Выбрать главу

На Хайсменскім лузе паставілі палатку, дзе місіс Банцінг і іншыя дамы гатавалі гарбату, а навокал вучні нядзельнай школы бегалі напераганкі па траве і гулялі ў розныя гульні пад шумным кіраўніцтвам вікарыя, міс Кас і міс Сэкбат. Праўда, адчувалася нейкае лёгкае хваляванне, але ўсе былі настолькі разважлівыя, што хавалі свае страхі. Найбольшым поспехам у моладзі карыстаўся нацягнуты канат, па якім, трымаючыся за ручку блока, можна было імкліва зляцець уніз на мех з сенам, што знаходзіўся на другім канцы. Не меншым поспехам карысталіся арэлі, збіванне мішэні какосавымі арэхамі і карусель, а з ёй — паравы арган, які бесперапынна напаўняў паветра рэзкім пахам масла і не менш рэзкай музыкай. Члены клуба, якія наведалі раніцай царкву, фарсілі рознакаляровымі значкамі, а сёй-той з маладых людзей яшчэ і ўпрыгожыў свае кацялкі яркімі стужкамі. Стары Флетчэр, у якога ўяўленні аб святочным адпачынку былі некалькі суровыя, стаяў на дошцы, пакладзенай на два стулы, як гэта можна было бачыць скрозь кветкі язміну на падаконніку або праз адчыненыя дзверы (як каму было пажадана глядзець), і бяліў столь сваёй сталовай.

Каля чатырох гадзін у Айпінгу з'явіўся незнаёмец; ён прыйшоў з боку ўзгоркаў, якія цягнуліся за вёскай. Гэта быў невялікага росту тоўсты чалавек у надзвычай паношаным цыліндры, моцна задыханы. Шчокі свае ён то ўцягваў, то надуваў да адказу. Яго пакрыты плямамі твар выказваў страх, і рухаўся ён хаця і хутка, але відавочна неахвотна. Ён завярнуў за вугал царквы і накіраваўся да карчмы «Кучар і коні». Сярод іншых звярнуў на яго ўвагу і стары Флетчэр, які быў уражаны незвычайна ўсхваляваным выглядам незнаёмца і да таго часу праводзіў яго позіркам, пакуль вапнавы раствор, набраны на пэндзаль, не зацёк яму ў рукаў.

Незнаёмец, па сведчанню ўладальніка ціра, дзе ішла гульня з какосавымі арэхамі, услых размаўляў сам з сабой; тое ж заўважыў і містэр Хакстэрс. Ён спыніўся каля ганка карчмы і, па словах містэра Хакстэрса, мусіць, доўга вагаўся, перш чым адважыўся ўвайсці ў дом. Нарэшце ён падняўся па прыступках, павярнуў, як гэта паспеў заўважыць містэр Хакстэрс, налева і адчыніў дзверы ў гасціную. Містэр Хакстэрс пачуў галасы знутры, а таксама воклічы з распівачнай, якія паказвалі незнаёмцу на яго памылку.

— Не туды! — сказаў Хол; тады незнаёмец зачыніў дзверы і ўвайшоў у распівачную.

Праз некалькі хвілін ён зноў з'явіўся на вуліцы, выціраючы губы рукой, з выглядам спакойнага задавальнення, якое здалося Хакстэрсу прытворным. Ён трохі пастаяў, агледзеўся, затым містэр Хакстэрс убачыў, як ён накіраваўся, крадучыся, да варот, вынуў кароткую гліняную люльку і стаў набіваць яе тытунём. Рукі яго дрыжэлі. Нарэшце ён распаліў люльку і, скрыжаваўшы рукі, пачаў курыць, прыняўшы позу чалавека, які маркоціцца, гэтаму, аднак, зусім не адпавядалі хуткія позіркі, якія ён насцярожана кідаў у двор.

Усё гэта містэр Хакстэрс бачыў з-за бляшанак, якія стаялі ў акне тытунёвай крамкі, і дзіўныя паводзіны незнаёмца прымусілі яго працягваць назіранне.

Раптам незнаёмец рэзка выпрастаўся, сунуў люльку ў кішэню і знік у двары. Тут містэр Хакстэрс, вырашыўшы, што на яго вачах адбываецца крадзеж, выскачыў з-за прылаўка і выбег на вуліцу, каб пераняць злодзея. У гэты час незнаёмец паказаўся зноў, у збітым набакір цыліндры, трымаючы ў адной руцэ вялікі скрутак, загорнуты ў сіні абрус, а ў другой — тры кнігі, звязаныя, як высветлілася потым, шлейкамі вікарыя. Убачыўшы Хакстэрса, ён войкнуў і, крута павярнуўшы налева, кінуўся ўцякаць.

— Трымай злодзея! — крыкнуў Хакстэрс і пабег наўздагон.

Наступныя адчуванні містэра Хакстэрса былі моцныя, але кароткія. Ён бачыў, як злодзей бег проста перад ім у напрамку да царквы. Ён запомніў мільгануўшыя наперадзе флагі і натоўп людзей, прычым толькі двое ці трое абярнуліся на яго крык.

— Трымай злодзея! — закрычаў ён яшчэ больш гучна, храбра працягваючы пагоню. Але ён не прабег і дзесяці крокаў, як штосьці схапіла яго за ногі, - і вось ён ужо не бяжыць, а куляй ляціць па паветры! Не паспеў ён апамятацца, як ужо ляжаў на зямлі. Свет рассыпаўся мільёнамі зіхатлівых іскраў, і далейшыя падзеі перасталі яго цікавіць.

Раздзел XI. У карчме «Кучар і коні»

Каб ясна зразумець усё, што адбылося ў карчме, патрэбна вярнуцца назад, да той хвіліны, калі містэр Марвел упершыню з'явіўся перад акном містэра Хакстэрса.

У гэты самы момант у гасцінай знаходзіліся містэр Кас і містэр Банцінг. Яны самым сур'ёзным чынам абмяркоўвалі незвычайныя ранішнія падзеі і з дазволу містэра Хола старанна даследавалі рэчы, якія належалі Невідзімку. Джаферс некалькі акрыяў ад свайго падзення і пайшоў дадому ў суправаджэнні клапатлівых сяброў. Раскінутую па падлозе вопратку Невідзімкі прыбрала місіс Хол і прывяла пакой у парадак. На стале, каля акна, за якім звычайна працаваў прыезджы, Кас адразу ж убачыў тры рукапісныя кнігі, пад назвай «Дзённік».