Выбрать главу

— А калі вы трапіце мне ў спіну? — сказаў гаспадар, выглядаючы з-пад фіранкі на вуліцу.

— Добра, — сказаў чорнабароды і, нахіліўшыся, сам адсунуў завалу, трымаючы рэвальвер напагатове. Гаспадар, размізнік і палісмен павярнуліся да дзвярэй.

— Уваходзьце, — нягучна сказаў чорнабароды, адступаючы на крок і гледзячы на дзверы; рэвальвер ён трымаў за спіной. Але ніхто не ўвайшоў і дзверы не адчыніліся. Калі праз пяць хвілін другі рамізнік асцярожна зазірнуў у шынок, усе яны стаялі ў чакальных позах, а з суседняга пакоя выглядвала бледная, спалоханая фізіяномія.

— Ці ўсе дзверы ў доме зачынены? — спытаўся Марвел. — Ён дзе-небудзь тут, вынюхвае. Ён жа хітры як чорт.

— Бог ты мой! — усклікнуў гаспадар. — А заднія дзверы! Вы тут папільнуйце. Вось жа… — Ён бездапаможна азірнуўся. Дзверы ў суседні пакой зачыніліся, і ключ шчоўкнуў у замку. — А асобны ход! І дзверы ў двор…

Ён выбег з пакоя.

Праз хвіліну ён вярнуўся з кухонным нажом у руках.

— Дзверы ў двор адчынены! — сказаў ён, і яго тоўстая ніжняя губа адвісла.

— Можа, ён ужо ў доме, — сказаў першы рамізнік.

— У кухні яго няма, — сказаў гаспадар. — Там дзве служанкі, і я па ўсёй кухні прайшоў вось з гэтым нажом, ніводнага кутка не прапусціў. Яны таксама гавораць, што ён не заходзіў. Яны нічога не заўважылі…

— Вы замкнулі дзверы? — спытаўся першы рамізнік.

— Не маленькі, слава богу, — адказаў гаспадар.

Чорнабароды схаваў рэвальвер. Але ў тую ж секунду і стукнула адкідная дошка стойкі, загрымела засаўка, гучна заскрыгатаў замок, і дзверы ў суседні пакой адчыніліся насцеж. Яны пачулі, як Марвел завішчэў, быццам злоўлены заяц, і кінуліся праз стойку да яго на дапамогу. Чорнабароды выстраліў, люстэрка ў суседнім пакоі трэснула, асколкі са звонам разляцеліся па падлозе.

Увайшоўшы ў пакой, гаспадар заўважыў, што Марвел корчыцца і боўтаецца перад дзвярамі, якія вялі цераз кухню ў двор. Пакуль гаспадар стаяў у нерашучасці, дзверы адчыніліся, і Марвел быў зацягуты ў кухню. Адтуль пачуліся крыкі і стук каструль, якія падалі. Марвел, нагнуўшы галаву, упарта адступаў назад, але быў дацягнуты да дзвярэй у двор. Завала адсунулася.

Палісмен, праціснуўшыся міма гаспадара, забег на кухню разам з адным рамізнікам, і схапіў кісць нябачнай рукі, якая трымала за каўнер Марвела, але тут жа атрымаў удар у твар, пахіснуўся і адступіў. Дзверы расчыніліся, і Марвел зрабіў адчайную спробу схавацца за імі. У гэты час рамізнік штосьці схапіў.

— Я трымаю яго! — закрычаў рамізнік.

— Злавіў! — крыкнуў ён.

Містэр Марвел, выпушчаны з нябачных рук, упаў на падлогу і паспрабаваў прапаўзці пад нагамі людзей, якія барукаліся. Схватка перамясцілася да дзвярэй. Упершыню пачуўся голас Невідзімкі — ён гучна ўскрыкнуў, таму што палісмен наступіў яму на нагу. Потым пачуўся раз'юшаны рык, і Невідзімка запрацаваў кулакамі, нібы цапамі. Рамізнік раптам завыў і скурчыўся, атрымаўшы ўдар пад дыхавіцу. Дзверы, што вялі ў пакой, зачыніліся і прыкрылі адступленне містэра Марвела. Людзі тапталіся ў цеснай кухні, пакуль не заўважылі, што яны змагаюцца з пустатой.

— Куды ён збег? — крыкнуў чорнабароды.

— Сюды, — сказаў палісмен, выходзячы на двор, і спыніўся.

Кавалак чарапіцы праляцеў над самым яго вухам і ўпаў на кухонны стол, які быў застаўлены пасудай.

— Я яму пакажу! — крыкнуў чорнабароды. Над плячом палісмена бліснула сталь, і ў змрок, у той бок, адкуль была кінута чарапіца, вылецелі адна за адной пяць куль. Страляючы, чорнабароды апісваў рукой дугу па гарызанталі, таму кулі веерам клаліся ў цесным дворыку.

Наступіла цішыня.

— Пяць куль, — сказаў чорнабароды. — Казырная гульня! Дайце ліхтар і пойдзем шукаць цела.

Раздзел XVII. Наведвальнік доктара Кемпа

Доктар Кемп працягваў пісаць у сваім кабінеце, пакуль гукі стрэлаў не прыцягнулі яго ўвагу. «Паф, паф, паф», — шчоўкалі яны адзін за адным.

— Ого! — усклікнуў доктар Кемп, зноў прыкусіўшы ручку, якой толькі што пісаў, прыслухоўваючыся! — Хто гэта ў Бэрдоку паліць з рэвальвера? Што яшчэ гэтыя аслы выдумалі?

Ён падышоў да паўднёвага акна, адчыніў яго і, высунуўшыся, стаў узірацца ў начны горад — сетку асветленых вокнаў, газавых ліхтароў і вітрын з чорнымі прамежкамі дахаў і двароў.

— Як быццам там, пад узгоркам, каля «Крыкетыстаў», сабраўся натоўп, — сказаў ён, узіраючыся. Потым позірк яго скіраваўся ўдалечыню, дзе свяціліся агні судоў і прыстань, — невялікі, ярка асветлены будынак зіхацеў, нібы жоўты алмаз. Малады месяц узыходзіў над заходнім бокам узгорка, а яркія зоркі амаль ззялі што як над тропікамі.