Выбрать главу

Раніца застала вікарыя і яго жонку ў вельмі дзіўным убранні; яны ўсё яшчэ сядзелі на ніжнім паверсе свайго доміка пры непатрэбным ужо святле дагараючай свечкі і губляліся ў здагадках.

— У жыцці сваім нічога падобнага… — у дваццаты раз раз пачынаў вікарый.

— Дарагі мой, — перапыніла яго місіс Банцінг, — вось ужо ідзе Сьюзі. Няхай яна пройдзе на кухню, а мы пойдзем хутчэй апранемся.

Раздзел VI. Мэбля, якая ўз'юшылася

Той жа раніцай, на досвітку духава дня, калі нават служанка Мілі яшчэ спала, містэр і місіс Хол усталі з ложка і бясшумна спусціліся ў склеп. Там у іх была справа зусім асабістага характару, якая мела некаторыя адносіны да спецыфічнай моцы іх піва.

Не паспелі яны ўвайсці ў склеп, як місіс Хол успомніла, што забылася ўзяць бутэлечку з сарсапарэллю, якая стаяла ў іх у спальні. Таму што галоўным знатаком і майстрам справы, якая павінна адбыцца, была яна, то наверх за бутэлькай адправіўся Хол.

На пляцоўцы лесвіцы ён са здзіўленнем заўважыў, што дзверы ў пакой пастаяльца прыадкрыты. Прайшоўшы ў спальню, ён знайшоў бутэльку на месцы, якое назвала жонка.

Але, вяртаючыся назад у склеп, ён заўважыў, што засаўкі выхадных дзвярэй адсунуты і што дзверы закрыты проста на клямку. Асенены раптоўным натхненнем, ён параўнаў гэтую акалічнасць з адкрытымі дзвярыма ў пакой пастаяльца і са здагадкамі містэра Тэдзі Хенфры. Ён ясна помніў, што сам трымаў свечку, калі місіс Хол засоўвала засаўку на ноч. Ён спыніўся ўражаны; затым, усё яшчэ трымаючы бутэльку ў руцэ, зноў падняўся наверх і пастукаў у дзверы пастаяльца. Адказу не было. Ён зноў пастукаў, затым адчыніў дзверы насцеж і ўвайшоў у пакой.

Усё выявілася так, як ён і чакаў. Пакой быў пусты і пасцель некранутая. На крэсле і на спінцы ложка была раскінута ўся вопратка пастаяльца і яго бінты; шыракаполы капялюш — і той хвацка тырчэў на слупку ложка. Гэта акалічнасць падалася надзвычай дзіўнай нават не вельмі кемліваму Холу, тым больш што іншай вопраткі, наколькі ён ведаў, у пастаяльца не было.

У страшнейшай разгубленасці, стоячы пасярод пакоя, ён пачуў знізу, са склепа, голас сваёй жонкі, які выказваў усе прыкметы моцнага нецярпення.

— Джордж! — крычала яна. — Ты знайшоў, што трэба?

Ён павярнуўся і паспяшаўся ўніз да жонкі.

— Джэні! — крыкнуў ён ёй, нагінаючыся над лесвіцай, што вяла ў склеп. — А Хенфры казаў праўду. Кватаранта ў пакоі няма. І парадныя дзверы адчынены.

Спачатку місіс Хол не зразумела, пра што ён кажа. Але, уцяміўшы ў чым справа, яна вырашыла сама агледзець пусты пакой. Хол, усё яшчэ з бутэлькай у руцэ, пайшоў наперад.

— Яго самога няма, а вопратка яго тут, — сказаў ён. — Дзе ён бадзяецца без вопраткі? Дзіўна.

Калі яны падымаліся па лесвіцы са склепа, ім абоім, як потым было ўстаноўлена, падалося, што хтосьці адчыніў і зноў зачыніў парадныя дзверы; але ж яны бачылі іх зашчэпленымі, таму ў тую хвіліну яны пра гэта нічога адзін аднаму не сказалі. У калідоры місіс Хол апярэдзіла свайго мужа і ўзбегла па лесвіцы першая. У гэты час на лесвіцы хтосьці чхнуў. Хол, які адстаў ад сваёй жонкі на шэсць прыступкаў, падумаў, што гэта яна чхнула; яна ж была ўпэўнена, што гэта чхнуў ён. Падняўшыся наверх, яна расчыніла дзверы і стала аглядваць пакой пастаяльца.

— Зроду нічога падобнага не бачыла! — сказала яна.

У гэты момант ззаду, над самым яе вухам, хтосьці фыркнуў, яна павярнулася і, да вялікага яе здзіўлення, убачыла, што Хол стаіць за крокаў дванаццаць ад яе, на верхняй прыступцы лесвіцы. Ён адразу ж падышоў да яе. Яна нахілілася і стала абмацваць падушку і бялізну.

— Халодная, — сказала яна. — Яго няма ўжо з гадзіну, а можа, і больш.

Не паспела яна дагаварыць, як адбылося нешта надзвычай дзіўнае. Пасцельная бялізна згарнулася ў вузел, які тут жа пераскочыў цераз спінку ложка. Здавалася, быццам чыясьці рука скамячыла коўдру і прасціны і кінула на падлогу. Услед за гэтым капялюш незнаёмца саскочыў са свайго месца, зрабіў у паветры дугу і ляпнуў проста ў твар місіс Хол. Затым з такой жа хуткасцю паляцела з умывальніка губка; затым крэсла, нядбайна скінуўшы з сябе пінжак і штаны незнаёмца і хіхікнуўшы сухім смяшком, вельмі падобным на смех незнаёмца, павярнулася ўсімі чатырма ножкамі да місіс Хол і, нацэліўшыся імі, кінулася на яе. Яна ўсклікнула і павярнулася да дзвярэй, а ножкі крэсла асцярожна, але рашуча ўперліся ў яе спіну і выштурхнулі яе разам з Холам з пакоя. Дзверы са стукам зачыніліся, шчоўкнуў замок. Крэсла і ложак, відаць, яшчэ паскакалі трохі, нібы святкуючы перамогу, і раптам усё сціхла.