Кансьержка выпадкова ўбачыла яго ў адзiнаццаць гадзiн ранiцы на лаўцы на бульвары Сэн-Мартэн.
Яна нават не загаварыла з iм, зрабiла выгляд, што не заўважыла яго. Ведама ж, такi чалавек, як пан Турэ, у ягоным узросце, у гэтакi час, калi ўсе, як мурашкi, завiхаюцца на працы, нiбыта апошнi абiбок, развалiўся на лаўцы!
I Сэмброн таксама ўбачыў яго нядаўна на лаўцы. Праўда, гэтым разам у iншым месцы, на бульвары Бон-Нувэль, але ўсё ж - за два крокi ад бульвара Сэн-Мартэн.
Бухгалтар не быў такi далiкатны, як кансьержка. А можа, Турэ яго сам першы прыкмецiў?
Цi меў ён з кiм-небудзь на гэтай лаўцы спатканне?
I хто быў гэты чалавек, якi хадзiў каля лаўкi, нiбыта чакаў нейкага знака?
Сэмброн пра яго амаль нiчога не сказаў. Але адно ягонае меркаванне было вельмi iстотнае: "Ён быў падобны на чалавека, якi прызвычаiўся сядзець на лаўках".
Мабыць, гэта быў чалавек без пэўнага занятку, якi бавiў час на лаўках, разглядаючы ад няма чаго рабiць мiнакоў.
У кожным парыжскiм квартале - свой тып разяватых працiральнiкаў штаноў. Можа, гэта быў пенсiянер? Але на бульвары Сэн-Мартэн пенсiянеры - нячастыя госцi.
Дзве несумяшчальныя рэчы: з аднаго боку - жоўтыя чаравiкi франта, з другога - баўленне часу на лаўцы, занятак чалавека старога або апушчанага.
А нарэшце прыйшоў дзень, калi нехта нячутна пракраўся ўслед за iм у тупiчок i за дзесяць крокаў ад натоўпу на бульвары ўсадзiў яму ў спiну нож. I што, што магло спатрэбiцца Турэ ў гэтым тупiку?..
За акном цямнела, прыйшлося запалiць лямпу. Мэгрэ ўстаў i зняў палiто з вешалкi.
Выходзячы, ён сказаў iнспектарам з суседняга пакоя:
- Я буду праз гадзiну-дзве.
Ён не паехаў на службовай машыне, а сеў у канцы вулiцы на аўтобус i, даехаўшы за некалькi хвiлiн да Севастопальскага бульвара, сышоў.
На вулiцах было людна. Яшчэ зусiм нядаўна ў гэты час хадзiў па iх i Луi Турэ, не ведаючы, магчыма, чым заняцца, перш чым змянiць свае жоўтыя чаравiкi на чорныя i адправiцца на Лiёнскi вакзал.
На другiм баку бульвара Бон-Нувэль Мэгрэ прыкмецiў лаўку.
"Напэўна, гэтая", - падумаў ён.
На лаўцы нiхто не сядзеў.
На рагу Сэн-Мартэн чакалi клiентаў прастытуткi. Iншыя сядзелi ў маленькiм бары, мужчыны побач гулялi ў карты.
I тут камiсар убачыў iнспектара Нэве i зрабiў яму знак. Адна прастытутка вырашыла, што Мэгрэ клiча яе, i ўстала, камiсар спынiў яе маўклiвым жэстам.
Раз ужо Нэвэ апынуўся тут, дык, пэўна, паспеў распытаць усiх: такiх кабетак у сваiм квартале ён ведаў добра.
- Як жыццё? - спытаўся Мэгрэ ў Нэвэ.
- Прыйшлi зiрнуць?
- Ды так, на хвiлiнку.
- А я ўжо з васьмi ранiцы. Апытаў ужо чалавек пяцьсот.
- Даведаўся, дзе ён абедаў?
- Даведаўся.
- Я так i думаў.
- Чаму?
- Турэ быў чалавек звычкi, наўрад цi ён стаў бы кожнага дня хадзiць у iншае месца.
- Вось там, - паказаў Нэвэ рукою на сцiплы рэстаранчык. - Там дагэтуль ляжыць ягоная сурвэтка з нумарам.
- I што табе там расказалi?
- Ён заўсёды сядаў за адзiн i той самы столiк у глыбiнi залы, непадалёк ад стойкi. Яго зазвычай абслугоўвала адна афiцыянтка. Здаравенная такая кабыла, рыжая. Ведаеце, як яна яго называла?.. "Мой дружок..." Яна сама мне пра гэта сказала. Так i пыталася ў яго: "Ну што, мой дружок, будзем сёння есцi?" Сцвярджае, што яму гэта падабалася. Яна часта загаворвала з iм, але ён нiколi да яе не заляцаўся. Яна не раз бачыла яго на бульвары на лаўцы, i кожны раз ён вiтаў яе рукою. I заўсёды гэта было каля трох гадзiн дня, у час яе перапынку. Аднойчы яна сказала яму: "Здаецца, мой дружок, вы працаю не струджаны!" А ён адказаў, што працуе ўначы.
- I яна паверыла?
- Ды яна, здаецца, проста малiлася на яго.
- А газеты яна чытае?
- Я ёй сказаў, што яго забiлi. Паверыць не магла... А ведаеце, рэстаран хоць i сцiплы, але i не дужа танны. А Турэ кожны раз заказваў паўбутэлькi марачнага вiна.
