Выбрать главу

- Басцiлiя 22-51.

- Ваша iмя?

- Марыета. Марыета Жыбон.

- Дзякуй.

- Усё?

- Пакуль што ўсё.

Лапуэнт i Мэгрэ нырнулi ў машыну. Дождж усё лiў i лiў.

- Збочвай за рог i спынiся, - загадаў камiсар шафёру i дадаў - Лапуэнту: Зараз ты вернешся да гэтай кабеткi. Я забыў у пакоi люльку.

Мэгрэ нiколi i нiдзе не забываў люлькi. Да таго ж, у яго iх заўсёды было з сабою дзве.

- Наўмысна?

- Вядома. Пасакачы з гэтай Марыетай колькi хвiлiн i вяртайся сюды, паказаў Мэгрэ на невялiкi бар i, выйшаўшы з машыны, рушыў да тэлефоннай будкi.

- Люка, гэта ты?.. Аддай адразу ж загад, каб праслухоўвалi нумар Басцiлiя 22-51.

Прытулiўшыся да стойкi бара, Мэгрэ пацiху пацягваў кальвадос i разглядваў фатаграфiю жанчыны. Яго зусiм не здзiвiла, што каханкаю Турэ была жанчына таго ж тыпу, што i ягоная жонка. Але якi ў яе характар? Можа, i ён такi?..

- Вось ваша люлька, шэф.

- Яна не гаварыла па тэлефоне, калi ты зайшоў?

- Не заўважыў. З ёю былi дзве жанчыны.

- Можаш iсцi абедаць. Убачымся ў аддзяленнi.

Мэгрэ назваў шафёру адрас панны Леон. Па дарозе спынiлiся ў кандытарскай, дзе ён купiў скрыначку шакаладных цукерак.

Выйшаўшы перад крамаю панны Леон з машыны, Мэгрэ схаваў цукеркi пад палiто, каб не прамоклi - дождж усё лiў ды лiў.

Камiсар адчуваў сябе нiякавата ў сваiм грубым, змоклым палiто сярод лёгкiх, прыгожых, пушыстых дзiцячых строяў.

- Вашай мацi, - сказаў ён панне Леон, сарамлiва выцягваючы з-пад палiто скрыначку з цукеркамi.

- О, вы падумалi пра яе! Можа, вы ёй самi аддадзiце?

Аднак Мэгрэ палiчыў лепшым застацца ў крамным пакоi, куды хоць трохi трапляла паветра з вулiцы: мо толькi таму, што ён апынуўся тут з дажджу, але яму здалося, што сёння грубка ў памяшканнi напалена яшчэ больш.

- Прабачце, я да вас на хвiлiнку. Я толькi хацеў бы паказаць вам гэтую фатаграфiю.

Ледзь зiрнуўшы на яе, панна Леон усклiкнула:

- Ды гэта ж панi Машэр!

Гэта быў ужо нейкi поспех!

Значыцца, гэтую жанчыну ведалi ў асяроддзi Луi Турэ. Так Мэгрэ думаў раней, i цяпер гэта пацвердзiлася. Такi чалавек, як Турэ, не стаў бы заводзiць знаёмства з выпадковай жанчынаю.

- Адкуль вы яе ведаеце?

- Яна працавала ў Капланаў. Нядоўга. Недзе з паўгода. А чаму вы паказалi яе фатаграфiю?

- Гэта была сяброўка пана Луi.

- А!..

Мэгрэ разумеў, што жанчыне гэта цяжка пачуць, але iнакш нельга.

- У той час, калi яны абое працавалi ў Капланаў, вы нiчога памiж iмi не заўважылi?

- Магу паклясцiся, што нiчога памiж iмi тады не было... Яна працавала на ўпакоўцы - там было дзесяць цi нават пятнаццаць жанчын... Ведаю, што яна была замужам за палiцэйскiм.

- Чаму яна звольнiлася?

- Здаецца, ёй прышлося аперыравацца.

- Вялiкi вам дзякуй. Прабачце, што зноў вас патурбаваў.

- Што вы, зусiм вы мяне не патурбавалi. Скажыце толькi, калi ласка... Пан Луi, ён што, сапраўды меў нешта з гэтай жанчынай?

- Яна прыходзiла да яго ў пакой, якi ён здымаў у Парыжы.

- Я ўпэўнена, што памiж iмi нiчога не было. Яны проста сябравалi.

- Магчыма.

- Калi засталася дакументацыя фiрмы, я дапамагу вам знайсцi адрас гэтай жанчыны. Але ж я не ведаю, што з ёю стала, з дакументацыяй.

- Раз яна была жонкаю палiцэйскага, адрас мы знойдзем. Вы сказалi, яе прозвiшча Машэр?

- А iмя, калi я не памыляюся, - Антуанэта.

- Дзякую, панна Леон. Да пабачэння.

- Да пабачэння.

Мэгрэ спiнаю адчуваў, што жанчына разгублена глядзела яму ўслед.

- У мунiцыпальную палiцыю, - загадаў камiсар шафёру.

У мунiцыпальнай палiцыi Мэгрэ адразу ж накiраваўся ў аддзел кадраў. Праз некалькi хвiлiн яму паведамiлi, што палiцэйскi па прозвiшчы Машэр сапраўды служыў тут сяржантам, але яго забiлi два гады назад у вулiчнай бойцы. Пражываў у той час на вулiцы Даменiль. Удава атрымлiвае пенсiю. Дзяцей няма.

