— Вы стаміліся, — сказаў ён. — Я сяджу, а вы ўвесь час ходзіце. Сядзьце ў маё крэсла.
Сам ён сеў паміж Грыфінам і бліжэйшым акном. Грыфін сеў у крэсла, памаўчаў крыху, потым зноў хутка загаварыў:
— Калі гэта здарылася, я ўжо развітаўся з каледжам у Чэзілстоў. Гэта было ў снежні мінулага года. Я наняў пакой у Лондане, вялікі пакой без мэблі ў вялізным занядбаным доме, у глухім квартале, каля Грэйт-Портленд-стрыт. Пакой хутка запоўніўся самымі рознымі апаратамі, купленымі на бацькоўскія грошы, і я працаваў упарта, паспяхова, я няспынна набліжаўся да мэты. Я быў падобны на чалавека, які выбраўся з густога зарасніку і нечакана быў уцягнуты ў нейкую бязглуздую незразумелую трагедыю. Я паехаў на пахаванне бацькі. Я ўвесь быў захоплены сваімі доследамі, і я палец аб палец не стукнуў, каб выратаваць яго рэпутацыю. Помню пахаванне, танную труну, убогую працэсію, што паднімалася па схіле ўзгорка, халодны, пранізлівы вецер… Стары ўніверсітэцкі таварыш бацькі здзейсніў над ім апошні абрад, — няшчасны, чорны, скручаны стары, які пакутаваў насмаркам.
Помню, я вяртаўся з могілак у апусцелы дом па мястэчку, якое некалі было вёскай, а цяпер, на скорую руку перабудаванае і залатанае, стала агідным падабенствам горада. Усе дарогі, па якой ні пойдзеш, вялі ў запусцелыя навакольныя палі і абрываліся ў кучах шчэбню і густых зарасніках пустазелля. Помню, як я крочыў па слізкім бліскучым тратуары — змрочная чорная фігура — і нейкае дзіўнае пачуццё адчужанасці адчуваў я ў гэтым гарадку, ханжаскім і гандлярскім.
Смерць бацькі ніколькі мяне не засмуціла. Ён здаваўся мне ахвярай сваёй асабістай неразумнай чуллівасці. Усеагульная крывадушнасць патрабавала маёй прысутнасці на пахаванні, на самой жа справе гэта мяне мала закранала.
Але, ідучы па Хай-стрыт, я прыпомніў на імгненне сваё мінулае. Я ўбачыў дзяўчыну, якую ведаў дзесяць гадоў назад. Нашы вочы сустрэліся…
Сам не ведаю чаму, я вярнуўся і загаварыў з ёй. Яна аказалася самым звычайным стварэннем.
Усё маё знаходжанне на старым папялішчы было падобна на сон. Я не адчуваў тады, што я адзінокі, што я перайшоў з жывога свету ў пустыню. Я ўсведамляў, што згубіў цікавасць да навакольнага. Але прыпісваў гэта агульнай пустаце жыцця. Вярнуцца ў свой пакой азначала для мяне зноў забыць сапраўдную рэчаіснасць. Тут было ўсё тое, што я ведаў і любіў: апараты, падрыхтаваныя доследы. Амаль усе перашкоды былі ўжо ліквідаваны, заставалася толькі абдумаць некаторыя дробязі.
Калі-небудзь, Кемп, я апішу вам усе гэтыя вельмі складаныя працэсы. Не станем зараз уваходзіць у падрабязнасці. У большасці, за выключэннем некаторых пунктаў, якія я лічу за лепшае захоўваць у памяці, усё гэта запісана шыфрам у тых кнігах, якія сцягнуў валацуга. Мы павінны злавіць яго. Мы павінны вярнуць гэтыя кнігі. Галоўная задача заключалася ў тым, каб змясціць празрысты прадмет, каэфіцыент праламлення якога патрэбна было знізіць, паміж двума святловыпраменьваючымі цэнтрамі эфірнай вібрацыі, - пра яе я раскажу вам потым. Не, не рэнтгенаўскія промні. Не ведаю, ці апісваў хто-небудзь тыя промні, пра якія я кажу, але яны існуюць, гэта несумненна. Я карыстаўся двзюмя невялікімі дынама-машынамі, якія пускаў у ход пры дапамозе таннага газавага рухавіка. Першы мой дослед я прарабіў над кавалкам белай шарсцяной тканіны. Да чаго ж дзіўна было бачыць, як гэтая белая мяккая тканіна паступова таяла, быццам струмень пары, і потым знікала зусім.
Мне не верылася, што я гэта зрабіў. Я сунуў руку ў пустату і намацаў тканіну. такую ж шчыльную, як і раней. Я незнарок тузануў, і яна ўпала на падлогу. Я не адразу знайшоў яе.
А потым здарылася вось што: я пачуў за спіной мяўканне, павярнуўся і ўбачыў на вадасцёкавай трубе за акном белую кошку — худую і страшэнна брудную. Мяне нібы асяніла. «Усё гатова для цябе», — сказаў я, падышоў да акна, адчыніў яго і ласкава паклікаў кошку. Яна зайшла ў пакой мурлыкаючы, — небарака, яна ледзьве не здыхала ад голаду, і я даў ёй малака. Уся мая правізія захоўвалася ў буфеце, у кутку пакоя. Выхлебтаўшы малако, кошка стала разгульваць па пакоі, абнюхваючы ўсе куткі — мусіць, яна вырашыла, што тут будзе яе новы дом. Нябачная ануча некалькі ўсхвалявала яе — вы паглядзелі б, як яна зафыркала! Я пасадзіў яе вельмі зручна на маім складным ложку і пачаставаў маслам, каб яна дала памыць сябе.
- І вы паспрабавалі правесці над ёй дослед?
— Так. Але напаіць кошку зеллем — гэта не жарт, Кемп! І дослед мой не ўдаўся.
— Не ўдаўся?
— Па двух пунктах. Па-першае, кіпцюры, а па-другое, пігмент… забыўся яго назву — на задняй сценцы вока ў кошак, помніце?
— Tapetum.
— Ага, tapetum. Гэты пігмент не знікаў. Пасля таго, я даў ёй сродак для выбельвання крыві і зрабіў над ёй розныя другія працэдуры, я даў ёй опіума і разам з падушкай, на якой яна спала, змясціў яе каля апарата. І потым, калі ўсё страціла колер і знікла, засталіся дзве невялікія плямы — яе вочы.