Выбрать главу

Ён стаяў, абапёршыся аб дрэва, і, здаецца, нешта такое думаў. Але ці мог ён наогул думаць так, як мы гэта сабе ўяўляем?

Вядома, не. Калі мы прыслухаемся да сябе, то заўважым, што нашу думку выклікаюць словы. Мы думаем словамі, мы як быццам словамі ў думцы гаворым. А калі ён не ўмеў гаварыць, значыцца, не ўмеў і думаць. У яго галаве мільгалі нейкія няясныя вобразы, але звязаць іх у адну складную думку ён не мог, як не мог выказаць яе словамі.

Вось каля яго пакруціўся дванаццацігадовы хлопчык, яго родны сын. Павадыр паглядзеў на яго, у вачах нешта засвяцілася, нібы ён хацеў штосьці прыпомніць, але зараз жа гэта прайшло, - і бацька зноў забыўся, што гэта яго сын.

Раптам у лесе нешта шаснула - і на палянку выскачылі дзве казы. Угледзеўшы чужых, яны спыніліся ў здзіўленні, а ў гэты самы момант некалькі мужчын кінулася да іх. Але рукі толькі слізганулі па поўсці - і жывёлы зніклі. Нялёгка было нашым людзям паляваць з голымі рукамі.

Такая няўдача, відаць, засмуціла іх. Хоць твары і нельга было назваць свядомымі, але ж і на іх адбілася нейкае расчараванне.

Разам з тым прачнуўся голад, і яны зноў пайшлі шукаць спажывы. На гэты раз нейкія шчасліўцы знайшлі нават птушынае гняздо з яечкамі ды злавілі крата.

На адну жанчыну натрапіў звярок, падобны да нашага пацука. Угледзеўшы небяспеку, ён скруціўся ў вузел і прыкінуўся мёртвым. Але гэта не памагло. Жанчына ўсё роўна ўхапілася за яго, адразу разарвала і пачала есці. Зубамі яна адрывала кавалкі і давала свайму дзіцяці.

Звярок быў так званы «сумчаты» пацук, які яшчэ і цяпер жыве ў Паўднёвай Амерыцы, у Аўстраліі. Парода сумчатых з'яўляецца адной з самых старадаўніх. Яшчэ і цяпер захавалася некалькі відаў, да якіх належыць, напрыклад, вядомы аўстралійскі кенгуру. Усе яны маюць тую асаблівасць, што самкі даношваюць сваіх дзяцей у асобай сумцы, якая мае выгляд кішэні і знаходзіцца на грудзях самкі.

Тым часам надыходзіў вечар. Трэба было падумаць пра начлег. Не першы раз былі людзі ў такім становішчы, і яны добра ведалі, што самым бяспечным месцам у гэтым выпадку з'яўляецца дрэва.

Адзін за адным палезлі яны на шырокі дуб. У гушчыні яго знайшлося досыць зручных месцаў, нават для жанчын з дзецьмі.

Некаторы час чуўся трэск і шолах сярод галін, потым усё сцішылася. Людзі «паляглі» спаць.

Ішла ноч, цёмная, парная. У лесе пачалося другое, начное жыццё. Прарэзліва крыкнула нейкая птушка; зазвінелі камары і мошкі. Дзесьці забрахала гіена, і здалёку пачуўся рык ільва.

Потым пачаў набліжацца нейкі страшэнны шум, нібы землетрасенне якое. Усё бліжэй, бліжэй. Можна было сказаць, што гэта ломяцца дрэвы і, відаць, дрэвы не малыя. Па лесе ішоў цяжкі тупат, ад якога ўздрыгвала зямля.

Людзі ўстрывожыліся, заварушыліся.

Вось грукнула бліжэйшае дрэва, і верхавіна яго павалілася проста на дуб. Узняўся крык, пісканіна - некалькі чалавек звалілася на зямлю.

Тыя, што зваліліся, толькі ўгледзелі, што каля іх прайшлі нейкія жывёлы, вялізныя, як горы...

Шум і трэск паступова сцішыліся. Жывёлы прайшлі. Людзі зноў палезлі на свае месцы. Добра яшчэ, што ніхто не пацярпеў. Супакоіліся.

Але на захадзе зноў пачало грукацець. Гэта ўжо набліжалася навальніца. Усё святлей бліскала маланка, усё мацней грымеў гром, - і ўрэшце ён так грукнуў над галавой, што ўсе людзі пасыпаліся на зямлю. А тады пайшоў заліўны дождж.

Можна сабе ўявіць, што павінны былі перажыць нашы людзі. Вядома, яны і да гэтага часу сустракаліся з такой з'явай, але зразумець яе, нават проста прывыкнуць яны, пэўна, не маглі і кожны раз палохаліся зноў.

Гэты бляск, гэты грукат, гэтая таемная сіла - там, дзесьці высока на небе, - кожны раз выклікалі ў іх той жах перад невядомай магутнай сілай, ад якога пазней нарадзіліся ў дзікуноў рэлігіі.

Дождж ішоў усю ноч. Людзі туліліся пад дрэвамі, дрыжалі ад холаду, і, здавалася, ніколі не будзе канца гэтай цемры...

Так пачынаў чалавек сваё жыццё. Той чалавек, які цяпер лётае ў паветры, плавае пад вадой, перагаворваецца праз усю зямлю з другімі людзьмі, кіруе прыродай.

Той, які сваім розумам і працай дайшоў да ўсяго, што мы маем...

II У дарозе. - Забыты!.. - Смерць ад насарога. - Паляванне голымі рукамі. - Баляванне.

Дождж спыніўся толькі раніцою.

З якой радасцю сустрэлі нашыя людзі першыя праменні сонца! Нават іх морды неяк скрывіліся ад прыемнасці. Гэта былі першыя пачаткі, першыя спробы ўсміхнуцца. Але нам на гэта нават брыдка было б глядзець.

Сонца падымалася; рабілася ўсё цяплей. Людзі павылазілі на сонца, грэліся, сушыліся, некаторыя зноў пачалі засынаць. Але голад быў мацней за сон. Трэба было ісці далей.