— Ды тут, перад табой, у пяці кроках.
— Расказвай! Я не сляпы! Яшчэ скажаш, што ты — паветра. Я ж не такі ўжо невук…
— Так, я — паветра. Ты глядзіш скрозь мяне.
— Што? І ў цябе зусім нічога няма? Адзін толькі балбатлівы голас — і ўсё?
— Я такі ж чалавек, як усе, з плоці і крыві, мне трэба есці, піць і прыкрыць сваё голае цела. Але я — невідзімка. Зразумела? Я — невідзімка. Гэта вельмі проста. Нябачны.
— Сапраўдны чалавек?
— Так.
— Ну, калі так, — сказаў Марвел, — дайце руку. Гэта будзе ўсё ж на штосьці падобна… Ох! — усклікнуў ён раптам. — Як вы мяне напалохалі. Трэба ж так учапіцца!
Ён нашчупаў руку, якая сціснула кісць, затым, вызваліўшыся, нерашуча абмацаў плячо, мускулістыя грудзі, бараду. Твар яго выказваў надзвычайнае здзіўленне.
— Здорава! — сказаў ён. — Гэта цікавей за пеўневы бой. Проста дзіўна. І я мог бы бачыць скрозь вас зайца ў паўмілі адсюль. А вас самога ні кавалачка не відаць… не, урэшце…
Тут Марвел стаў уважліва ўглядвацца ў пустую як быццам прастору перад ім.
— Скажыце, вы не елі хлеб з сырам? — спытаўся ён, не выпускаючы нябачнай рукі.
— Правільна. Гэта ежа яшчэ не засвоена арганізмам.
— А-а, — сказаў Марвел. — Усё-такі гэта дзіўна.
— Сапраўды, гэта і на палавіну не так дзіўна, як здаецца.
— Для майго сціплага розуму гэта дастаткова дзіўна, — сказаў містэр Томас Марвел. — Як вы, аднак, гэта ўладжваеце? Як вам, каб яго чорт узяў, удаецца?
— Гэта занадта доўгая гісторыя. Так, акрамя таго…
— Я проста ў сябе не магу прыйсці, - сказаў Марвел.
— Я хачу вам сказаць вось што: мне патрэбна дапамога. Мяне давялі да гэтага. Я натрапіў на вас нечакана. Я ішоў, не помнячы сябе ад шаленства, голы, знясілены. Я гатовы быў забіць… І я ўбачыў вас…
— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел.
— Я падышоў да вас ззаду, падумаў і пайшоў далей…
Твар містэра Марвела вельмі красамоўна выказваў яго пачуцці.
— Потым спыніўся. «Вось, — падумаў я, — такі ж занядбаны, як я. Вось чалавек, які мне патрэбны». Я вярнуўся і накіраваўся да вас. І…
— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел. — У мяне галава ідзе кругам. Дазвольце спытацца: як жа гэта так? Невідзімка! І якая вам патрэбна дапамога?
— Я хачу, каб вы памаглі мне дастаць вопратку, і прытулак, і яшчэ штосьці… Усяго гэтага ў мяне няма ўжо даўно. Калі ж вы не жадаеце… Але вы паможаце мне, вы павінны памагчы!
— Пачакайце, — сказаў Марвел. — Дайце мне сабрацца з думкамі. Не перашкаджайце мне ўстаць на ногі. І не чапайце мяне. Я павінен прыйсці ў сябе. Вы ж ледзьве не зламалі мне палец на назе. Усё гэта так недарэчна: пустыя ўзгоркі, пустое неба, на многа міль кругом нічога не бачна, акрамя ўлоння прыроды, і раптам голас. Голас з неба. І камні. І кулак. Ах ты, госпадзі!
— Ну, не трэба нюні распускаць, — сказаў Голас. — Рабіце лепш тое, што я загадаю.
Містэр Марвел надзьмуў шчокі, і вочы яго сталі круглымі.
— Я спыніў свой выбар на вас, — сказаў Голас. — Вы — адзіны чалавек, калі не лічыць некалькіх вясковых дурняў, які ведае, што ёсць на свеце чалавек-невідзімка. Вы павінны мне памагчы. Памажыце мне, і я многае для вас зраблю. У руках чалавека-невідзімкі вялікая сіла. — Ён спыніўся і гучна чхнуў. — Але калі вы мяне выдадзіце, — працягваў ён, — калі вы не зробіце таго, што я вам загадаю…
Ён змоўк і моцна стукнуў Марвела па плячы. Той завыў ад жаху пры гэтым дотыку.
— Я не збіраюся выдаваць вас, — сказаў ён, стараючыся адсунуцца ад Невідзімкі. — Пра гэта і размовы быць не можа. Я вам з радасцю памагу. Скажыце толькі, што я павінен рабіць. (Госпадзі!) Усё, што вы пажадаеце, я зраблю з найвялікшым задавальненнем.
Пасля таго як паніка крыху заціхла, жыхары Айпінга сталі прыслухоўвацца да голасу розуму. Скептыцызм раптам падняў галаву — праўда, некалькі няўпэўнены, але ўсё ж скептыцызм. Не верыць жа ў існаванне Невідзімкі было куды прасцей, а тых, хто бачыў, як ён рассеяўся ў паветры, ці адчуў на сабе сілу яго кулакоў, можна было пералічыць на пальцах. Да таго ж адзін з відавочцаў, містэр Уоджэрс, адсутнічаў, ён зачыніўся ў сваім доме і нікога да сябе не пускаў, а Джаферс ляжаў непрытомны ў карчме «Кучар і коні». Вялікія незвычайныя ідэі, якія выходзяць за межы вопыту, часта маюць меней улады над людзьмі, чым малазначныя, але затое цалкам канкрэтныя меркаванні. Айпінг упрыгожыўся флагамі, жыхары прыбраліся. Свята ж чакалі больш чым за месяц, яго прадчувалі. Вось чаму некалькі гадзін пазней нават тыя, хто верыў у існаванне нябачнага чалавека, ужо святкавалі, суцяшаючы сябе думкамі, што ён знік назаўсёды. Ну, а калі… адносна скептыкаў, то для іх Невідзімка ператварыўся ў забаўны жарт. Як бы там ні было, сярод тых і другіх панавала незвычайная весялосць.