Выбрать главу

Як ні цярпелі людзі, як ні трымаліся, а нарэшце ўсё ж павінны былі пакінуць гэты багаты куток, дзе яны правялі столькі шчаслівых дзён і дзе яны зрабілі значны крок у сваім развіцці.

Калі яны адыходзілі, дык толькі ў чатырох чалавек была ў руках зброя, ды і то толькі таму, што гэта былі вельмі цікавыя кіі-косці.

Уся ж астатняя прылада засталася на месцы. Не было ў іх ні кішэні, ні торбы, ні вяроўкі для яе, а каб трымаць проста ў руцэ, трэба было ўвесь час памятаць, што яна калісьці яшчэ будзе патрэбна. А гэта ўжо не такая простая справа.

Патрабаваць ад іх, каб яны пэўна думалі аб будучым, яшчэ нельга было. Досыць ужо таго, што яны навучыліся думаць аб сучасным.

VIII Блуканне па лесе. - На лузе. - Смажаны трус. - Гульня з агнём. - Пажар. - Ноч ля вогнішча. - Зноў у пячоры. - Неспадзяваная сустрэча. - Смех пераможцаў.

Паглядзім, што тым часам было з пакінутымі ў лесе хлопцамі.

Няма чаго і казаць, што адчувалі яны сябе вельмі дрэнна. Недаўменна круціліся навокал, кідаліся ва ўсе бакі, зноў варочаліся, пакуль голад не прымусіў іх прыпыніць пошукі і прыняцца за харчаванне.

Яны не маглі парадзіцца, выбраць хоць які-небудзь, але пэўны кірунак. Яны толькі трымаліся адзін аднаго ды сноўдаліся без сэнсу. І калі надышоў вечар, яны былі не надта далёка ад месца начлегу.

Пад вечар адзіноцтва і жудаснае пачуццё ахапілі іх яшчэ мацней, і яны яшчэ да цямна ўзабраліся на дрэва як мага вышэй.

Так яны блыталіся па лесе дзень за днём. І гэтыя дні самастойнага жыцця надалі ім вопыту больш за ўсе папярэднія гады. Раней ім толькі і клопату было, што кінуцца на дрэва, калі раздасца трывожны крык. А цяпер яны самі павінны былі дбаць і дбалі нават больш, як трэба: ад кожнага шолаху, трэску, гуку яны кідаліся ўбок, як зайцы; ад якой-небудзь казы ратаваліся, як ад тыгра. Затое сапраўды страшны звер не паспяваў нават і ўбачыць іх.

Дзякуючы ўсяму гэтаму, яны адчувалі такую блізкасць паміж сабой, аб якой раней і не ведалі. Ні на адзін крок не адыходзілі яны адзін ад аднаго і навучыліся па выгляду, руху разумець, што кожны з іх думае.

І разам з гэтым папоўніўся розум, з'явілася яшчэ некалькі новых слоў. Бесталковая палахлівасць паступова змянялася на больш спакойную асцярожнасць, уважлівасць і некаторае разважанне.

Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай.

Але лягчэй нам разважаць, чымся на справе праходзіць такую школу... Колькі перацярпелі хлопцы за гэты час! Колькі разоў яны ледзь-ледзь не загінулі! Колькі нагаладаліся, нахаладаліся.

Некалькі тыдняў працягнуліся для іх, як некалькі гадоў. Ім здавалася, што яны ўвесь век так жывуць, і ранейшае жыццё было далёкім сном.

Аднаго разу яны выйшлі з лесу і ўбачылі перад сабою мясцовасць, падобную да той, дзе яны калісьці, разам са сваімі, знайшлі часовы прытулак у пячоры. Узвышшы чаргаваліся з далінамі, а на небасхіле відаць былі ўжо горы. Хлопцы выйшлі на зялёны, заліты сонцам луг.

Тут таксама было нямала жывёл, але яны значна адрозніваліся ад лясных. Спачатку хлопцы адчувалі сябе вельмі дрэнна, бо не было як схавацца, каб хто захацеў на іх напасці. Але звяры здаваліся больш міралюбнымі, як у лесе, і ніхто не збіраўся на іх нападаць.

Раптам да іх падбег нейкі звер, нібы конь, толькі меншага росту ды на нагах у яго былі тры пальцы: сярэдні большы, а ззаду два меншыя, і на кожным пальцы па капыту. Гэта быў гіпарыён (або гіпатэры), продак нашага каня*.

* Паходжанне каня найбольш дакладна даследавана навукай. Па знойдзеных касцях выразна можна прасачыць, як ад першага продка з пяццю пальцамі развіўся сучасны конь з адным капытом.

Хлопцы кінуліся ад яго ўбок, а ён - ад іх: адзін аднаго спалохаліся. Потым падышоў яшчэ адзін звер з доўгай шыяй і спакойна стаў разглядаць нашых хлопцаў. Сустракаліся і яшчэ розныя жывёлы, нібы каровы, авечкі, але ўсё нейкія дзіўныя, мы б цяпер сказалі, мяшаныя: нібы каза, але без рог і з доўгім хвастом; нібы карова, але зубы, як у свінні; нібы свіння, але ногі, як у мядзведзя, і гэтак далей.

Гэта ўсё былі продкі нашых сучасных жывёл. Яны тады былі, так сказаць, яшчэ не падзяліўшыся, і ад адной і той жа жывёліны потым пайшлі патомкі - і козы, і авечкі, і каровы, у залежнасці ад таго, каму ў якіх умовах трапілася жыць.

Для нашых жа хлопцаў самае галоўнае было тое, што ўся гэтая жывёла была траваедная, не драпежнікі. Яны сабе пасвіліся на лузе і нічым не пагражалі. Хлопцы супакоіліся, асмялелі і адчувалі сябе значна лепш, як у цёмным, небяспечным лесе.