Выбрать главу

Але ж затое спажывы для іх тут было мала. Хоць было шмат мышэй і нейкіх трусоў, але злавіць іх у полі вельмі цяжка. Пачалі яны каштаваць тую ці іншую траву, сёе-тое карэнне, але нічога добрага не знайшлі. Праўда, некалькі разоў трапіліся ім нейкія каласкі з зярняткамі, якія вельмі ім спадабаліся, але наесціся ад гэтых паасобных каласкоў не было магчымасці.

І пачалі тады хлопцы ганяцца за трусам. Голад прымусіў іх ганяцца доўга, упарта, пакуль трус не зморыцца. Так загналі яны яго ў кут, дзе лагчына звужалася і пераходзіла ў голую камяністую пляцоўку.

Пляцоўка была невысокая, даволі роўная, але неяк зморшчаная, нібы зацвярдзелая каша. Хлопцы тым часам дужа змарыліся, асабліва давала сябе адчуваць гарачыня, якая, здавалася, ішла ад самай гэтай каменнай плошчы.

Загнаны ў кут трус, не маючы куды дзецца, ускочыў на каменне і пачаў вырабляць такія скокі, што хлопцы спыніліся і разявілі раты.

Трус падскакваў як шалёны, ні на адзін момант ён не спыняўся на зямлі; ледзь толькі дакранецца, як адразу ж зноў скокне як мага вышэй.

Праз некалькі хвілін ён пачаў слабець, перакульвацца, але свае скокі не спыняў да таго часу, пакуль ужо зусім не змог падняцца.

Тады пачалося новае дзіва: трус задыміўся.

Дым павялічваўся, гусцеў, а праз хвіліну поўсць запалілася ўжо агнём.

І адразу хлопцам успомнілася тое дзіўнае стварэнне, якое яны калісьці бачылі ў лесе.

Поўсць абгарэла, агонь згас, але справа не скончылася: трус пачаў шкварыцца, сіпеў, трашчаў, як на патэльні. Прыемны пах заказытаў у носе ў галодных хлопцаў. Яны рынуліся да труса, але са страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так укусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела.

А між тым смачны смажаны трус ляжаў зусім блізка, крокі на два ад краю, і вабіў сваім прыемным пахам. А голад так мучыў! Надыходзіў ужо вечар, а хлопцы за ўвесь дзень пажывіліся толькі некалькімі зярняткамі ды казюлькамі.

Становішча было нясцерпнае. Галовы напружваліся, каб што-небудзь надумаць, і вось трапіла ў вочы абгарэлае галлё, рэшткі нейкага хмызняку. Адразу прыпомніліся ранейшыя гульні і розныя прыгоды з такім самым галлём...

А праз некалькі хвілін хлопцы дубцамі прыцягнулі да сябе смажаніну*.

* Чытачы, мусіць, ужо здагадаліся, што каменная пляцоўка была з лавы, якую нядаўна выліў вулкан. А што азначае слова «нядаўна», можна ўявіць сабе з наступнага прыкладу: у Цэнтральнай Амерыцы аднаго разу падарожнікі запальвалі папяросы ад лавы, якая была выкінута вулканам... 37 гадоў назад.

З якім смакам першы раз за сваё існаванне чалавек пад'еў смажанага мяса!

Надыходзіў вечар, у паветры рабілася халадней, затое як прыемна, цёпла і прытульна было ля гэтай печы.

Гуляючы, хлопцы пачалі кідаць на лаву галінкі, і... яны загараліся светлым полымем, такім самым, як калісьці ў лесе. Асвятлілася мясцовасць навакол, асвятліліся твары хлопцаў, і разам са святлом засвяцілася на іх нібы ўсмешка.

Вось агонь пагас, і зноў зрабілася цёмна і непрытульна. Тады зноў падкінулі галля - і зноў стала светла.

Значыцца, можна самому зрабіць гэты агонь, па свайму жаданню?!

Гэтае пачуццё, як хваляй, заліло ўсю істоту хлопцаў. Яны ўжо наўмысля давалі агню згаснуць, а потым зноў яго выклікалі.

Некалькі жывёлін наблізілася, спынілася і здзіўлена наглядала, што вырабляюць гэтыя невядомыя маленькія двухногія стварэнні.

Раз яны паклалі досыць доўгую галіну, а калі запаліўся адзін яе канец, узяліся за другі, - і... агонь апынуўся ў іх уласных руках. Махнулі яны палаючай галінай раз, другі. Як заравуць жывёліны, як кінуцца прэч. А хлопчыкі так весела закрычалі, што, здавалася, гэта быў ужо рогат пераможніка-чалавека.

Адламалася маленькая гаручая галінка, звалілася на зямлю. Падсунулі да яе другую галінку, і - агонь пераскочыў на яе. Падсунулі яшчэ адну - таксама.

А праз хвіліну на зямлі было вогнішча, першае вогнішча, зробленае рукамі чалавека.

Таксама гуляючы, перакінулі галінку на другое месца і там зрабілі другое вогнішча.

Забыліся хлопцы і на зморанасць, і на сон. Толькі і думалі, каб знайсці дзе галінку ды падкінуць у агонь. Добра яшчэ, што больш-менш знаходзілася галля, ды яшчэ сухога. Відаць, у гэтай лагчыне рос хмызняк перад тым, як лава яго заліла.

І калі хлопцы пазбіралі ды спалілі ўсё бліжэйшае галлё, тады толькі яны паваліліся на зямлю і паснулі.

Прачнуліся позна. Адразу ж успомнілі пра ўчарашнія падзеі і зноў паспрабавалі выклікаць агонь. І агонь паслухмяна з'явіўся.

Але пасля ўчарашняй вячэры адчувалася страшэнная смага. А бліжэйшая вада была досыць далёка, каля лесу, адкуль яны ўчора прыйшлі. Як ні цярпелі, але не маглі вытрымаць і павінны былі ісці шукаць вады.