Выбрать главу

— Гэта агідная мясцовасць, — сказаў Голас, — і народ тут вельмі паганы.

— Правільна ж! — сказаў Томас Марвел. — Ну і абутак! Каб ён згінуў!

З гэтымі словамі ён праз плячо пакасіўся направа, каб паглядзець на абутак свайго субяседніка і параўнаць са сваім, але, да вялікага яго здзіўлення, там, дзе ён чакаў убачыць пару чаравікаў, не аказалася ні чаравікаў, ні ног. Гэта ашаламіла яго.

— Дзе ж вы? — спытаўся Томас Марвел, паварочваючыся на карачках.

Перад ім рассцілалася ўзгорыстая пустыня, толькі далёкія кусты верасу качаліся на ветры.

— П'яны я, ці што! — сказаў Томас Марвел. — Здалося мне? Ці я сам з сабой размаўляў? Што за чорт.

— Не палохайцеся, — сказаў Голас.

— Пакіньце, калі ласка, вашы жарты, — сказаў Томас Марвел, хутка ўскокваючы на ногі. — Дзе вы? «Не палохайцеся!» — скажыце, калі ласка.

— Не палохайцеся, — паўтарыў Голас.

— Ты сам зараз спалохаешся, дурань ты гэтакі! — сказаў Томас Марвел. — Дзе ты? Вось я да цябе дабяруся…

Маўчанне.

— Пад зямлёй ты, ці што? — спытаўся Томас Марвел.

Адказу не было. Томас Марвел працягваў стаяць у адных шкарпэтках, у расхінутым пінжаку, і твар яго выказваў поўнае неўразуменне.

«Пі-уіць», — пачуўся здаля свіст пеначкі.

— Што вы, на самой справе, прыдурваецеся, — сказаў Томас Марвел. Мясцовасць была бязлюдная. У які б бок ён ні паглядзеў, нікога не было відаць. Дарога з глыбокімі канавамі, акружаная радамі белых прыдарожных слупоў, гладкая і пустынная, цягнулася на поўнач і поўдзень, у бязвоблачным небе таксама нічога нельга было заўважыць, акрамя пеначкі. — З намі хросная сіла! — усклікнуў Томас Марвел, зашпільваючы пінжак. — Усё гарэлка праклятая. Так я і ведаў!

— Гэта не гарэлка, — сказаў Голас. — Не хвалюйцеся.

— Ох! — прастагнаў містэр Марвел, збялеўшы. — Усё гарэлка, — бязгучна паўтаралі яго вусны. Ён пастаяў крыху, змрочна гледзячы проста перад сабою, потым стаў паволі паварочвацца. — Я пакляўся б, што чуў голас, — прашаптаў ён.

— Вядома, чулі.

— Вось зноў, - сказаў Марвел, заплюшчваючы вочы і трагічным жэстам хапаючыся за галаву. Але тут яго раптам узялі за каўнер і так страсянулі, што думкі яго зусім змяшаліся.

— Кінь дурыцца, — сказаў Голас.

— Я звар'яцеў… - сказаў Марвел. — Нічога не паможа. І ўсё з-за праклятых чаравікаў. Сапраўды звар'яцеў! Ці гэта духі?..

— Ні тое, ні другое, — сказаў Голас. — Паслухай…

— Звар'яцеў! — паўтараў Марвел.

— Ды пачакай жа! — з найвялікшай пераканаўчасцю сказаў Голас, ледзьве стрымліваючы раздражненне.

— Ну? — сказаў Марвел, адчуваючы дзіўнае пачуццё, як быццам бы хтосьці дакрануўся пальцам да яго грудзей.

— Ты думаеш, я табе толькі здаўся, так? Гэта толькі адно ўяўленне?

— А што ж яшчэ? — адказаў Томас Марвел, пачухваючы патыліцу.

— Выдатна, — сказаў Голас. — У такім выпадку я буду кідаць у цябе каменьчыкамі, пакуль ты не пераканаешся ў процілеглым.

— Дык дзе ж ты?

Голас не адказаў. Свіст — і камень, відаць, пушчаны з паветра, праляцеў ля самага пляча містэра Марвела, ледзьве не закрануўшы яго. Павярнуўшыся, Марвел убачыў, як другі камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх, павіс на секунду ў паветры і затым паляцеў да яго ног з амаль няўлоўнай хуткасцю. Марвел быў так уражаны, што нават не паспрабаваў ухіліцца. Камень, стукнуўшыся аб голы палец нагі, адляцеў у канаву. Містэр Томас Марвел падскочыў і завыў ад болю. Потым кінуўся ўцякаць, але спатыкнуўся аб штосьці і, перакуліўшыся, сеў.

— Ну, што скажаш цяпер? — спытаўся Голас, і трэці камень, апісаўшы дугу, узляцеў уверх і павіс у паветры над бадзягам. — Што я такое? Адно ўяўленне?

Містэр Марвел замест адказу падняўся на ногі, але тут жа быў зноў адкінуты на зямлю. З хвіліну ён ляжаў не рухаючыся.

— Сядзі смірна, — сказаў Голас, — інакш я кіну камень табе ў галаву.

— Ну і справы! — сказаў містэр Марвел, сядаючы і паціраючы выцятую нагу, але не зводзячы вачэй з камня. — Нічога не разумею. Камні самі лётаюць. Камні размаўляюць. Не кідайся. Згінь. Мне канцы.

Камень упаў на зямлю.

— Усё вельмі проста, — сказаў Голас. — Я — невідзімка.

— Раскажыце, што-небудзь новае, — сказаў містэр Марвел, вохкаючы і курчачыся ад болю. — Дзе вы хаваецеся, як вы гэта робіце? Не магу здагадацца. Здаюся.

— Я — невідзімка, толькі і ўсяго. Разумееш ты ці не? — сказаў Голас.

— Ды гэта ясней яснага. І нечага, судар, злавацца. Скажыце, лепш, як вы хаваецеся.

— Я — невідзімка, у гэтым уся сутнасць. Зразумей ты…

— Але дзе ж вы? — перапыніў яго Марвел.