— Госпадзі! — сказаў містэр Марвел.
— Так ужо, і праўда, дзіўная гісторыя. І вікарый, і доктар сцвярджаюць, што бачылі яго зусім ясна… Дакладней кажучы, не бачылі. Тут пішуць, што ён жыў у карчме «Кучар і коні» і ніхто, мусіць, спачатку не здагадваўся пра яго няшчасце, а потым у карчме надарылася бойка і ў яго з галавы сарвалі бінты. Тады і заўважылі, што галава ў яго нябачная. Тут сказана, што яго адразу ж хацелі схапіць, ды яму ўдалося скінуць з сябе вопратку і ўцячы. Праўда, яму давялося вытрымаць адчайную схватку, у час якой ён нанёс сур'ёзныя раненні заслужанаму і паважанаму канстэблю, містэру Джаферсу, вось як тут сказана. Усё адкрыта, так? Імёны названы поўнасцю і ўсё такое.
— Госпадзі! — прамовіў містэр Марвел, з трывогай азіраючыся па баках і спрабуючы вобмацкам злічыць грошы ў кішэнях: яму прыйшла ў галаву дзіўная і вельмі цікавая думка.
— Як усё гэта дзіўна! — сказаў ён.
— Праўда ж? Проста незвычайна, скажу я вам. Ніколі ў жыцці не чуў аб невідзімках. Ды што казаць: у наш час іншы раз чуеш пра такія рэчы, што…
- І гэта ўсё, што ён зрабіў? — спытаўся Марвел як мага спакайней.
— А гэтага хіба мала? — сказаў матрос.
— Ён не вярнуўся ў Айпінг? — спытаўся Марвел. — Проста ўцёк, і ўсё?
— Усё, — сказаў матрос. — Мала вам?
— Зусім дастаткова, — сказаў Марвел.
— Яшчэ б не дастаткова, — сказаў марак, — яшчэ б…
— А таварышаў у яго не было? Нічога не пішуць пра гэта? — з трывогай спытаўся Марвел.
— Няўжо вам мала аднаго такога малайца? — спытаўся матрос. — Не, слава табе госпадзі, ён быў адзін.
Матрос панура паківаў галавой.
— Нават падумаць агідна, што ён тут недзе ашываецца! Ён на свабодзе, і, як пішуць у газеце, мяркуючы па некаторых звестках, можна зрабіць здагадку, што ён накіраваўся ў Порт-Стоў. А мы якраз тут! Гэта ўжо вам не амерыканскі цуд які-небудзь. Вы падумайце толькі, што ён можа тут натварыць. Раптам ён вып'е лішняе і надумаецца кінуцца на вас? А калі ён захоча рабаваць, — хто сумее перашкодзіць яму? Ён можа забрацца куды хочаш, можа красці, можа прайсці скрозь паліцэйскую заставу гэтак жа лёгка, як мы з вамі можам уцячы ад сляпога. Яшчэ лягчэй! Сляпыя, гавораць, цудоўна добра чуюць. А калі б дзе было вінцо, якое яму спадабалася б…
— Так, вядома, становішча яго вельмі выгаднае, — сказаў містэр Марвел. — І…
— Сапраўды, — сказаў матрос, — вельмі выгаднае.
На працягу ўсёй гэтай размовы містэр Марвел не пераставаў напружана азірацца па баках, прыслухваючыся да ледзьве чутных крокаў і стараючыся заўважыць няўлоўныя рукі. Ён, здаецца, гатовы быў прыняць нейкае важнае рашэнне.
Кашлянуўшы ў руку, ён яшчэ раз азірнуўся, прыслухаўся, потым нахіліўся да матроса і, панізіўшы голас, сказаў:
— Справа ў тым, што я выпадкова тое-сёе ведаю пра гэтага невідзімку. З прыватных крыніц.
— Ого! — усклікнуў матрос. — Вы?
— Так, — сказаў Марвел. — Я.
— Вось як! — сказаў матрос. — А дазвольце спытацца…
— Вы будзеце здзіўлены, — сказаў містэр Марвел, прыкрываючы рот рукой. — Гэта дзівосна.
— Яшчэ б, — сказаў матрос.
— Справа ў тым… — пачаў містэр Марвел канфідэнцыяльным тонам. Але раптам выраз яго твару, як па чарадзейству, змяніўся. — Вой! — прастагнаў ён і цяжка заварочаўся на лаўцы; твар яго скрывіўся ад болю. — О-о-ой! — прастагнаў ён зноў.
— Што з вамі? — спытаўся спачувальна матрос.
— Зубы баляць, — сказаў містэр Марвел і прыклаў руку да шчакі. Потым хутка ўзяў кнігі. — Мне, бадай што, пара, — сказаў ён і пачаў неяк дзіўна ёрзаць па лаўцы, адсоўваючыся ад свайго субяседніка.
— Але вы ж збіраліся расказаць мне пра Невідзімку, — запратэставаў матрос.
Містэр Марвел спыніўся ў нерашучасці.
— Вутка, — сказаў Голас.
— Гэта вутка, — паўтарыў містэр Марвел.
— Дык жа ў газеце напісана… — сказаў матрос.
— Проста вутка, — сказаў Марвел. — Я знаю, хто ўсё гэта выдумаў. Ніякага няма невідзімкі. Хлусня.
— Як жа так? У газеце ж…
— Усё выдумкі, з пачатку да канца, — цвёрда сказаў Марвел.
Матрос падняўся з газетай у руках і вылупіў вочы. Містэр Марвел сутаргава азіраўся навокал.
— Пастойце, — сказаў матрос павольна і раздзельна. — Вы хочаце сказаць…
— Так, — сказаў Марвел.
— Дык якога ж чорта вы сядзелі і слухалі, што я балбачу. Чаго ж вы маўчалі, калі я тут перад вамі строіў дурня.
Містэр Марвел надзьмуў шчокі. Матрос раптам пачырванеў і сціснуў кулакі.