Выбрать главу

І толькі пад вечар, калі ў пячоры зрабілася цёмна і непрытульна, тады толькі сябры адчулі, што цяпер агонь вельмі будзе дарэчы.

І праз некаторы час у пячоры весела патрэскваў агонь...

Але тут выявілася яшчэ адна цяжкасць: яны ўжо добра ведалі, што агонь трэба падтрымліваць, што трэба падкідаць дрэва, - вось яны і хадзілі кожны раз за кавалкам дрэва толькі тады, калі агонь пачынаў гаснуць.

Назапасіць апалу наперад яны яшчэ не маглі. Так яны мучыліся гадзіны са дзве, пакуль самі абставіны не прымусілі іх зрабіць некаторы запас. Зараз жа пасля гэтага яны абодва паснулі.

Праз некаторы час «у дзверы» асцярожна прасунулася галава нейкага чалавека. З цікавасцю паглядзеў ён на агонь, але яшчэ з большай цікавасцю на двух спячых хлопцаў. Потым чалавек ціхенька ўвайшоў усярэдзіну, а за ім выглядала яшчэ некалькі галоў.

Падышоў чалавек, прыгледзеўся да хлопцаў і раптам нешта закрычаў вясёлым голасам. Спалоханыя хлопцы паўскаквалі спрасонку і пазналі павадыра, а за ім усіх сваіх.

Незвычайны гоман падняўся ў пячоры. Гаварылі ўсе разам, калі можна назваць гаворкай тыя гукі, якіх нават не разумеў і той, хто іх казаў. Але ўзрушанае пачуццё патрабавала выхаду, і гэтым выхадам з'яўляліся ўсе гэтыя гукі, рухі, кліч. Сярод гэтых гукаў-слоў вызначалася слова «О-О», якое азначала агонь і якое ўсе разумелі.

Маладыя гаспадары падкінулі галля, госці расселіся навокала. Усе былі радасныя, вочы блішчалі, праз твары праціскалася ўсмешка задавальнення.

Раптам ля ўвахода раздаўся грозны рык ільва.

Людзі шарахнуліся ў кут і скамянелі.

Але Ра ўхапіў палаючую галіну і смела кінуўся ўперад. Леў неяк жаласна піскнуў і знік у цемры.

Людзям адлягло ад сэрца, і на тварах іх засвяціўся першы смех...

Гэта засмяяўся Чалавек-Пераможца.

А леў і ўсе яго таварышы не могуць засмяяцца і да гэтага часу...