Выбрать главу

Чым глыбейшая рабілася ноч, тым больш паглыблялася й мая цікаўнасьць да відовішча; бо ня толькі матэрыяльна зьмяніўся агульны характар натоўпу (яго далікатнейшыя рысы зьнікалі з адступленьнем з сцэны больш прыстойнае часткі гараджанаў, грубейшыя ж наадварот рабіліся штораз больш выразныя, бо позьняя часіна выцягвала зь дзённых логваў самую розную гнюсоту), але й сьвятло газавых ліхтароў, напачатку кволае ў ягоным змаганьні з апошнімі промнямі дня, паволі бралася ў сілу й пакрывала ўсё навокал сутаргавай бляклай сьвеценьню. Усё навокал было цёмнае і ўрачыстае — як той чарнадрэў, зь якім параўноўваюць стыль Тэртуліяна.

Зачараваны дзівоснымі гульнямі сьвятла, я захапіўся разгляданьнем асобных твараў; і хоць хуткасьць, зь якою зіхоткі сусьвет мільгаў за вакном, дазваляла мне кінуць толькі адзін позірк на кожны твар, усё ж здавалася, што ў тым маім асаблівым стане душы й розуму я часта быў здольны нават за найкарацейшае імгненьне беглага позірку прачытаць гісторыю доўгіх гадоў.

Прыціснуўшыся лбом да шыбіны, я сядзеў, падрабязна аглядаючы натоўп, калі раптам перада мною зьявіўся твар (струхлелага старога чалавека гадоў шасьцідзесяці пяці або сямідзесяці), — твар, які спыніў і захапіў усю маю ўвагу, дзякуючы абсалютнай непаўторнасьці ягонага выразу. Нічога, што б хоць найдалей нагадвала гэты выраз, я ніколі яшчэ ня бачыў. Я добра памятаю, што маёй першай думкай, калі я ўбачыў яго, было, што Рэц, паглядзеўшы на яго, не вагаючыся выбраў бы гэты твар для сваіх партрэтных уцелаўленьняў д’ябла. Калі я паспрабаваў за кароткую хвіліну майго арыгінальнага агляду прааналізаваць значэньне, схаванае ў гэтым твары, перада мною няясна й блытана паўсталі вобразы вялікае разумовае сілы, абачлівасьці, скупасьці, хцівасьці, стрыманасьці, хітрасьці, крыважэрнасьці, злараднасьці, весялосьці, празьмернага страху, глыбокай — скрайняй роспачы. Я быў дзівосна ўзрушаны, спалоханы, зачараваны. „Якая дзікая гісторыя, — сказаў я сам сабе, — запісаная ў гэтай душы!” Тады ў мяне ўзьнікла нясьцерпнае жаданьне прасачыць за гэтым чалавекам, даведацца пра яго болей. Пасьпешліва накінуўшы плашч і схапіўшы капялюш і кій, я выбег на вуліцу й пачаў прадзірацца праз натоўп у той бок, куды, як я пабачыў, пайшоў стары; бо ён ужо зьнік з вачэй. Не бязь цяжкасьці празь нейкі час я ўсё ж заўважыў яго, наблізіўся й пайшоў за ім, захоўваючы асьцярожнасьць, каб не прыцягнуць ягонае ўвагі.

Цяпер я мог добра яго разгледзець. Ён быў нізенькі, вельмі худы і з выгляду вельмі кволы. Вопратка на ім, агулам кажучы, была брудная й падзёртая; але калі час ад часу на яго падала зыркае сьвятло ліхтара, было відаць, што ягоная бялізна, хоць і брудная, была пашытая з дыхтоўнае тканіны; і можа мяне падмануў мой зрок, але праз прагал у шчыльна зашпіленым і відавочна пазычаным з чужога пляча roquelaire’ы, у які ён быў загорнуты, я заўважыў дыямэнт і кінжал. Гэтыя назіраньні падагрэлі маю цікаўнасьць, і я вырашыў ісьці за незнаёмцам, куды б ён ні скіраваўся.

