Выбрать главу

Нялёгка, нават немагчыма было яму адразу ўразумець усё значэнне гэтай зброі. Дзеля гэтага ён павінен быў бы разважаць прыблізна так: «Вось гэтая рэч надае рукам сілу. Ёю можна абараніцца ад ворага і забіць здабычу. Трэба было б заўсёды мець яе пры сабе...»

Але так разважаць наш чалавек яшчэ не мог, значыцца, і не мог свядома скарыстаць сваю вынаходку.

Так правялі яны на адным месцы ўвесь дзень. Зранку, не паспелі яшчэ людзі злезці з дрэва, як заўважылі, што з суседняга дрэва на іх пазіраюць нейкія дзіўныя стварэнні. Яны былі вельмі падобныя да нашых людзей, толькі больш рухавыя, асабліва іх морды, якія ўвесь час крывіліся так, нібы яны смяяліся або дражніліся.

Гэта завіталі да іх у госці «мілыя сваякі» - малпы. Людзі і малпы пазіралі адны на другіх з вялікай зацікаўленасцю. Здавалася, нібы ўсе яны адчувалі нейкае сваяцтва паміж сабою. У кожным разе відаць было, што гэта не ворагі. Яны паступова зблізіліся, перамяшаліся, пачалі аглядаць, мацаць адны адных.

Адной малпе спадабалася наша красуня Агу. Малпа так прычапілася да дзяўчыны, што тая павінна была ўцячы на зямлю.

Але хутка людзям абрыдла гэтае знаёмства, і яны па чарзе спусціліся ўніз.

Малпы засталіся на дрэве і мелі такі выгляд, нібы казалі адна адной: «Вось табе і маеш!» З зайздрасцю пазіралі яны на сваіх знаёмых, як тыя вольна хадзілі па зямлі, прама і цвёрда трымаліся на дзвюх нагах і лёгка ўладалі сваімі вольнымі рукамі.

Пакрыўджаны «кавалер» захацеў таксама паказаць сябе, спусціўся на зямлю, стаў на дзве нагі і пайшоў да Агу.

Схіліўшыся, хістаючыся на кароткіх крывых нагах, абапіраючыся аб зямлю сваімі даўгімі рукамі, ён меў надта смешны выгляд, на які звярнула ўвагу нават наша дзяўчына. Яна спынілася і зірнула на яго так, што той адразу апусціўся на свае чатыры лапы і павалокся назад, на дрэва.

А яна адвярнулася і горда пайшла прэч. Якім мы ні лічылі б тагачаснага чалавека, а ўсё ж малпа была яму не раўня.

Тым часам людзі пакінулі стаянку і пайшлі далей. Малпы доўга яшчэ прабіраліся побач з імі па дрэвах і сачылі за кожным крокам «сваякоў»...

Але і горды чалавек пайшоў гэтак жа з пустымі рукамі, як і прыйшоў. Усе яго вынаходкі, усе яго прылады засталіся на месцы.

Толькі Ра ўзяў быў з сабой свой кій, але праз некалькі крокаў згубіў яго і забыўся аб гэтым.

Аднойчы, калі яны размяшчаліся спаць, Ра заўважыў на суседнім дрэве нейкую будоўлю з галля, нібы вялізнае гняздо. Ён зацікавіўся і палез туды. Там ён сапраўды ўбачыў пакінутае малпаю гняздо. Прасторнае, прытульнае, прыбранае мяккім лісцем, яно было найлепшым прытулкам нанач. Ра размясціўся там, як на ложку. Заўважыў гэта другі хлапец і таксама перабраўся да яго. Месца было досыць, і яны абодва праспалі там так, як ніколі не спалі.

А калі прачнуліся - нікога ўжо не было.

Іхнія бацькі і браты, як заўсёды, прачнуліся рана, сабраліся і пацягнуліся далей. Лічыць яны не ўмелі, памятаць кожнае не маглі, - так і пайшлі сабе, не ведаючы, што двух згубілі...

VI Прытулак у рове. - Волат з неба. - Спажыва для ўсіх. - Першая бойка са зброяй у руках. - Раптоўная паводка. - Зноў бадзянне.

Вось выйшлі яны з лесу і ўбачылі перад сабой глыбокі і шырокі роў, размыты бягучай вадой. Цяпер унізе булькала толькі маленькая крыніца, але ў час дажджу яна бурна разлівалася.

На беразе рова лес канчаўся, а на другім баку ішла ўжо бязлесная мясцовасць. Людзі спусціліся ўніз і адразу заўважылі, што тут яны могуць мець вельмі добры прытулак. Стромкі бераг рова ў адным месцы стварыў нібы страху. Можна было схавацца і ад дажджу, і ад ветру. З другога боку ўвесь дзень грэла сонца, якому не перашкаджалі дрэвы. На два крокі ніжэй бегла чыстая вада. Адным словам, прытулак на славу.

Некалькі дзён пражылі яны на гэтым месцы. Хадзілі «на пашу» ці паляванне і зноў збіраліся дамоў. Усё было б добра, але з кожным разам трэба было адыходзіць усё далей і далей, бо спажывы блізка ўжо не хапала. Але пакуль можна было, яны трымаліся на адным месцы.

Аднаго разу зранку іх разбудзіў нейкі грукат, нібы зямля трэслася. Часам сыпаўся пясок на галаву.

Людзі ўстрывожыліся, пачалі прыслухоўвацца, але ніякай небяспекі не было відаць. І вось пачуўся страшэнны трэск, абвалілася зямля, шаснула ўніз верхавіна дрэва, а за ёй паляцела нейкая гара і заваліла роў.

Каб гэта адбылося на некалькі крокаў бліжэй, нашы людзі прапалі б, а цяпер толькі некаторых трохі засыпала ды дрэва закрыла іхнюю пячору. Яно ўбілася верхавінай уніз, а вывернутае карэнне трымалася на беразе.