Выбрать главу

— Страшэнная штука, — сказаў Кемп.

— Я прачнуўся, адчуваючы вялікі прыліў сіл, але і нейкую раздражняльнасць. Вам знаёмы гэты стан?

— Знаёмы.

— Тут хтосьці пастукаўся ў дзверы. Гэта быў гаспадар дома, які прыйшоў з пагрозамі і роспытамі, стары польскі жыд, у доўгім шэрым сюрдуце і стаптаных туфлях. «Вы ноччу мучылі кошку», — запэўніваў ён; старая, напэўна, паспела ўжо разбалбатаць. Ён патрабаваў, каб я яму сказаў, у чым справа. Вівісекцыя строга забаронена законам, адказнасць можа трапіць і на яго. Я сцвярджаў, што ніякай кошкі ў мяне не было. Тады ён заявіў, што гудзенне газавага рухавіка чуецца ва ўсім доме. З гэтым я, вядома не пагаджаўся. Ён усё круціўся вакол мяне, стараючыся прашмыгнуць у пакой і заглядваючы туды скрозь свае акуляры ў мельхіёравай аправе, і раптам мяне ахапіў страх, каб ён не адкрыў маю тайну. Я стараўся стаць паміж ім і маім апаратам, але гэта толькі падагравала яго цікаўнасць. Чым я займаюся? Чаму я заўсёды адзін і хаваюся ад людзей? Ці не займаюся я чым-небудзь злачынным? Ці не небяспечна гэта? А я нічога не плачу зверх звычайнай кватэрнай платы. Яго дом заўсёды карыстаўся добрай рэпутацыяй, у той час калі суседнія дамы гэтым пахваліцца не могуць. Нарэшце я страціў цярпенне. Папрасіў яго выбірацца. Ён запратэставаў, штосьці мармытаў пра сваё права ўваходзіць да мяне, калі яму пажадаецца. Яшчэ секунда — і я схапіў яго за каўнер… Штосьці з трэскам парвалася, і ён кулём вылецеў у калідор. Я зачыніў за ім дзверы, замкнуў іх на ключ і, увесь дрыжучы, апусціўся на крэсла.

Гаспадар яшчэ нейкі час шумеў за дзвярамі, але я не звяртаў на яго ўвагі, і ён хутка пайшоў.

Гэтае здарэнне змусіла мяне да рашучых дзеянняў. Я не ведаў, ні што ён мяркуе рабіць, ні якое мае на гэта права. Пераезд на новую кватэру затрымаў бы маю работу, а грошай у мяне ў банку засталося ўсяго дваццаць фунтаў. Не, ніякага прамаруджання я не мог дапусціць. Знікнуць! Спакуса была неадольная. Але тады пачнецца следства, пакой мой разрабуюць…

Адна думка пра тое, што работу маю могуць раскрыць ці спыніць у той момант, калі яна амаль закончана, прывяла мяне ў лютасць і вярнула мне энергію. Я спешна выйшаў са сваімі трыма тамамі заметак і чэкавай кніжкай — цяпер усё гэта знаходзіцца ў таго валацугі — і накіраваў іх з бліжэйшага паштовага аддзялення ў кантору захоўвання пісем і пасылак на Грэйт-Портленд-стрыт. Я пастараўся выйсці з дому як мага цішэй. Вярнуўшыся, я ўбачыў, што гаспадар дома спакойна падымаецца па лесвіцы, — ён, відавочна, чуў, як я замыкаў дзверы. Вы рассмяяліся б, калі б убачылі, як ён адскочыў убок, калі я дагнаў яго на пляцоўцы. Ён кінуў на мяне спапяляльны позірк, але я прабег міма яго і ўляцеў да сябе ў пакой, стукнуўшы дзвярамі так, што ўвесь дом задрыжаў. Я чуў, як ён шоргаючы нагамі, даплёўся да маіх дзвярэй, трохі пастаяў каля іх, потым спусціўся ўніз. Я адразу ж стаў рыхтавацца да доследу.

Усё было зроблена на працягу гэтага вечара і ночы. У той час, калі я яшчэ знаходзіўся пад адурманьваючым дзеяннем лекаў, якія я прыняў для абясколервання крыві, хтосьці стаў стукацца ў дзверы. Потым стук спыніўся, крокі аддаліліся было, але зноў прыблізіліся, і стук у дзверы паўтарыўся. Хтосьці паспрабаваў штосьці прасунуць пад дзверы — нейкую сінюю паперку. Тут мне не хапіла цярплівасці, я ўскочыў, падышоў да дзвярэй і расчыніў іх насцеж. «Ну, што яшчэ?» — спытаўся я.

Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленні ці нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьці здзівілі мае рукі, і ён зірнуў мне ў твар.

З хвіліну ён стаяў разінуўшы рот, затым крыкнуў штосьці невыразнае, выпусціў і свечку і паперу і, спатыкаючыся, кінуўся ўцякаць па цёмным калідоры да лесвіцы. Я зачыніў дзверы, замкнуў іх на ключ і падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, — быццам з белага каменя.

Але я не чакаў, што мне давядзецца так многа пакутаваць. Гэта было жахліва. Уся ноч прайшла ў страшных мучэннях, млоснасці і непрытомнасці. Я сціснуў зубы, усё цела гарэла, як у агні, але я ляжаў нерухома, быццам мёртвы. Тады я зразумеў, чаму кошка так выла, пакуль я не захларафармаваў яе. На шчасце, я жыў адзін, без служанкі. Былі хвіліны, калі я плакаў, стагнаў, размаўляў сам з сабою. Але я не вытрымаў… Я страціў прытомнасць і апрытомнеў толькі сярод ночы, вельмі аслабелы. Боль я ўжо зусім не адчуваў. Я вырашыў, што забіваю сябе, але паставіўся да гэтага цалкам абыякава. Ніколі не забуду гэтага світанку, не забуду жудасці, якая ахапіла мяне пры выглядзе маіх рук, якія былі нібы зроблены з дымчатага шкла і паступова, з наступленнем дня, станавіліся ўсё больш празрыстыя і тонкія, так што я мог бачыць скрозь іх усе прадметы, якія былі бязладна параскіданы па пакоі, хоць і заплюшчваў свае празрыстыя павекі. Цела маё зрабілася нібы шкляное, косці і артэрыі паступова бляднелі, знікалі; апошнімі зніклі тонкія ніткі нерваў. Я рыпеў зубамі ад болю, але вытрымаў да канца… Нарэшце засталіся толькі амярцвелыя белыя кончыкі пазногцяў і бурая пляма нейкай кіслаты на пальцы.