Місіс Хол амаль непрытомная павісла на руках мужа. З вялікім намаганнем містэру Холу ўдалося з дапамогай Мілі, якая паспела прачнуцца ад крыку і шуму, знесці яе ўніз і даць ёй заспакаяльных кропель.
— Гэта духі, - сказала місіс Хол, нарэшце апрытомнеўшы. — Я ведаю, гэта духі. Я чытала пра іх у газетах. Сталы і крэслы пачынаюць скакаць і танчыць…
— Выпі яшчэ крышку, Джэні, - перапыніў Хол, — гэта падмацуе цябе.
— Зачыні дзверы, — сказала місіс Хол, — і не пускай яго больш. Я ўвесь час падазравала… Як гэта я не здагадалася! Вачэй не відаць, галава забінтаваная, і ў царкву па нядзелях не ходзіць. А колькі бутэлек… Для чаго прыстойнаму чалавеку столькі бутэлек! Ён напусціў духаў у мэблю… Мая мілая старая мэбля! У гэтым самым крэсле любіла сядзець мая дарагая матушка, калі я была яшчэ маленькай дзяўчынкай. І падумайце, яно паднялося цяпер супраць мяне…
— Выпі яшчэ кропель, Джэні, - сказаў Хол, — у цябе нервы зусім расстроены.
Было ўжо пяць гадзін, залатыя промні ранішняга сонца залівалі вуліцу. Супругі паслалі Мілі разбудзіць містэра Сэндзі Ўоджарса, каваля, які жыў насупраць.
— Гаспадар вам кланяецца, — паведаміла яму Мілі. - І ў нас штосьці здарылася з мэбляй, яна зусім раз'юшылася. Можа, вы зойдзеце, паглядзіце?
Містэр Уоджэрс быў чалавек вельмі дасведчаны і разумны. Ён аднёсся з найвялікшай сур'ёзнасцю да просьбы Мілі.
— Гэта вядзьмарства, галавой ручаюся, — сказаў ён. — Такому пастаяльцу толькі капытоў не хапае.
Ён прыйшоў моцна заклапочаны. Містэр і місіс Хол жадалі было падняцца з ім наверх, але ён, мусіць, з гэтым не спяшаўся і лічыў за лепшае працягваць размову ў калідоры. З тытунёвай крамы Хакстэрса выйшаў прыказчык і пачаў адчыняць аканіцы. Яго запрасілі прыняць удзел у абмеркаванні здарэння. За ім праз некалькі хвілін падышоў, вядома, і сам містэр Хакстэрс. Англасаксонскі парламенцкі дух выявіўся тут поўнасцю: гаварылі многа, але за справу не браліся.
— Установім спачатку факты, — настойваў містэр Сэндзі Ўоджэрс. — Абмяркуем, ці будзе правільна з нашага боку ўзламаць дзверы яго пакоя. Замкнутыя дзверы заўсёды можна ўзламаць, але раз дзверы ўзломаны, іх ужо не зробіш няўзломанымі.
Але раптам, да ўсеагульнага здзіўлення, дзверы пакоя пастаяльца адчыніліся самі, і, зірнуўшы наверх, яны ўбачылі захутаную фігуру незнаёмца; ён спускаўся па лесвіцы і пільна глядзеў на іх злавесным позіркам сваіх незвычайных шкляных вачэй. Павольна, драўлянай паходкай ён спусціўся з лесвіцы, прайшоў калідор і спыніўся.
— Глядзіце, — сказаў ён, выцягнуўшы палец у пальчатцы.
Глянуўшы ў паказаным кірунку, яны ўбачылі ля самых дзвярэй склепа бутэльку з сарсапарэллю. Тут ён увайшоў у гасціную і нечакана хутка са злосцю зачыніў дзверы перад самым іх носам.
Ніхто не вымавіў ні слова, пакуль не заціх гук зачыненых дзвярэй. Усе маўкліва пераглядваліся.
— Прызнаюся, гэта ўжо верх… — пачаў містэр Уоджэрс і не закончыў фразу.
— Я на вашым месцы пайшоў бы і спытаў яго наконт усяго гэтага, — сказаў ён затым Холу. — Я патрабаваў бы тлумачэння.
Спатрэбіўся некаторы час, каб пераканаць гаспадара адважыцца на гэта. Нарэшце ён пастукаўся ў дзверы, адчыніў іх і пачаў:
— Прабачце…
- Ідзіце к чорту! — крыкнуў у шаленстве незнаёмец. — Зачыніце дзверы!
На гэтым тлумачэнне і закончылася.
Незнаёмец увайшоў у гасціную карчмы «Кучар і коні» каля паловы шостай раніцы і заставаўся там прыблізна да паўдня; шторы ў пакоі былі апушчаны, дзверы зачынены, і пасля няўдачы, якая напаткала Хола, ніхто не адважваўся ўвайсці туды.
Увесь гэты час ён, відавочна, нічога не еў. Тры разы ён званіў, прычым трэці раз доўга і сярдзіта, але ніхто не адклікнуўся.
— Добра, я яму пакажу «ідзіце к чорту», — бурчала місіс Хол. Чуткі пра начное здарэнне ў доме вікарыя паспелі ўжо распаўсюдзіцца, паміж дзвюма падзеямі бачылі нейкую сувязь. Хол у суправаджэнні Ўоджэрса накіраваўся да суддзі, містэра Шэклфорса, каб з ім параіцца. Наверх падняцца ніхто не адважваўся. Чым займаўся ўвесь гэты час незнаёмец — невядома. Калі-нікалі ён нецярпліва крочыў з кута ў кут, два разы з яго пакоя даносілася лаянка, шамаценне разрываемай паперы і звон разбіваемых бутэлек.
Кучка напалоханых людзей, якія згаралі ад цікаўнасці, усё павялічвалася. Прыйшла місіс Хакстэрс. Падышлі некалькі бойкіх маладых хлопцаў, якія прыбраліся з нагоды духава дня ў чорныя пінжакі і гальштукі з белага піке, і сталі задаваць недарэчныя пытанні. Арчы Гаркер аказаўся самым смелым; ён зайшоў у двор і пастараўся зазірнуць пад апушчаную штору. Бачыць ён не мог нічога, але даў зразумець, што бачыць, і яшчэ той-сёй з айпінгскага маладога пакалення далучыўся да яго.