Ён не адняў сурвэтку ад твару і, па-ранейшаму прытрымліваючы яе рукой у карычневай пальчатцы, глядзеў на гаспадыню праз непранікальныя сінія акуляры.
— Пакіньце капялюш, — зноў гугнява сказаў ён праз сурвэтку.
Місіс Хол, ачуўшыся ад спалоху, паклала капялюш на стул перад камінам.
— Я не ведала, судар… — пачала яна, — што… — і збянтэжана замоўкла.
— Дзякую вам, — сказаў ён суха, пераводзячы позірк ад яе да дзвярэй і назад.
— Я зараз усё высушу, — сказала яна і панесла з сабою вопратку госця. Каля дзвярэй яна зноў паглядзела на яго белую забінтаваную галаву і непранікальныя акуляры; ён усё яшчэ прыкрываў рот сурвэткай. Выходзячы з пакоя, яна ўсё дрыжала, і твар яе красамоўна сведчыў аб поўным замяшанні.
— У жыцці сваім… — прашаптала яна. — Ну і ну!
Яна ціха вярнулася на кухню і нават не спыталася ў Мілі, з чым тая цяпер важдаецца.
Незнаёмец тым часам прыслухоўваўся да крокаў гаспадыні, якія паступова заціхалі. Перш чым адкласці сурвэтку і зноў узяцца за ежу, ён запытальна паглядзеў у акно, потым падняўся і, трымаючы сурвэтку ў руцэ, падышоў і апусціў штору да белай фіранкі, якая прыкрывала ніжнюю частку акна. У пакоі запанаваў прыцемак. Крыху заспакоены, ён вярнуўся да стала і працягваў свой сняданак.
— Небарака, ён разбіўся, ці яму зрабілі аперацыю, ці яшчэ што-небудзь, — сказала місіс Хол. — Увесь перавязаны, нават глядзець страшна!
Яна падкінула вугалю ў печку, паставіла козлы для сушкі вопраткі і паклала на іх паліто прыезджага.
— А акуляры! Ды што казаць, вадалаз нейкі, а не чалавек. — Яна павесіла на козлы яго шалік. — А твар закрывае анучай! І гаворыць праз яе! Можа, у яго рот таксама баліць!
Тут яна рэзка павярнулася, мусіць, раптам успомніўшы аб чымсьці вельмі важным.
— Божа! — усклікнула яна. — Мілі! Няўжо блінчыкі яшчэ не гатовыя?
Калі місіс Хол увайшла ў прыёмную, каб прыбраць са стала, яна ўбачыла новае пацвярджэнне сваёй здагадцы, што рот незнаёмца знявечаны няшчасным выпадкам: незнаёмец курыў люльку, і за ўвесь час, пакуль яна знаходзілася ў пакоі, ні разу не адсунуў шоўкавую хусцінку, якой была абвязана ніжняя частка яго твару, і не ўзяў мундштук у рот. Хаця ён не забыўся пра сваю люльку, бо місіс Хол заўважыла, што ён паглядвае на тытунь, які тлеў марна. Ён сядзеў у кутку, спіной да апушчанай шторы; падмацаваўшыся і сагрэўшыся, ён, відавочна, адчуваў сябе лепш і размаўляў ужо не так адрывіста і раздражнёна. У чырванаватым водбліску агню яго вялізныя акуляры як быццам бы ажылі.
— У мяне застаўся такі-сякі багаж на станцыі Брэмблхерст, — сказаў ён. Выслухаўшы адказ, ён ветліва нахіліў сваю забінтаваную галаву. — Толькі заўтра! — сказаў ён. — Няўжо нельга раней? — І вельмі засмуціўся, калі яна адказала, што нельга. — А можа, усё ж знойдзецца хто-небудзь, хто б з'ездзіў з павозкай на станцыю?
Місіс Хол ахвотна адказала на пытанні, спадзеючыся такім чынам разгаварыць яго.
— Дарога да станцыі вельмі крутая, — сказала яна і, карыстаючыся выпадкам, дадала: — У мінулым годзе на гэтай дарозе перакуліўся экіпаж. І пасажыр і кучар абодва загінулі. Ці доўга надарыцца бядзе? Адна хвіліна — і канец, ці не праўда, спадар?
Але госця не так і лёгка было ўцягнуць у размову.
— Праўда, — сказаў ён, спакойна гледзячы на яе праз акуляры.
— А потым, калі яшчэ паправішся, праўда? Вось, напрыклад, мой пляменнік Том парэзаў сабе руку касой — касіў, ведаеце, спатыкнуўся ды і парэзаў, - дык ці паверыце, спадар, тры месяцы хадзіў з завязанай рукой. Пасля таго выпадку я страшна баюся касы.
— Безумоўна, гэта зразумела, — сказаў прыезджы.
— Спачатку мы вельмі баяліся, што Тому давядзецца рабіць аперацыю, яму так было дрэнна.
Прыезджы адрывіста засмяяўся, быццам забрахаў.
— Дык яму было дрэнна? — паўтарыў ён.
— Праўда, спадар. І гэта было зусім не смешна для тых, каму давялося з ім важдацца. Хоць бы мне, спадар, таму што сястра ўсё няньчылася са сваімі малымі. Толькі ведай: завязаць ці развязаць яму руку… Таму, калі дазволіце…
— Дайце мне, калі ласка, запалкі, - раптам перапыніў ён яе. — Мая люлька патухла.
Місіс Хол замоўкла. Несумненна, з яго боку груба перапыняць яе такім чынам пасля таго, як яна яму ўсё расказала. З хвіліну яна сярдзіта глядзела на яго, але, успомніўшы пра два савярэны, пайшла за запалкамі.