Раней я ніколі не задумваўся, што для сабакі нос тое ж, што для чалавека вочы. Сабакі чуюць носам рух чалавека таксама, як людзі бачаць яго вачамі. Агіднае стварэнне стала брахаць і скакаць вакол мяне, занадта дакладна паказваючы, што яно ведае пра маю прысутнасць. Я перасек Грэйт-Рэсел-стрыт, увесь час азіраючыся цераз плячо, і толькі паглыбіўшыся ў Мантэгю-стрыт, заўважыў, што рухаецца мне насустрач.
Да мяне даляцелі гучныя гукі музыкі, і я ўбачыў вялікі натоўп, які ішоў з боку Рэсел-сквер, — чырвоныя курткі, а наперадзе сцяг Арміі выратавання. Я не мог разлічваць прабрацца непрыкметна скрозь такі натоўп, які запоўніў усю вуліцу, а павярнуць назад, зноў адысці яшчэ далей ад дому я баяўся. Таму я тут жа прыняў рашэнне: хутка ўзбег на ганак белага дома насупраць агарожы музея і стаў чакаць, пакуль пройдзе натоўп. На шчасце, сабачка, пачуўшы музыку, перастаў брахаць, пастаяў крыху ў нерашучасці і затым, падціснуўшы хвост, пабег назад, да Блумсберы-сквер.
Натоўп набліжаўся, ва ўсё горла распяваючы гімн, які падаўся мне іранічным намёкам: «Калі мы ўбачым яго лік?» Час, пакуль натоўп праходзіў міма, цягнуўся для мяне бясконца. «Бум, бум, бум», — грымеў барабан, і я не адразу заўважыў, што два хлапчукі спыніліся каля мяне: «Глядзі», — сказаў адзін. «А што?» — спытаўся другі. «Сляды. Ды басанож. Як быццам па гразі шлёпаў».
Я паглядзеў уніз і ўбачыў, што хлапчукі, вылупіўшы вочы, разглядваюць брудныя сляды, якія я пакінуў на свежавыбеленых прыступках. Прахожыя груба штурхалі іх, але яны, зацікаўленыя сваім адкрыццём, працягвалі стаяць каля мяне. «Бум, бум, бум, калі, бум, убачым мы, бум, яго лік, бум, бум…» — «Праўду табе кажу, хтосьці ўзышоў басанож на гэты ганак, — сказаў адзін. — А ўніз не спускаўся, і з нагі кроў ішла».
Шэсце ўжо хавалася з вачэй. «Глядзі, Тэд, глядзі!» — крыкнуў малодшы з пільных сышчыкаў у вялікім здзіўленні, паказваючы на мае ногі. Я зірнуў уніз і адразу заўважыў цьмяныя абрысы сваіх ног, абмаляваныя гразёй. На хвіліну я аслупянеў.
«Ах, чорт! — усклікнуў старэйшы. — Вось дык штука! Як прывід, далібог!» — Пасля некаторай развагі ён падышоў да мяне бліжэй і працягнуў руку. Нейкі чалавек крута спыніўся, каб паглядзець, што гэта ён ловіць, потым падышла дзяўчына. Яшчэ секунда, і хлапчук датыкнуўся б да мяне. Тут я скеміў, што мне рабіць. Ступіўшы наперад, — хлапчук з крыкам адскочыў убок, — я хутка пералез цераз агароджу на ганак суседняга дома. Але малодшы хлапчук прыкмеціў мой рух, і, перш чым я паспеў спусціцца на тратуар, ён ачомаўся ад часовай збянтэжанасці і стаў крычаць, што ногі пераскочылі цераз агароджу.
Усе кінуліся туды і ўбачылі, як на ніжняй прыступцы і на тратуары з хуткасцю маланкі з'яўляюцца новыя сляды ног. «У чым справа?» — спытаўся хтосьці. «Ногі! Глядзіце. Бягуць ногі!»
Увесь народ на вуліцы, акрамя маіх трох праследавацеляў, спяшаўся за Арміяй выратавання, і гэтая плынь затрымлівала не толькі мяне, але і пагоню. З усіх бакоў сыпаліся пытанні і чуліся воклічы здзіўлення. Я збіў з ног нейкага юнака і кінуўся бегчы вакол Рэсел-сквер, а чалавек шэсць ці сем здзіўленых прахожых імчалі па майму следу. Тлумачыць, на шчасце, ім не было калі, а інакш, напэўна, увесь натоўп кінуўся б за мной.
Я мяняў кірунак уцёкаў, тройчы пераходзіў цераз вуліцу і вяртаўся назад той жа дарогай; ногі мае сагрэліся і высахлі і ўжо не пакідалі мокрых слядоў. Нарэшце, падлавіўшы свабодную хвіліну, я начыста выцер ногі рукамі і такім чынам канчаткова схаваўся. Апошняе, што я бачыў з пагоні, былі чалавек дзесяць, якія збіліся кучкай і ў бязмежным неўразуменні разглядвалі паволі высыхаючы адбітак нагі, якая трапіла ў лужыну на Тавісток-сквер — адзіны адбітак, такі ж незразумелы, як той, на які натрапіў Рабінзон Круза.
Мае ўцёкі крыху сагрэлі мяне, і я стаў прабірацца цераз сетку малалюдных вулачак і завулкаў ужо ў больш бадзёрым настроі. Спіну ламала, пад вухам ныла ад пальцаў рамізніка, скура была разадрана яго пазногцямі, ногі моцна балелі, і з-за парэзанай ступні я накульгваў. Да мяне наблізіўся нейкі сляпы, але я своечасова прыкмеціў яго і кінуўся ўбок, асцерагаючыся яго тонкага слыху. Раз ці два я выпадкова сутыкаўся з прахожымі, і яны спыняліся ў неўразуменні, аглушаныя лаянкай, якая немаведама адкуль пачулася. Потым я адчуў на твары штосьці мяккае, і плошча стала пакрывацца тонкім слоем снегу, які паволі падаў зверху. Я, напэўна, прастудзіўся і не мог утрымацца, каб час ад часу не чхнуць. А кожны сабака, які трапляўся мне на шляху і, выцягнуўшы морду, пачынаў з цікаўнасцю абнюхваць мае ногі, выклікаў у мяне жах.