- Цi ёсць яшчэ ў квартале людзi, якiя б ведалi яго?
- Чалавек дзесяць. Адна прастытутка сустракала яго амаль штодня. Першы раз яна паспрабавала завесцi яго да сябе, але ён пачцiва адмовiўся. А потым, калi яна бачыла яго, то крычала: "Дык што, сёння?" Гэта ўвайшло ў iхнюю звычку i вельмi iх весялiла. Калi яна знiкала з клiентам, ён падмiргваў ёй.
- I ён нi разу не быў нi ў адной?
- Не.
- А з якой-небудзь iншай жанчынай яго бачылi?
- Яны - не. Але адзiн з прадаўцоў ювелiрнай крамы бачыў.
- Той самай крамы, каля якой яго забiлi?
- Таго самага. Я там усiм паказваў яго фатаграфiю, i адзiн яго прызнаў. "Ды гэта ж той, што купiў у нас пярсцёнак на тым тыднi!" - адразу ж усклiкнуў ён.
- А жанчына была маладая?
- Не надта. Прадавец не звярнуў на яе асаблiвай увагi. Вырашыў, што гэта муж з жонкаю. Ён толькi заўважыў, што на ёй была гаржэтка з серабрыстага лiса, а на шыi вiсеў ланцужок з пазалочаным медальёнам-чатырохлiстнiкам, рыхтык такiя ж, што прадаюць у iхнай краме.
- Дарагi пярсцёнак?
- Пазалочаны, з падробленым каменем.
- Пра што ж яны гаварылi? Прадавец нiчога не чуў?
- Ён не памятае. Кажа, гаварылi як муж з жонкаю. Нiчога асаблiвага.
- А ён змог бы пазнаць гэтую жанчыну?
- Ён не ўпэўнены. Яна была ў чорным i ў пальчатках. Адну пальчатку забыла на прылаўку. Турэ вярнуўся, а яна чакала яго на вулiцы. Яна вышэйшая за яго. На вулiцы ўзяла яго пад руку, i яны пайшлi да станцыi метро "Рэспублiка".
- Больш нiчога не ўведаў?
- I гэта з'ела ў мяне ўвесь час: я ж пачаў з Манмартра. Але там нiчога не ўведаў. За вылiкам адной драбнiцы. Ведаеце кiёск на вулiцы Акацый, дзе прадаюць пышкi?
- Ведаю. Iх пякуць там пад адкрытым небам, як на кiрмашы.
- Дык вось, прадаўцы пышак памятаюць Турэ. Ён часта купляў у iх, заўсёды па тры штукi i нiколi не еў на вулiцы, а забiраў з сабою. Гэтыя пышкi, як вам вядома, вельмi вялiкiя, ва ўсякiм разе, рэклама сцвярджае, што яны сама вялiкiя ў Парыжы. Наўрад цi пасля сытнага абеду ў рэстарацыi Турэ еў бы iх адзiн. Не еў бы ён iх i на лаўцы - не такi гэта чалавек. Вiдаць, ён браў iх той самай жанчыне. Значыцца, яна жыве недзе непадалёк.
А можа, падумаў Мэгрэ, ён частаваў таго чалавека, якога бачыў бухгалтар Сэмброн?
- Ну што, шэф, казаць далей?
- Вядома.
- Куды вы?
- Хачу зазiрнуць у тупiчок.
Тупiчок быў зусiм побач, i Мэгрэ вырашыў яшчэ раз агледзець месца злачынства.
Час цяпер быў такi самы. Туману сёння не было, але цемната такая ж непраглядная.
А можа, Турэ зайшоў сюды проста да ветру?.. Не, насупраць ёсць прыбiральня...
Нэвэ ўздыхнуў:
- Толькi б знайсцi тую жанчыну...
А камiсару хацелася знайсцi таго чалавека, якi на мiгах прасiў у Турэ дазволу прысесцi побач, пакуль той гаварыў з Сэмбронам.
Камiсар пачаў уважлiва прыглядацца да людзей на лаўках. Ён ведаў, што ў кожнай лаўкi ёсць свае заўсёднiкi, якiя зазвычай прысаджваюцца ў адзiн i той самы час. Праходжыя не зважаюць на iх. Але самi заўсёднiкi добра ведаюць адно аднаго. Камiсар згадаў, як аднойчы панi Мэгрэ, седзячы на лаўцы ў скверы Анвэр, зусiм выпадкова навяла яго на след аднаго забойцы.
Цяпер на адной лаўцы сядзеў якраз вiдавочны заўсёднiк: стары бадзяга з пастаўленай побач пляшкай вiна.
Трохi далей прымасцiлася мажная жанчына, напэўна, правiнцыялка. Чакаючы свайго чалавека, якi зайшоў у прыбiральню, яна выпрастала, каб хоць трохi адпачылi, ногi - па ўсiм вiдаць, апухлыя ад нязвыклае хаданiны па горадзе.
Але гэта, ведама ж, былi зусiм не тыя людзi, якiх трэба было знайсцi.
- На тваiм месцы, - сказаў Мэгрэ, - я меней бы займаўся крамамi, а болей людзьмi на лаўках. Пасядзi, пазнаёмся з заўсёднiкамi.
- Добра, шэф, - зноў уздыхнуў Нэвэ. Такая перспектыва не радавала, хадзiць цiкавей, хоць i ногi ўжо балелi ад гэтых няспынных бадзянняў.