Разбойнікі былі пераможаны. Паранены мастадонт сядзеў на задніх нагах і стагнаў. Таварышы круціліся ля яго, абнюхвалі, краталі хобатамі, нібы стараліся дапамагчы ўстаць.
Але ён слабеў усё больш і больш. Праз некаторы час ён грукнуўся на зямлю.
Доўга яшчэ стаялі ля яго мастадонты, а потым сумна пайшлі ў лес.
А на месцы бойкі засталіся нібы горы ад трох волатаў.
А потым выпаўз кракадзіл; зразумела, аднекуль з'явіліся і гіены.
І ўсю ноч спалоханыя людзі чулі бурчанне і тузаніну ля трупаў.
А назаўтра ўжо прыйшла і іх чарга.
І зноў настаў час, калі не трэба было клапаціцца аб спажыве. Можна было звярнуць увагу і на забаву. Так, напрыклад, бадай усе мужчыны выбралі сабе добрыя цацкі з касцей, мусіць, такіх звяроў, як гэтыя загінуўшыя. Бо цацкі гэтыя былі вялізнымі ёмкімі кіямі, з якімі мужчыны амаль не разлучаліся і, такім чынам, прывыкалі мець пры сабе сталую, пэўную зброю.
Для рэзання мяса ўжывалі вострыя каменьчыкі, косці і чарапашкі, але самае галоўнае - свядома выбіралі вастрэйшыя. Гэта ўжо быў вялікі крок наперад.
Мала таго, гэтыя «нажы» яны ўжо не кідалі, а захоўвалі ў сябе дома. Такім чынам з'явілася першая хатнегаспадарчая прылада.
Аднаго разу апаўдні людзі ляжалі ў цяньку і назіралі, як шасцігадовы хлопчык гуляў ля вады. Раптам з'явілася галава кракадзіла і, разявіўшы рот, пасунулася да дзіцяці.
Мігам ускочыла некалькі людзей са сваімі кіямі-касцямі, падбегла да вады ў самы апошні момант і аглушыла кракадзіла трыма добрымі ўдарамі па галаве. Завярцелася гадзіна і, ледзь кратаючыся, папаўзла назад.
Крык задавальнення вырваўся з усіх грудзей. Нешта падобнае да ўсмешкі з'явілася на тварах. І многа гукаў-слоў вырвалася з іх вуснаў.
Цяпер ужо чалавек ведаў, што такое зброя!
Уначы людзі былі разбуджаны нейкім асабліва моцным, але глухім грукатам. Нават зямля затрэслася, і абвалілася частка берага.
З жахам паўскаквалі з месц, выбеглі, прыгледзеліся, прыслухаліся - нічога, усё па-ранейшаму. Ноч цёмная, але ціхая, толькі недзе далёка відаць навальніца.
Трывога была дарэмная; людзі зноў паклаліся спаць і праспалі ўсю ноч спакойна, хоць усё ж такі і чулі праз сон той самы гул.
Прыйшоў дзень, гарачы, але цьмяны: нібы сухі туман, нібы пыл насіліся ў паветры. Але самае дзіўнае з'явішча адбывалася на рацэ.
Яна зменшылася бадай што напалову, і над вадой стаяў густы, белы туман, які з цягам часу не толькі не разыходзіўся, але ўсё больш гусцеў.
Па беразе ўзад і ўперад хадзіў бегемот і трывожна рыкаў. Толькі кракадзіл весела плюхаўся ў вадзе, але праз некаторы час і ён уцёк і схаваўся ў чаротніку.
Потым пачаліся скокі рыб. То там, то сям вытыркаліся з вады іх галовы, чым далей - усё часцей і вышэй, і нарэшце рыбы ўсёй масай заскакалі па рацэ. І адкуль толькі набралася іх столькі! Аніводнай пядзі вады не было спакойнай. Шмат павыкідалася на бераг, іншыя перавярнуліся ўверх чэравам і плавалі, нібы мёртвыя.
Людзі зараз жа кінуліся лавіць рыбу, але з крыкам адскочылі назад: вада была гарачая!
Недаўменна пазіралі яны на гэта дзіўнае з'явішча, нібы пытаючыся адзін аднаго: што гэта за цуд такі? Але гэта не перашкодзіла ім прыняцца за рыбу. Праўда, яна была яшчэ недавараная, але ўсё ж такі смачнейшая за ўсё тое, што яны елі да гэтага часу.
Тым часам скокі рыб спыніліся зусім, і вада пакрылася пластам мёртвае рыбы.
Шчодрая прырода пачаставала людзей такой юшкай, якой ніхто яшчэ не еў і не бачыў.
І людзі так наеліся, што ледзь валаклі ногі. Яны ўжо не дзівіліся, не цікавіліся незвычайнай з'явай. Па-першае, таму, што не ўмелі разважаць, а па-другое, чаго тут яшчэ разважаць? Бяры і еш, калі такі ласунак трапіўся!
Чым жа тлумачыцца гэтае дзіўнае з'явішча?
Кіламетраў за шэсцьдзесят адсюль, там, дзе на небасхіле дыміліся горы, пачаў дзейнічаць вулкан. Лававы паток павольна папоўз у даліну, дзе працякала рака, і ўвайшоў у ваду. Забілася, засіпела вада, і густая белая пара запоўніла даліну. Лава няўхільна пасоўвалася ўсё далей і далей; вось яна на сярэдзіне ракі. Але што там рабілася - праз пару нельга было бачыць. Ды мы і самі можам сабе гэта ўявіць.
А лава ішла сабе далей, перайшла на другі бераг і ўпёрлася ў той бок даліны. Стварылася незвычайная грэбля, праз якую і палілася вада. Цяжка апісаць, што там адбывалася. Але далей рака была ўжо гарачай...
Зажылі нашы людзі, як... людзі! Але... ненадоўга.
Праз дзень рыба была ўжо не такая смачная, праз другі - пачала смярдзець, на трэці трэба было ўцякаць ад яе. А калі дадаць да гэтага яшчэ пах ад забітых волатаў, якія да гэтага часу зусім загніліся, то стварылася такое пекла, якога нават самыя непераборлівыя жывёлы не маглі б вытрымаць. Апрача таго, і піццёвай вады не было, бо ручай у рове цёк толькі ў час дажджу.