Было ўжо зусім цёмна, і над горадам павісла шчыльная сырая смуга, якая хутка абрынулася густым зацяжным дажджом. Гэтая  зьмена  ў надвор’і дзіўным чынам паўплывала на натоўп, у ім распачаўся новы розрух, а над ім павырасталі незьлічоныя парасоны. Калыханьне, штурханіна й гамана ўзмацніліся ўдзесяцёра.  Што да мяне, дык я ня надта зважаў на дождж — з увагі на старую гарачку, што хавалася недзе ў глыбінях майго арганізму, вільгаць была мне нейкай небясьпечнай прыемнасьцю. Абвязаўшы рот хустачкай, я йшоў далей. Паўгадзіны стары, змагаючы ўсе перашкоды, ішоў напрасткі па вялікай вуліцы; я ішоў зусім побач, баючыся згубіць яго з вачэй. Ні разу не азірнуўшыся назад, ён мяне ня бачыў. Пасьля ён павярнуў на папярэчную вуліцу, якая, хоць і густа напоўненая людзьмі, была ўсё ж не такая тлумная, як тая, з якой ён толькі што сышоў. I тут адразу заўважылася перамена ў ягоных паводзінах. Цяпер ён ішоў павольна й ня так мэтанакіравана, як перад тым — больш нерашуча. Некалькі разоў ён перайшоў сюды-туды вуліцу безь ніякае бачнае мэты; навокал усё яшчэ было так людна, што падчас кожнага з гэтых пераходаў я мусіў трымацца блізка ад яго. Вуліца была вузкая й даўгая, ён ішоў па ёй гадзіну, за якую натоўп паступова паменшаў да той колькасьці, якую звычайна можна пабачыць на Брадвэі каля Парку — такая вялікая розьніца ў жыхарстве паміж Лёнданам і найбольш  людным горадам Амэрыкі. Яшчэ адзін паварот вывеў нас на ярка асьветлены пляц, перапоўнены жыцьцём. Да старога зноў вярнуліся старыя манеры. Угнуўшы галаву, ён кідаў навокал дзікія позіркі з-пад насупленых броваў. Упарта й неадступна ён ішоў далей. Я аднак зьдзівіўся, калі заўважыў, што абыйшоўшы пляц ён зноў пайшоў па сваіх сьлядох. Яшчэ больш я быў уражаны, калі ён паўтарыў тую самую праходку некалькі разоў — адзін раз ледзь ня выкрыўшы мяне, калі нечакана павярнуўся.

Так ён практыкаваўся яшчэ гадзіну, пад канец якой насустрач нам траплялася ўжо значна менш праходняў, чым спачатку. Дождж не пераставаў; у паветры пахаладнела; людзі разыходзіліся па дамах. Нецярпліва махнуўшы рукою, мой вандроўнік зьвярнуў у параўнаўча пусты завулак. Па гэтым завулку, даўжынёю ў чвэрць мілі, ён памкнуў так хутка, як нельга было й спадзявацца ад такога старога чалавека, і мне давялося прыкласьці нямала намаганьняў, каб не адстаць ад яго. Праз колькі хвілінаў мы выйшлі да вялікага й люднага базару, з навакольлем якога незнаёмец быў, відаць, добра знаёмы. Там зноў я пабачыў яго такім, як і на самым пачатку, ён бязмэтна сноўдаў сюды-туды сярод мора гандляроў і пакупнікоў.

Паўтары гадзіны ці каля таго, што мы прабылі ў гэтай мясьціне, я мусіў ужыць усю маю асьцярожнасьць, каб не згубіць старога й разам з тым не прыцягнуць ягонае ўвагі. На шчасьце, на нагах у мяне былі гумовыя галёшы, і я мог рухацца зусім бязгучна. Ні разу ён не заўважыў, што я за ім назіраю. Ён уваходзіў у адну крамку за другой, ні да чога не прыцэньваўся, не казаў ні слова і глядзеў на ўсе тавары дзікім і пустым позіркам. Я быў да таго зьдзіўлены ягонымі паводзінамі, што цьвёрда пастанавіў, што мы зь ім не расстанемся, пакуль я хоць у нейкай меры не задаволю сваю цікаўнасьць адносна гэтага чалавека.

