Доўгі час людзі нічым не адрозніваліся ад малпаў, а яшчэ раней, - наогул ад жывёл. Можа, выпадкова іх дзяды трапілі ў іншыя ўмовы жыцця, дзе давялося больш быць на зямлі, чымся на дрэвах, дзе рукі іх пачалі прывыкаць да другой працы, дзе ім трэба было больш папрацаваць мазгамі, - і патомкі іх ужо крыху пачалі адрознівацца ад іншых сваякоў.
Доўгі час гэтыя адзнакі былі вельмі нязначнымі. Але паступова яны рабіліся ўсё болей і болей выразнымі. І нарэшце прыйшоў такі час, калі ясна стала відаць, што гэтыя істоты - не звяры.
А калі прыпомнім, што на нашых вачах, на працягу малога часу, чалавек можа зусім змяніць пароду жывёл, паставіўшы іх у іншыя ўмовы жыцця, калі мы звернем увагу, што тая самая жывёла і нават сам чалавек і цяпер у розных месцах, пры розных умовах жыцця, набываюць інакшы выгляд, - тады ўсім нам будзе ясна, што на працягу мільёнаў год змены павінны быць дужа значнымі. Гэта і даводзіць нам навука аб гісторыі чалавека.
* * *
Гурток складаўся з 25-30 асоб. Тут былі і жанчыны з дзецьмі на руках і на карку, і падлеткі, і мужчыны рознага ўзросту, у тым ліку адзін стары.
У руках яны нічога не мелі, нічога не неслі. Яны жылі яшчэ таксама, як усе іншыя жывёлы: вандравалі з месца на месца, шукаючы корму.
Адны выграбалі рукамі нейкія карэнні, другія шукалі на дрэвах плады, трэція стараліся злавіць і знайсці што-небудзь жывое: чарвяка, жука і гэтак далей.
Нялёгка было напасвіцца такім чынам. Шмат часу трацілася на гэты падвячорак. І ніводным словам яны яшчэ не перакінуліся паміж сабой.
Пасля адзін за адным пачалі збірацца на палянку, каб адпачыць. Усеўшыся на карачкі, яны моўчкі глядзелі наперад і, здаецца, ні на што не зварачалі ўвагі. Ціха было каля іх. Толькі дзеці, гуляючы, часам узвізгвалі. Ад дарослых жа не чуваць было аніводнага слова.
Можа, яны нямыя?
Не, не нямыя яны, а проста не ўмеюць яшчэ гаварыць.
І нічога дзіўнага ў гэтым няма. Мы ведаем, што малыя дзеці не адразу пачынаюць гаварыць. А калі пачынаюць, дык толькі таму, што ўвесь час каля сябе чуюць гаворку. А каб яны ні ад каго не чулі ніводнага слова, тады і не ведалі б мовы.
Ад каго ж мог пачуць мову першы чалавек? Значыцца, ён і не мог навучыцца. Ды каб ён цяпер нават пачуў мову, то ўсё роўна навучыцца б не мог, бо язык яго яшчэ не прыстасаваны да таго, каб гаварыць. Праўда, некалькі слоў, калі можна так назваць некаторыя іхнія гукі, яны ведалі. Напрыклад, яны добра ведалі слова «га», якое звычайна вымаўляў важак, калі даваў знак ісці далей ці папярэджваў аб небяспецы, ці наогул хацеў звярнуць увагу сваіх сяброў на якую-небудзь з'яву.
Каб перакласці гэты гук на нашу мову, то ён азначаў бы разам шмат нашых слоў, напрыклад: «Увага! Сюды! Збірайцеся! Глядзі! Ідзём! Сцеражыцеся! Слухайце! Стой! Пачакайце! Цішэй!»
Сонца пяшчотна асвятляла палянку. Людзі спакойна адпачывалі і, здаецца, адчувалі сябе прыемна. Дзеці бегалі, гулялі. Маткі даглядалі сваіх маленькіх дзяцей, выбіралі з поўсці трэсачкі альбо яшчэ што.
Але дзіўная рэч: усе яны чамусьці былі нейкія сумныя. За ўвесь час ніхто з іх яшчэ ні разу не ўсміхнуўся. Нават маткі песцілі сваіх дзяцей неяк сурова. А хлопчыкі гулялі, бегалі, куляліся, нібы выконвалі якую сур'ёзную работу. А разам з тым відаць было, што яны адчуваюць сябе досыць добра.
Што такое з імі здарылася?
Нічога. Проста яны яшчэ не ўмелі смяяцца.
Умовы іхняга жыцця былі такія, што вельмі мала было прычын, якія б спрыялі развіццю гэтай здольнасці. Сярод лясных жыхароў нашы людзі былі самыя слабыя, самыя няшчасныя. Яны не маглі памерацца сіламі з вялікімі звярамі. Не мелі тых зубоў і кіпцюроў, што маюць драпежнікі. Нават бегаць не маглі так хутка, як бегаюць некаторыя жывёлы. Кожны звер, які цяпер і духу чалавечага баіцца, тады мог пакрыўдзіць чалавека. А як было пракарміцца, пражыць? Не да смеху тут...
А здольнасць смяяцца, як і ўсё іншыя здольнасці, не звалілася сама з неба. На гэта таксама патрэбны і доўгі час і адпаведныя ўмовы. Недарма ж да нашага часу ніводная жывёліна не навучылася яшчэ смяяцца.
Сярод гуртка вызначаўся адзін мужчына трохі вышэйшага росту, відаць, дужэйшы за іншых і нават, здавалася, нібы з твару разумнейшы. Гэта быў павадыр, важак гуртка.
Ніхто яго, вядома, не выбіраў, не прызначаў. Склалася яно само сабой, калі ён у бядзе першы кідаўся на ворага, калі ён першы заўважаў небяспеку, папярэджваў аб ёй, калі ён клапаціўся аб усім гуртку. У такія мінуты кожны быў яму ўдзячны, слухаўся яго, - і такім чынам ён зрабіўся важаком.