— Я тут, можа, дзесяць хвілін сяджу і размазваю гэтую гісторыю, а ты, тоўстаморды дурань, грубіян, не мог…
— Калі ласка, перастаньце лаяцца, — сказаў містэр Марвел.
— Лаяцца! Пачакай…
- Ідзём! — сказаў Голас.
Містэра Марвела раптам прыпадняла, закружыла, і ён закрочыў прэч нейкай дзіўнай, сутаргавай паходкай.
— Выбірайся пакуль цэлы, — сказаў матрос.
— Гэта мне выбірацца? — сказаў Марвел. Ён адступіў нейкай няроўнай, паспешлівай паходкай, амаль скачкамі; потым штосьці замармытаў напаўголасу вінаватым і разам з тым пакрыўджаным тонам.
— Боўдзіла, — сказаў матрос, шырока расставіўшы ногі і ўзяўшыся ў бокі. — Я табе пакажу, нахабнік ты гэтакі. Мяне не абдурыш! Вось яна, газета, тут усё сказана!
Містэр Марвел адказаў штосьці незразумелае; потым ён схаваўся за паваротам, але матрос усё яшчэ велічна стаяў пасярод дарогі, гледзячы яму ўслед, пакуль каляска мясніка не прымусіла яго сысці з месца. Тады ён павярнуў да Порт-Стоў.
— Колькі дурняў на свеце! — прабурчэў ён. — Бачна, хацеў пасмяяцца з мяне. Вось асёл! Ды гэта ж у газеце надрукавана!
Хутка яму давялося пачуць яшчэ аб адной здзіўляючай гісторыі, якая адбылася вельмі блізка ад яго. Гэта быў прывід «прыгаршчаў грошай» (ні больш ні менш), які падарожнічаў сам па сабе ўздоўж сцяны на вуглу Сент-Майклс-лейн. Гэтае дзіўнае відовішча ўбачыў у тую самую раніцу другі матрос. Ён, вядома, паспрабаваў схапіць грошы, але быў тут жа збіты з ног, а калі падняўся, прывід знік. Наш матрос схільны быў, па яго асабістых словах, у многае паверыць, але гэта было ўжо занадта. Пасля ён, аднак, змяніў сваю думку.
Чуткі пра лятаючыя грошы гучалі даволі верагодна. У гэты дзень па ўсёй акрузе, нават з цудоўнай канторы лонданскага банка, з кас корчмаў і крамаў — з выпадку цёплага надвор'я дзверы ўсюды былі расчынены насцеж, — грошы спакойна і спрытна вымаліся прыгаршчамі і пачкамі і лёталі па сценах і закавулках, хутка знікаючы ад позіркаў людзей, якія набліжаліся. Сваё таямнічае падарожжа грошы заўсёды заканчвалі — хаця ніхто гэтага і не прасачыў — у кішэнях неспакойнага чалавека ў старым цыліндры, які сядзеў каля дзвярэй карчмы ў прадмесці Порт-Стоў.
Толькі праз дзесяць дзён, калі ўжо ўсім было вядома пра здарэнне ў Бэрдоку, матрос параўнаў усе гэтыя здарэнні і зразумеў, як блізка ён быў ад дзіўнага Невідзімкі.
Надвячоркам доктар Кемп сядзеў у сваім кабінеце, у вежы дома, які стаяў на ўзгорку, адкуль адкрываўся від на Вэрдок. Гэта быў невялікі ўтульны пакой з трыма вокнамі — на поўнач, захад і поўдзень з вялікай колькасцю паліц, застаўленых кнігамі і навуковымі часопісамі, і з трывалым пісьмовым сталом; каля паўночнага акна стаяў столік з мікраскопам, шкельцамі, усялякімі маленькімі прыборамі, культурамі бацыл і бутэлечкамі з рэактывамі. Лямпа ў кабінеце была ўжо запалена, хаця промні заходзячага сонца яшчэ ярка асвятлялі неба. Шторы былі падняты, таму не даводзілася турбавацца, што хто-небудзь пажадае зазірнуць у акно. Доктар Кемп быў высокім стройным маладым чалавекам з ільнянымі валасамі і светлымі, амаль белымі вусамі. Рабоце, якой ён быў цяпер заняты, ён прыдаваў вялікае значэнне, разлічваючы трапіць дзякуючы ёй у члены Каралеўскага навуковага таварыства.
Выпадкова падняўшы вочы ад работы, ён убачыў агністы заход сонца над узгоркам насупраць. З хвіліну, магчыма, рассеяна прыкусіўшы кончык ручкі, ён любаваўся залатым ззяннем над вяршыняй узгорка; потым увагу яго прыцягнула маленькая чорная фігурка, якая рухалася па ўзгорку ў напрамку да яго дома. Гэта быў нізенькі чалавечак у цыліндры, і бег ён з такой хуткасцю, што ногі яго так і мільгалі ў паветры.
«Яшчэ адзін асёл, — падумаў доктар Кемп. — Падобны на таго, які наляцеў на мяне сёння раніцай з крыкам: «Невідзімка ідзе!» Не разумею, што гэта робіцца з людзьмі. Можна падумаць, што мы жывём у трынаццатым стагоддзі».
Ён падняўся, падышоў да акна і стаў глядзець на ўзгорак, ахутаны змрокам, і на цёмную фігуру чалавека, які бег.
— Ён, мусіць, вельмі спяшаецца, — сказаў доктар Кемп, — але ад гэтага штосьці мала толку. Ён бяжыць так паволі, як быццам бы ў яго кішэні набіты свінцом. Хутчэй, сэр, хутчэй! — сказаў доктар Кемп.
Праз хвіліну чалавек схаваўся за адной з віл на схіле ўзгорка. Яшчэ праз хвіліну ён зноў з'явіўся ў прасвеце паміж двума дамамі, затым зноў схаваўся і зноў паказаўся, і так тры разы, пакуль не знік зусім.
— Аслы! — сказаў доктар Кемп і, павярнуўшыся, зноў накіраваўся да пісьмовага стала.
Але тыя, каму давялося быць у гэты час на дарозе і блізка бачыць чалавека, які бег, бачыць дзікі жах на яго мокрым ад поту твары, тыя не падзялялі пагардлівага скептыцызму доктара. Чалавек уцякаў, і ад яго пры гэтым далятаў звон, як ад туга набітага кашалька, які кідаюць або туды, або сюды. Ён не аглядваўся ні направа, ні налева, але глядзеў расшыранымі вачыма проста перад сабой, туды, дзе каля падножжа ўзгорка адзін за адным успыхвалі ліхтары і тоўпіўся на вуліцы народ. Ніжняя сківіца ў яго адвісла, на губах выступіла густая пена і дыхаў ён хрыпла і гучна. Усе прахожыя спыняліся, пачыналі аглядваць дарогу і з прыкметным хваляваннем распытвалі адзін аднаго, чым могуць быць выкліканы такія паспешлівыя ўцёкі.