Выбрать главу

— А-а!..

— Аптычная непранікальнасць! Усё гэтае пытанне — суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмі цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, і я быў энтузіяст, вось я і сказаў сабе: «Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць». Вы ж ведаеце, якім бываеш дурнем у дваццаць два гады.

— Яшчэ невядома, ці не дурней мы цяпер, — сказаў Кемп.

— Як быццам веды могуць задаволіць чалавека! Але я ўзяўся за работу і працаваў як катаржны. Мінула паўгода ўзмоцненай працы і роздуму — і вось скрозь туманную заслону бліснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пігментаў і праламленняў святла — формулу, геаметрычны выраз, які ўключае чатыры вымярэнні. Дурні, звычайныя людзі, нават звычайныя матэматыкі і не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фізіку, які-небудзь агульны выраз. У кнігах — кнігах, якія ўкраў гэты валацуга, — ёсць цуды, магічныя лічбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была ідэя, якая магла навесці на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявілася б магчымасць, не змяняючы ўласцівасці матэрыі, - за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, — практычна звесці каэфіцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых ці вадкіх, да каэфіцыента праламлення паветра.

Кемп прысвіснуў.

— Гэта цікава. Але ўсё ж для мяне не зусім ясна… Я разумею, што такім шляхам вы маглі б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабіць чалавека нябачным — да гэтага яшчэ далёка.

— Безумоўна, — сказаў Грыфін. — Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбівае, альбо праламляе яго, а можа, і ўсё разам. Калі цела не адбівае, не праламляе і не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла і адбівае астатняе, а менавіта — усе чырвоныя промні. Калі б скрынка не паглынала некаторай часткі святла, а адбівала б яго ўсяго, то яна была бы бліскучай белай скрынкай. Успомніце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, і яе паверхнасць таксама адбівала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасці ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбівалася б і праламлялася, і мы б бачылі бліскучую павуціну адлюстраванняў і празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкілета. Шкляная скрынка не такая бліскучая і не настолькі выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў і праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункі шкла больш бачныя, чым астатнія. Хрустальная скрынка блішчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмі тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленні, таму што яна не паглынае амаль ніякіх промняў і адбівае і праламляе зусім мала святла. Калі вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду ці, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусім не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца і адбіваецца вельмі слаба і ўвогуле не трапляе амаль ні пад якое ўздзеянне. Шкло ў такім выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струмені вуглекіслаты ці вадарода ў паветры. І па гэтай жа прычыне.

— Так, — сказаў Кемп, — усё гэта нескладана. У такіх рэчах цяпер разбіраецца кожны школьнік.

— А вось яшчэ адзін факт, у якім разбярэцца любы школьнік. Калі разбіць кавалак шкла і дробна стаўчы яго, ён стане значна больш прыкметным у паветры і ператворыцца ў рэшце рэшт у белы непразрысты парашок. Гэта адбываецца таму, што ператварэнне шкла ў парашок павялічвае лік плоскасцяў праламлення і адлюстравання. У шкляной пласцінцы ёсць усяго дзве паверхні, у парашку ж кожная крупінка ўяўляе сабою плоскасць праламлення ці адлюстравання святла, і скрозь увесь парашок святла праходзіць вельмі мала. Але калі белы шкляны парашок апусціць у ваду, то ён амаль зусім знікае. Шкляны парашок і вада маюць амаль аднолькавы каэфіцыент праламлення, і святло, праходзячы з аднаго асяроддзя ў другое, праламляецца і адбіваецца вельмі мала. Вы робіце шкло нябачным, змяшчаючы яго ў вадкасць з прыблізна з такім жа каэфіцыентам праламлення; усялякая празрыстая рэч робіцца нябачнай, калі яе змясціць у асяроддзе, якое валодае аднолькавым з ёй каэфіцыентам праламлення. І калі вы крышачку падумаеце, то вы зразумееце, што шкляны парашок можна зрабіць нябачным і ў паветры, калі толькі пашчасціць давесці каэфіцыент праламлення святла ў ім да каэфіцыента праламлення святла ў паветры. Бо ў такім выпадку, пры пераходзе святла з парашка ў паветра, яно не будзе ні адбівацца, ні праламляцца.