Гадзіньнік гучна прабіў адзінаццаць удараў, і наведнікі пачалі пасьпешліва пакідаць базар. Нейкі крамнік, зачыняючы аканіцы, штурхануў старога, і я ўбачыў, як усё цела ягонае моцна здрыганулася. Ён пасьпяшаўся на вуліцу, на хвіліну неспакойна азірнуўся і зь неверагодным спрытам пабег незьлічонымі крывымі бязьлюднымі завулкамі, пакуль мы зноў не апынуліся на вялікай праезнай вуліцы, адкуль пачалося нашае падарожжа — дзе стаяў гатэль D——. Вуліца аднак мела ўжо зусім іншы выгляд. Яна ўсё яшчэ блішчала ў сьвятле ліхтароў; але ліў моцны дождж, і людзей на ёй было вельмі мала. Незнаёмец быў цяпер бледны. Ён у задуменьні зрабіў пару крокаў па нядаўна яшчэ люднаму праспэкту, пасьля, глыбока ўздыхнуўшы, павярнуў у бок ракі і, паблукаўшы бясконцымі кружнымі дарогамі, выйшаў нарэшце да аднаго з галоўных тэатраў. Ён ужо зачыняўся, і тлум публікі выліваўся зь дзьвярэй. Я пабачыў, як стары разявіў рот, нібы каб глынуць паветра, і кінуўся ў натоўп; мне падалося, што невыносная пакута, што адбівалася на ягоным твары, крыху сунялася. Ён зноў угнуў галаву і зноў стаўся такім, якога я ўбачыў яго напачатку. Я заўважыў, што ён пайшоў туды, куды скіравалася большасьць гледачоў — але, наагул, я так і ня здолеў спасьцігнуць непрадказальнасьць ягоных дзеяньняў.

Пакуль ён ішоў далей, гурт людзей паступова расьсейваўся, і да старога вярталіся разгубленасьць і неспакой. Нейкі час ён неадступна крочыў за купкай зь дзесяці-дванаццаці п’яных гулякаў; але яны адзін за адным разыходзіліся, пакуль не засталіся толькі трое, у нейкім вузкім і змрочным бязьлюдным завулку. Незнаёмец прыпыніўся і, здавалася, на хвіліну задумаўся; тады, раптоўна ажывіўшыся, хутка пашыбаваў па дарозе, якая вывела нас на край гораду, да ваколіцаў вельмі непадобных на тыя, што мы толькі што прамінулі. Гэта быў самы агідны лёнданскі квартал, дзе ўсё было пазначанае страшным кляймом самае неверагоднае беднасьці й самага невыпраўнага злачынства. Пад цьмяным сьвятлом выпадковых ліхтароў высокія старасьвецкія паточаныя чарвякамі драўляныя будыніны стаялі гатовыя ўпасьці. Набудаваныя яны былі так тлумна й бязладна, што між імі цяжка было распазнаць штосьці падобнае на праход. Брук быў укладзены абы як, між камянёў буяла густая трава. У забітых канавах гніло ўсякае паскудзтва. Усё навокал патыхала заняпадам. Аднак, па меры таго, як мы йшлі наперад, гукі чалавечага жыцьця паступова ажывалі, пакуль урэшце мы ня ўбачылі вялікія грамады найбольш занядбаных насельнікаў Лёндану, якія сноўдалі сюды-туды. Дух старога зноў успыхнуў, як сьвечка перад тым як пагаснуць. Ён зноў памкнуўся наперад пругкім поступам. Раптам, павярнуўшы за рог, мы ўбачылі полымя яркага сьвятла й апынуліся перад адной зь вялізных загарадных сьвятыняў Няўстрыманасьці — перад адным з палацаў д’ябла, Джына.