Адзін музыка – з выгляду башкір, вочы вар’ята, без веек, чэрап грушай – кіўнуў на ўсё гэта, з выразам жахлівай грэблівасці растапырыў сухія, пачварныя, патоўшчаныя на канцах пальцы, падобныя на палачкі ў руках у барабаншчыка, – як васковыя сімвалы таямнічай звыраднеласці.
Пасля на спявачку скокнула нейкая фантастычная жанчынападобная гермафрадытычная істота з доўгімі звіслымі бяскостнымі пальцамі і застыла ў танцавальнай позе.
Літаральна асвяжальным аддыхам было, калі акурат падчас такой паўзы знярухомленасці з-за ружовай шаўковай заслоны з глыбіні сцэны два маўры ўнеслі зачыненыя мары з сандалавага дрэва і паставілі іх каля бутлі, на якую цяпер раптам палілося бляклае, як бы месяцавае святло.
Цяпер гледачы, так бы мовіць, падзяліліся на два лагеры: адны, няздольныя паварухнуцца і анямелыя, цалкам пад уладай гэтай фантастычнай вампірна-загадкавай пантамімы марыянэтак, з якое струменіліся дэманічныя флюіды атрутнай, невытлумачальнай асалоды, другая тым часам група, занадта няздатная на такога роду душэўныя перажыванні, ніяк не магла астыць, гледзячы на пацешныя выкрунтасы і падкіндэсы чалавека ў бутлі.
А гэты хоць ужо і перастаў уцінаць свае вясёленькія скокі, але і яго цяперашнія паводзіны здаваліся ім не менш камічнымі. Усімі даступнымі спосабамі ён высільваўся давесці да цяму прынцу, які сядзеў на бутлі, пра нешта звонку, што, відаць, падавалася яму мусова неадкладным. Так, ён біўся аб шкло, нарэшце пачаў на яго кідацца, быццам хацеў разбіць яго альбо нават перакуліць тую бутлю. І выгляд быў у яго, як бы ён на ўсё горла крэчма крычаў, хоць, вядома ж, ані віску, ані піску не пранікала за тоўстые шкло вонкі.
На пантамімічныя вычварэнні і грымасы П’еро перс час ад часу адказваў смехам альбо паказваў пальцам на мары.
Цікаўнасць публікі дайшла да апагею, калі пры такой акалічнасці было заўважана, што П’еро даволі падоўгу прыціскае твар да шкліны, як бы спрабуючы нешта разгледзець на марах, калі раптам ён, як вар’ят, заламаў рукі над галавою, нібы ўбачыўшы-такі штосьці агіднае і, рвучы на галаве валасы, кінуўся на калені. Пасля падхапіўся і з такой хуткасцю папёр у бутлі ўздоўж сценкі, што ўжо відаць былі не грымасы, а толькі светлая паласа ад белай апраткі.
Вялікае ж было і недаўменне ў публіцы, усе круцілі сабе галаву, што там яму такое памроілася з тою “дамай на насілках-марах”; можна было лічыць за верагоднае, што белы твар быў прыціснуты да шкліны і нерухома ўзіраўся праз бутлю, усё астатняе ж было ў цяні, і заставалася толькі здагадвацца.
– І які ж бо толькі сэнс мае быць у гэтым лялечным тэатры, – шапнуў блакітны даміно і баязліва прытуліўся да “мефістофеля”. – Узбуджана і прыглушанымі галасамі людзі абменьваліся думкамі. – Проста так людскага сэнсу гэтая штука не мае, толькі рэчы, якія не азначаюць нічога, звязанага з мазгамі, маглі б знайсці прыхаваны доступ да душы, – сказаў адзін – вогненная саламандра – і так, як што бываюць людзі, якія, убачыўшы вадзяністыя выдзяленні з бяскроўнага трупа, у эратычным чадзе, выдаюць з сябе бяссілыя крыкі экстазу, дык бываюць, вядома ж, і…
– Карацей, – асалода і жудасць растуць на драўніне, – умяшаўся кажан, – але паверце мне, я дрыжу ўсім целам ад узбуджэння, у паветры завісла нешта невыказна вусцішнае, чаго я ніяк не магу атрэсці з сябе, яно зноў і зноў аблягае мяне, як ваўняная хустка. Ці не ад лялечнай гульні гэта? Я кажу – не; на мяне струменіцца ад прынца Дарашэ-Кога. Чаму ён сядзіць там, здаецца, так безудзельна, угары, на бутлі? І ўсё-такі часам па ягоным твары прабягае як бы дрыготка! Нешта злавеснае адбываецца перад намі, я дазволю сабе не прымаць гэтага.
– Думаю, я выдабыў з гэтага пэўнае сімвалісцкае значэнне, і да яго дужа добра пасуе, што ты толькі што сказаў, – умяшаўся ў гаворку Меланхтон, – ці ж бо не “чалавек у бутлі” ёсць выява заключанай у чалавеку душы, якая бяссіла вымушана сузіраць, як пачуцці – марыянеткі – дзёрзка бушуюць і пацяшаюцца, і як цяпер усё нястрымна ідзе насустрач распаду?
Гучны рогат і воплескі абарвалі ягоныя словы. П’еро скурчыўся на дне бутлі і абшчаперыў пальцамі шыю. Пасля шырока раззявіў рот, у дзікай роспачы паказаў на свае грудзі і ўгору – і нарэшце ўмольна склаў рукі, нібыта нешта хацеў выпрасіць у публікі.
– Ён хоча піць – ну так, такая велізарная бутля, а ў ёй ані кроплі, – дайце ж яму піць, марыянеткі!– крыкнуў адзін глядач. Усе засмяяліся і запляскалі ў далоні.
Тут П’еро зноў ускочыў, садраў з грудзей белую палатніну, зрабіў рух, як бы пахістваючыся, і ўсім целам грымнуўся на дно бутлі.