Пры гэтым дотыку ён адскочыў і змяніўся ў твары.
— Богам прашу, Кемп, не палохайцеся. Мне так патрэбна дапамога! Пачакайце!
Нябачная рука схапіла Кемпа за локаць. Кемп стукнуў па ёй.
— Кемп! — крыкнуў Голас. — Кемп, супакойцеся! — І нябачная рука яшчэ мацней сціснула локаць Кемпа.
Шалёнае жаданне вызваліцца апанавала Кемпа. Перавязаная рука ўчапілася яму ў плячо, і раптам Кемп быў збіты з ног і кінуты дагары на ложак. Ён адкрыў рот, каб крыкнуць, але ў тую ж секунду край прасціны апынуўся ў яго паміж зубамі. Невідзімка трымаў яго моцна, але рукі Кемпа былі свабодныя, і ён шалёна біў імі без разбору.
— Будзьце разважнымі, - сказаў Невідзімка, моцна трымаючы Кемпа, нягледзячы на ўдары, што сыпаліся на яго. — О чорт, не выводзьце мяне з цярплівасці! Ляжыце смірна, боўдзіла вы гэтакі! — раўкнуў Невідзімка ў самае вуха Кемпа.
Яшчэ з хвіліну Кемп працягваў выкручвацца, потым заціх.
— Калі вы крыкнеце, я разаб'ю вам галаву, — сказаў Невідзімка, вымаючы прасціну з рота Кемпа. — Я — Невідзімка. Гэта не выдумка і не фокус. Я сапраўды Невідзімка. І мне патрэбна ваша дапамога. Я не зраблю вам нічога шкоднага, калі вы не будзеце паводзіць сябе, як ачмурэлая дзеравеншчына. Няўжо вы мяне не помніце, Кемп? Я — Грыфін, мы ж разам вучыліся ва ўніверсітэце.
— Дайце мне падняцца, — сказаў Кемп. — Я нікуды не збягу. І дайце мне хвіліну пасядзець спакойна.
Ён сеў на ложак і памацаў патыліцу.
— Я — Грыфін, вучыўся ва ўніверсітэце разам з вамі. Я зрабіў сябе нябачным. Я — самы звычайны чалавек, якога вы ведалі, але толькі нябачны.
— Грыфін? — перапытаў Кемп.
— Так, Грыфін, — адказаў Голас. — Ва ўніверсітэце быў на курс маладзей за вас, амаль альбінос, шэсць футаў ростам і плячысты, з бела-ружовым тварам і чырвонымі вачыма. Атрымаў узнагароду за работу па хіміі.
— Нічога не разумею, — сказаў Кемп, — у галаве ў мяне зусім памутнела. Пры чым тут Грыфін?
— Грыфін — гэта я.
Кемп задумаўся.
— Гэта жахліва, — сказаў ён. — Але якая чартаўшчына можа зрабіць чалавека нябачным?
— Ніякай чартаўшчыны. Гэта зусім лагічны і даволі нескладаны працэс…
— Гэта жахліва! — сказаў Кемп. — Якім чынам?..
— Жахліва, сапраўды. Але я паранены, мне балюча, і я змарыўся. О госпадзі, Кемп, будзьце мужчынам! Аднясіцеся да гэтага спакойна. Дайце мне паесці і напіцца, а пакуль я прысяду.
Кемп глядзеў на павязку, якая рухалася па пакоі; потым ён убачыў, як плеценае крэсла працягнулася па падлозе і спынілася каля ложка. Яно затрашчала, і сядзенне апусцілася на чвэрць цаля. Кемп працёр вочы і зноў памацаў патыліцу.
— Гэта цікавей за ўсялякія прывіды, — сказаў ён і недарэчна расмяяўся.
— Вось так лепш. Слава богу, вы становіцеся разважлівымі.
— Альбо дурнею, — сказаў Кемп і зноў працёр вочы.
— Дайце мне віскі: я ледзьве дыхаю.
— Гэтага я не сказаў бы. Дзе вы? Калі я ўстану, я не наткнуся на вас? Ага, вы тут. Добра. Віскі… Калі ласка. Куды ж мне паднесці яго вам?
Крэсла затрашчала, і Кемп адчуў, што шклянку бяруць у яго з рук. Ён выпусціў яе не зусім ахвотна, неўсвядомлена асцерагаючыся, што шклянка ўпадзе і разаб'ецца. Але шклянка спынілася ў паветры, цалях у дваццаці над пярэднім краем крэсла. Кемп глядзеў на шклянку ў страшэнным неўразуменні…
— Гэта… ну, вядома, гэта — гіпноз… Вы, магчыма, унушылі мне, што вы нябачны.
— Лухта! — сказаў Голас.
— Але ж гэта вар'яцтва!
— Выслухайце мяне.
— Толькі сёння раніцай я прывёў бясспрэчныя доказы, — пачаў Кемп, — што нябачнасць…
— Плюньце на ўсе доказы, — перапыніў яго Голас. — Я паміраю ад голаду, і для чалавека, зусім распранутага, тут даволі прахладна.
— Ён адчувае голад! — сказаў Кемп.
Шклянка віскі перакулілася.
— Так, — сказаў Невідзімка, са стукам адстаўляючы шклянку. — Ці няма ў вас халата?
Кемп прамармытаў штосьці незразумелае і, падышоўшы да адзежнай шафы, выняў адтуль цёмна-чырвоны халат.
— Падыдзе? — спытаў ён.
Халат узялі ў яго з рук. З хвіліну ён вісеў нерухома ў паветры, потым дзіўна загайдаўся, выцягнуўся ва ўсю даўжыню і, зашпіліўшыся, як трэба, апусціўся ў крэсла.
— Добра б яшчэ кальсоны, шкарпэткі і туфлі, - адрывіста вымавіў Невідзімка. — І паесці.
— Калі ласка, усё, што жадаеце. Але са мной у жыцці не надаралася нічога больш недарэчнага.
Кемп дастаў з камода ўсё, што прасіў Невідзімка, і спусціўся ў кладоўку. Ён вярнуўся з халоднымі катлетамі і хлебам і, падсунуўшы невялікі столік, расставіў усё гэта перад госцем.
— Абыдуся і без нажа, — сказаў Невідзімка, і катлета павісла ў паветры. Пачулася жаванне.