вось ужо заднія нічога не бачаць, але ўсё праціскаюцца наперад, не адводзячы вачэй ад таго месца, дзе павінен быў быць ён, агонь.