Мэгрэ запiсаў адрас. I, пазванiўшы ў аддзяленне, выклiкаў да тэлефона Люка.

- Ну як, гаспадыня нiкому не званiла?

- Не яшчэ.

- А ёй?

- Ёй - не. Званiлi адной з жанчын, Вользе, наконт прымеркi сукенкi.

Мэгрэ вырашыў паабедаць пазней. Ён выпiў у бары шклянку аперытыву i зноў сеў у машыну.

- На вулiцу Даменiль.

Ехаць прыйшлося доўга. Будынак быў бедны, стары.

- Скажыце, калi ласка, дзе жыве панi Машэр? - спытаўся ён у кансьержкi.

- На пятым паверсе, налева.

Лiфт падымаўся рыўкамi - здавалася, зараз спынiцца мiж паверхамi.

Вельмi чысты дыванчык перад дзвярыма, зiхоткая медная ручка. Мэгрэ пазванiў. Недзе ў глыбiнi кватэры пачулiся крокi.

- Хвiлiнку! - Жанчына, мабыць, надзявала сукенку. Напэўна, гаспадыня была не з такiх, што сустракаюць гасцей у халаце.

Адчынiўшы дзверы, яна моўчкi паглядзела на Мэгрэ.

- Камiсар Мэгрэ.

- Праходзьце.

Было вiдаць, што прыход такога госця ўсхваляваў жанчыну.

Яна была такая, якой i ўяўляў яе сабе Мэгрэ: высокая, мажная, спакойная. Акуратна прычасаныя валасы, строгая сукенка, усе гузiкi зашпiленыя.

Паркет ззяў.

- Я вам тут напэцкаю...

- Нiчога страшнага.

Абсталюнак прыкладна такi ж, што i ў доме Турэ. Амаль такiя ж забаўкi на палiчках. Фатаграфiя палiцэйскага, да рамкi прымацаваны медаль.

- Я прыйшоў пагаварыць з вамi пра пана Луi.

- Я гэтага чакала.

Яна не заплакала, хоць твар у яе быў маркотны.

- Сядайце, калi ласка.

- Дзякую. Вы былi блiзкiмi сябрамi, цi ж не так?

- Ён быў вельмi добры да мяне.

- I толькi?

- Магчыма, кахаў мяне. Ён жа нiколi не быў шчаслiвы ў сям'i.

- Ваша знаёмства пачалося з таго часу, як вы працавалi ў Капланаў?

- Што вы?.. Тады быў яшчэ жывы мой муж.

- I Турэ нават не спрабаваў зблiзiцца з вамi?

- Ён глядзеў на мяне гэтаксама ж, як i на любую iншую жанчыну з нашага аддзела.

- Значыцца, вы сустрэлiся зноў пасля закрыцця фiрмы?

- Так. Месяцаў праз восем-дзевяць пасля смерцi мужа.

- Выпадкова?

- Выпадкова. Мне прыйшлося шукаць працу - вы ж разумееце, на пенсiю ўдавы не пражывеш. Суседка пазнаёмiла мяне з дырэктарам кiнатэатра, i я ўладкавалася бiлецёркаю. Пры жыццi мужа я не працавала, хiба што кароткi час у Капланаў... Скажыце, газеты не будуць пiсаць пра мяне?

- Не. Можаце не баяцца.

- Дырэктар такi строгi, я магу страцiць месца... Дык вось, у кiнатэатры мы з панам Луi i сустрэлiся... Неяк на ранiшнiм сеансе. Ён прыйшоў на фiльм "Вакол свету за восемдзесят дзён"... Я яго пазнала, калi паказвала, дзе сесцi. Ён таксама пазнаў мяне. Нiякай асаблiвай размовы тады памiж намi не было, але з тае пары ён стаў часта прыходзiць да нас i заўсёды на ранiшнiя сеансы. Аднаго разу прапанаваў мне схадзiць з iм у кавярню. Я згадзiлася.

- Ён тады ўжо здымаў пакой на вулiцы Ангулем?

- Думаю, здымаў.

- Ён казаў, што нiдзе не працуе?

- Не. Сказаў толькi, што ўдзень заўсёды вольны.

- I вы так i не даведалiся, чым ён займаўся?

- Не. Я нiколi б не стала ў яго пра гэта пытацца.

- А пра жонку цi дачку ён расказваў?

- Шмат.

- Што менавiта?

- Ведаеце, цяжка перадаць... Калi чалавек няшчасны ў сям'i, ён пра гэта часта загаворвае... Жонка яго праз сясцёр зневажала. У сясцёр мужы добра ўладкаваныя, бясплатны праезд усёй сям'i, пенсiя... Яны ўсе папракалi Луi за тое, што ён не iмкнецца знайсцi што-небудзь лепшае за месца кладаўшчыка...

- Куды ж вы, прабачце, хадзiлi ўдваiх?

- Амаль заўсёды ў адну i тую ж кавярню на вулiцы Сэнт-Антуан. Мы маглi гаварыць гадзiнамi.

- Вы любiце пышкi?

- Адкуль вы ведаеце?

- Я ведаю, што пан Луi купляў iх вам на вулiцы Акацый.

- Гэта было пазней, калi...

- Калi вы сталi хадзiць да яго ў пакой?

- Тады. Ён хацеў, каб я бывала там. Ён называў гэты пакой сваiм закуткам... Вельмi ганарыўся iм...

- Ён не казаў вам, чаму ён зняў гэты пакой?

- Яму хацелася мець свой кут, хоць бы на некалькi гадзiн у дзень.