Выбрать главу

— Усё гэта так, — сказаў Кемп. — Але ж чалавек — не шкляны парашок.

— Не, — сказаў Грыфін. — Ён больш празрысты.

— Глупства.

- І гэта гаворыць урач. Як лёгка ўсё забываецца! Няўжо за дзесяць гадоў вы паспелі пазабываць усё, што ведалі па фізіцы? А вы падумайце, колькі існуе празрыстых рэчываў, якія празрыстымі не здаюцца! Папера, напрыклад, складаецца з празрыстых валокнаў, і калі яна ўяўляецца белай і непразрыстай, то гэта адбываецца па той жа самай прычыне, па якой нам здаецца белым і непразрыстым тоўчанае шкло. Прамасліце белую паперу, запоўніце ўсе поры паміж часціцамі паперы маслам так, каб праламленне і адлюстраванне адбываліся толькі на паверхнях, і папера зробіцца такой жа празрыстай, як шкло. І не толькі папера, але і валокны бавоўны, ільну, шэрсці, драўніны, а таксама — заўважце гэта, Кемп! — і косці, і мышцы, і валасы, і ногці і нервы. Адным словам, увесь чалавечы арганізм складаецца з празрыстай тканкі, за выключэннем чырвоных крывяных шарыкаў і цёмнага пігменту валасоў; вось як мала патрэбна, каб мы маглі бачыць адзін аднаго. Па большай частцы тканкі жывой істоты не менш празрыстыя, чым вада.

— Правільна, правільна! — усклікнуў Кемп. — Толькі сёння ноччу я думаў аб марскіх лічынках і мядузах!

— Вось-вось, цяпер вы мяне зразумелі. І ўсё гэта я ведаў і прадумаў ужо праз год пасля ад'езду з Лондана, шэсць гадоў назад. Але я ні з кім не падзяліўся сваімі думкамі. Мне давялося працаваць у вельмі цяжкіх умовах. Габема, мой прафесар, быў мужлан у навуцы, чалавек, ахвочы да чужых ідэй — ён вечна за мной падглядваў! Вы ж ведаеце, якое махлярства пануе ў навуковым свеце. Я не хацеў публікаваць сваё адкрыццё і дзяліцца славай з гэтым Габемам. Я працягваў працаваць, я ўсё бліжэй падыходзіў да ператварэння сваёй тэарэтычнай формулы ў эксперымент, у рэальны дослед. Я нікому не паведамляў аб сваіх работах, я хацеў асляпіць сваім адкрыццём і адразу заваяваць вядомасць. Я заняўся пытаннем аб пігментах, каб запоўніць некаторыя прабелы, і раптам, па чыстай выпадковасці, зрабіў адкрыццё ў галіне фізіялогіі.

— Так?

— Вам вядома чырвонае рэчыва, якое афарбоўвае кроў. Дык вось: яно можа стаць белым, бясколерным, захоўваючы ў той жа час усе свае якасці.

У Кемпа вырваўся вокліч здзіўлення.

Невідзімка ўстаў і закрочыў па цесным кабінеце.

— Вы здзіўлены — я разумею. Помню тую ноч. Было вельмі позна — днём перашкаджалі працаваць непісьменныя студэнты, якія глядзелі на мяне, разінуўшы рот, і я іншы раз заседжваўся да раніцы. Адкрыццё гэтае асяніла мяне раптоўна, яно з'явілася ва ўсім сваім бляску і закончанасці. Я быў адзін, у лабараторыі панавала цішыня, уверсе ярка гарэлі лямпы… «Можна зрабіць жывёліну — яе тканку — празрыстай! Можна зрабіць яе нябачнай! Усё, акрамя пігментаў. Я магу стаць невідзімкам», — сказаў я, раптам усвядоміўшы, што значыць быць альбіносам, валодаючы такімі ведамі. Я быў ашаломлены. Я кінуў фільтраванне, якім быў заняты, і падышоў да вялікага акна. «Я магу стаць невідзімкам», — паўтараў я, гледзячы на зорнае неба.

Зрабіць гэта — значыць перасягнуць магію і чарадзейства. І я, свабодны ад усялякіх сумненняў, стаў маляваць сабе цудоўную карціну таго, што можа даць чалавеку нябачнасць. Таямнічасць, магутнасць, свабоду. Адваротнага боку медаля я не бачыў. Падумайце толькі! Я — варты жалю бедны асістэнт, які вучыць дурняў у правінцыяльным каледжы, — магу зрабіцца ўсемагутным. Скажыце самі, Кемп, вось калі б вы… Кожны, паверце, схапіўся б за такое адкрыццё. І я працаваў яшчэ тры гады, і за кожнай перашкодай, якую я з такім намаганнем пераадольваў, узнікала новая! Колькі дэталяў! І да таго ж ні хвіліны спакою! Гэты правінцыяльны прафесар вечна падглядвае за табой! Назаляе і назаляе: «Калі ж вы нарэшце апублікуеце сваю работу?» А студэнты! Беднасць! Тры гады такога жыцця. Тры гады я працаваў, хаваючыся, у бесперапыннай трывозе — і пасля ўсяго гэтага пераканаўся што закончыць мой дослед немагчыма… немагчыма…

— Чаму? — спытаўся Кемп.

— Грошы… — адказаў Невідзімка і стаў глядзець у акно. Раптам ён рэзка павярнуўся.

— Тады я абакраў свайго старога, абрабаваў роднага бацьку… Грошы былі чужыя, і ён застрэліўся.

Раздзел XX. У доме на Грэйт-Портленд-стрыт

З хвіліну Кемп сядзеў маўкліва, гледзячы на спіну безгаловай фігуры, якая стаяла каля акна. Потым уздрыгнуў, уражаны нейкай думкай, падняўся, узяў Невідзімку за руку і адвёў яго ад акна.