— Дзённік! — усклікнуў Кас, кладучы ўсе тры кнігі на стол. — Цяпер ужо мы ва ўсякім выпадку тое-сёе даведаемся.
Вікарый падышоў і апёрся рукамі на стол.
— Дзённік, — паўтарыў Кас, усаджваючыся на стул. Ён падклаў дзве кнігі пад трэцюю і адкрыў яе. — Гм… А тут… ніякай назвы. Фу ты!.. Лічбы. І чарцяжы.
Вікарый абышоў стол і зазірнуў цераз плячо Каса. Кас перагортваў старонкі адна за адной, і твар яго выказваў горкае расчараванне.
— Эх ты! Тут адны лічбы, Банцінг!
— Ці няма якіх-небудзь дыяграм? — спытаў Банцінг. — Або малюнкаў, якія праліюць святло…
— Паглядзіце самі, - адказаў Кас. — Тут і матэматыка, і па-расейску ці яшчэ на нейкай там мове (калі меркаваць па літарах) напісана, і па-грэчаску. Ну, грэчаскую, я думаю, вы разбярэце…
— Вядома, — адказаў містэр Банцінг, вымаючы акуляры і праціраючы іх. Ён адразу адчуў сябе вельмі няёмка, бо ад грэчаскай мовы ў галаве яго засталося зусім нямнога. — Так, грэчаская, вядома, можа даць ключ…
— Я найду вам месца…
— Лепш я пагляджу спачатку ўсе кнігі, - сказаў містэр Банцінг, усё яшчэ праціраючы акуляры. — Спачатку, Кас, трэба атрымаць агульнае ўяўленне, а потым ужо, ведаеце, можна будзе пашукаць ключ…
Ён кашлянуў, паволі надзеў акуляры, зноў кашлянуў і ў думках пажадаў, каб што-небудзь здарылася, што магло б прадухіліць яго ганьбу. Затым ён узяў кнігу, якую перадаў яму Кас.
А затым сапраўды здарылася нешта.
Дзверы раптам адчыніліся.
Містэр Кас і вікарый уздрыгнулі ад нечаканасці, але, падняўшы вочы, з аблягчэннем убачылі чырвоную фізіяномію пад махнатым цыліндрам.
— Распівачная? — прахрыпела фізіяномія, вылупіўшы вочы.
— Не, — адказалі ў адзін голас абодва джэнтльмены.
— Насупраць, шаноўны, — сказаў містэр Банцінг.
- І, калі ласка, зачыніце дзверы, — дабавіў з раздражненнем містэр Кас.
— Добра, — сказаў незнаёмы нягучна, зусім іншым голасам, чым спачатку. — Ёсць! — зноў прахрыпеў ён, як і першы раз. — Поўны назад, — скамандаваў ён сам сабе, знікаючы і зачыняючы дзверы.
— Матрос, напэўна, — сказаў містэр Банцінг. — Забаўны народ. «Поўны назад», — чулі? Гэта, магчыма, марскі тэрмін, які азначае выхад з пакоя.
— Сапраўды, так, — сказаў Кас. — Нервы мае цалкам расстроены. Я нават падскочыў, калі дзверы расчыніліся.
Містэр Банцінг спагадліва ўсміхнуўся, быццам ён сам не падскокваў.
— А цяпер, — сказаў ён і ўздыхнуў, - зоймемся кнігамі.
— Адну хвіліну, — сказаў Кас, падымаючыся і запіраючы дзверы. — Цяпер, я думаю, нам ніхто не перашкодзіць.
У гэтую хвіліну хтосьці фыркнуў.
— Адно не выклікае сумнення, — сказаў містэр Банцінг, падсоўваючы крэсла да крэсла Каса. — У Айпінгу за апошнія дні адбываліся нейкія дзіўныя падзеі, вельмі дзіўныя. Я, вядома, не веру ў гэтую недарэчную байку пра Невідзімку…
— Гэта неверагодна, — сказаў Кас, — неверагодна. Але факт той, што я бачыў… так, так, я заглянуў у рукаў…
— Але вы ўпэўнены… ці праўда, што вы ўбачылі?.. Можа, тут было люстэрка… Выклікаць жа галюцынацыю вельмі лёгка. Я не ведаю, ці бачылі вы калі-небудзь сапраўднага добрага фокусніка?
— Не будзем спрачацца, — сказаў Кас. — Мы ж ужо пра ўсё гэта гаварылі. Звернемся да кніг… Ага, вось гэта, па-мойму, напісана па-грэчаску. Ну, вядома, гэта грэчаскія літары.
Ён паказаў на сярэдзіну старонкі. Містэр Банцінг злёгку пачырванеў і прыблізіў свой твар да кнігі: з яго акулярамі, відавочна, зноў штосьці здарылася. Яго веды ў грэчаскай мове былі вельмі слабыя, але ён думаў, што ўсе прыхаджане лічаць яго знаўцам грэчаскай і старажытнажыдоўскай. І вось… Няўжо прызнацца ў сваім невуцтве? Ці выдумаць што-небудзь? Раптам ён адчуў нейкі дзіўны дотык да сваёй патыліцы. Ён паспрабаваў падняць галаву, але сустрэў неадольную перашкоду.
Ён адчуваў незразумелы цяжар, нібы чыясьці моцная рука прыгінала яго ўніз, так што падбародак дакрануўся да стала.
— Не варушыцеся, шаноўнейшыя, — пачуўся шэпт над яго вухам, — інакш я размажджэру вам абодвум галовы.
Ён зірнуў у твар Каса, які блізка прыгнуўся да яго, і ўбачыў на ім адлюстраванне свайго асабістага спалоху і бязмежнага здзіўлення.
— Вельмі шкадую, што даводзіцца прымаць крутыя меры, — сказаў Голас, — але гэта непазбежна. Калі гэта вы навучыліся заглядаць у прыватныя запісы даследчыкаў? — сказаў Голас, і два падбародкі адначасова стукнуліся аб стол, і дзве пары сківіцаў адначасова шчоўкнулі. — Калі гэта вы навучыліся ўрывацца ў дом чалавека, які апынуўся ў бядзе? — І зноў удар па стале і шчоўканне зубоў. — Куды падзелі маю вопратку? Цяпер слухайце, — сказаў Голас. — Вокны зачынены, а з дзвярнога замка я выняў ключ. Чалавек я вельмі моцны, і пад рукой у мяне качарга, не гаворачы ўжо пра тое, што я нябачны. Несумненна, калі б я толькі захацеў, я без усялякіх намаганняў забіў бы вас абодвух і спакойна знік. Зразумела? Дык вось. Ці абяцаеце вы не рабіць глупстваў і выконваць усё, што я вам загадаю, калі я вас памілую?..