— Я цябе падбадзёру.
— Лепш не трэба. Я не хачу сапсаваць вам усю справу, але гэта можа здарыцца. Раптам я спалохаюся ці разгублюся…
— Ужо пастарайся, каб гэтага не здарылася, — сказаў Голас спакойна, але цвёрда.
— Лепш ужо памерці, - сказаў Марвел. — І гэта ж несправядліва, — працягваў ён. — Згадзіцеся самі… Мне здаецца, я маю права…
— Наперад! — сказаў Голас.
Містэр Марвел прыбавіў кроку, і нейкі час яны ішлі моўчкі.
— Вельмі цяжкая работа, — сказаў містэр Марвел.
Гэта заўвага ніяк не падзейнічала. Тады ён вырашыў падступіцца з другога канца.
— А што мне гэта дае? — пачаў ён зноў тонам горкай крыўды.
— Хопіць! — ва ўсю моц гыркнуў Голас. — Я цябе забяспечу. Толькі рабі тое, што табе загадваюць. Ты выдатна справішся, хаця ты і дурань, а справішся…
— Кажу вам, спадар, я непадыходзячы чалавек для гэтага. Я не хачу вам пярэчыць, але гэта так…
— Замоўкні ты, інакш я зноў пачну выкручваць табе руку, — сказаў Невідзімка. — Не перашкаджай мне думаць.
Наперадзе праз дрэвы бліснулі дзве плямы жоўтага святла, і ў змроку сталі бачны абрысы квадратнай царкоўнай вежы.
— Я буду трымаць руку на тваім плячы, — сказаў Голас, — пакуль мы не пройдзем праз вёску. Ідзі прама і не надумайся прыдурвацца. Інакш будзе кепска.
— Ведаю, — адказаў і ўздыхнуў Марвел, — гэта я добра ведаю.
Жаласная фігура ў старым цыліндры прайшла са сваёй ношай па вясковай вуліцы міма асветленых вокнаў і знікла ў змроку за ваколіцай.
На наступны дзень у дзесяць гадзін раніцы містэр Марвел, няголены, брудны, раскудлачаны, сядзеў на лаўцы каля ўваходу ў карчомку, якая знаходзілася ў прадмесці Порт-Стоў; рукі ён засунуў у кішэні, часта надзімаў шчокі і выгляд у яго быў вельмі зняможаны, расхваляваны і трывожны. Побач з ім ляжалі кнігі, звязаныя ўжо вяроўкай. Вузел быў пакінуты ў сасновым лесе за Брэмблхерстам, у адпаведнасці з пераменамі ў планах Невідзімкі. Містэр Марвел сядзеў на лаўцы, і, хаця ніхто не звяртаў на яго ніякай увагі, хваляванне яго ўсё ўзмацнялася. Рукі яго бесперапынку шнарылі па шматлікіх кішэнях.
Пасля таго, як ён праседзеў тут добрую гадзіну, з карчмы выйшаў пажылы матрос з газетай у руках і апусціўся на лаўку побач з Марвелам.
— Харошы дзянёк, — сказаў матрос.
Містэр Марвел стаў спалохана азірацца.
— Так, вельмі, - пацвердзіў ён.
— Надвор'е як раз па сезону, — працягваў матрос тонам, які не дапускаў пярэчанняў.
— Сапраўды, — пагадзіўся містэр Марвел.
Матрос вынуў зубачыстку і на працягу некалькіх хвілін быў заняты выключна ёю. А між тым позірк яго быў скіраваны на містэра Марвела, і ён уважліва вывучаў запыленую фігуру і кнігі, якія ляжалі побач з ім. Калі матрос падыходзіў да містэра Марвела, яму падалося, што ў таго ў кішэні звіняць манеты. Яго здзівіла неадпаведнасць паміж знешнім выглядам містэра Марвела і гэтым багаццем, якое пабразгвала. Думка яго зноў звярнулася да тэмы, якая нядаўна авалодала яго ўяўленнем.
— Кнігі? — спытаўся ён раптам, старанна арудуючы зубачысткай.
Містэр Марвел уздрыгнуў і паглядзеў на звязку, што ляжала побач.
— Так, — сказаў ён, — так-так, гэта кнігі.
— Дзіўныя рэчы можна знайсці ў кнігах, — працягваў матрос.
— Цалкам з вамі згодны, — сказаў містэр Марвел.
- І не толькі ў кнігах, — працягваў матрос.
— Правільна, — пацвердзіў містэр Марвел. Ён зірнуў на свайго субяседніка і затым паглядзеў вакол сябе.
— Вось, да прыкладу, дзіўныя рэчы часам пішуць у газетах, — пачаў зноў матрос.
— Ага, бывае.
— Вось і ў гэтай газеце, — сказаў матрос.
— А! — сказаў містэр Марвел.
— Вось тут, — працягваў матрос, не зводзячы з містэра Марвела настойлівага і сур'ёзнага позірку, — надрукавана пра Невідзімку.
Містэр Марвел скрывіў рот і пачухаў скулу, адчуваючы, што ў яго загарэліся вушы.
— Чаго толькі не выдумаюць, — сказаў ён слабым голасам. — Дзе гэта, у Аўстраліі ці ў Амерыцы?
— Нічога падобнага, — адказаў матрос, — тут.
— Госпадзі! — усклікнуў Марвел, уздрыгнуўшы.
— Праўда, не так каб зусім тут, — сказаў матрос і містэр Марвел уздыхнуў з палёгкай, — не ў гэтым самым месцы, дзе мы цяпер сядзім, але паблізу.
— Невідзімка, — сказаў Марвел. — Ну, а што ён робіць?
— Усё, — сказаў марак, уважліва разглядваючы Марвела. — Усё што трэба, — дабавіў ён.
— Я ўжо чатыры дні не бачыў газет, — сказаў Марвел.
— Спачатку ён з'явіўся ў Айпінгу, — сказаў матрос.
— Вось як? — сказаў містэр Марвел.
— Там ён з'явіўся ў першы раз, — працягваў матрос, — а адкуль ён узяўся, гэтага, відаць, ніхто не ведае. Вось: «Незвычайнае здарэнне ў Айпінгу». І ў газеце сказана, што гэта ўсё дакладна і верагодна.