Спачатку я накіраваўся ў памяшканне, у якім я бачыў панчохі і пальчаткі. Было цёмна, і я ледзьве адшукаў запалкі ў скрынцы невялікай канторкі. Але яшчэ трэба было здабыць свечку. Давялося сцягваць чахлы і шнарыць па скрынках і каробках, але ў рэшце рэшт я ўсё ж знайшоў тое, што шукаў. Свечкі ляжалі ў скрынцы, на якой быў надпіс: «Шарсцяныя панталоны і фуфайкі». Потым я ўзяў шкарпэткі і тоўсты шалік, пасля чаго накіраваўся ў аддзяленне гатовай вопраткі, дзе ўзяў штаны, мяккую куртку, паліто і капялюш з загнутымі ўніз палямі, накшталт тых, што носяць святары. Я зноў адчуў сябе чалавекам і найперш усяго падумаў пра ежу.
На верхнім паверсе аказалася закусачная, і там я знайшоў халоднае мяса. У кафейніку засталося крыху кавы, я запаліў газ і падагрэў яе. Увогуле, я ўладкаваўся зусім няблага. Затым я накіраваўся на пошукі коўдры — мне давялося задаволіцца пуховымі пярынамі, - і натрапіў на бакалейнае аддзяленне, дзе знайшоў цэлую кучу шакалада і зацукраваных фруктаў, якімі я ледзьве не аб'еўся, і некалькі бутэлек бургундскага. А побач знаходзіўся аддзел цацак, які навёў мяне на бліскучую думку: я знайшоў некалькі штучных насоў, - ведаеце, з пап'е-машэ, — і тут жа падумаў аб цёмных акулярах. На жаль, у «Omnium» не знайшлося аптычнага аддзела. Але ж нос быў для мяне сапраўды важнай справай. Спачатку я падумаў нават аб грыме. Адшукаўшы сабе картонны нос, я пачаў марыць аб парыках, масках і так далей. Нарэшце я заснуў на пярынах, дзе было вельмі цёпла і зручна.
Яшчэ ні разу з моманту незвычайнай перамены я не адчуваў сябе так добра, як у той вечар, засынаючы. Я знаходзіўся ў стане поўнай ціхамірнасці і быў у вельмі аптымістычным настроі. Я спадзяваўся, што раніцай непрыкметна выберуся з магазіна, апрануўшыся і захутаўшы твар белым шалікам; затым куплю акуляры на ўкрадзеныя мною грошы, і такім чынам пераапрананне маё будзе закончана. Ноччу мне сніліся ўперамежку ўсе фантастычныя прыгоды, якія здарыліся са мной за апошнія некалькі дзён. Я бачыў раззлаванага жыда-домагаспадара, яго неўразумелых пасынкаў, зморшчаны твар старой, якая пыталася пра сваю кошку. Я зноў зведаў дзіўнае адчуванне пры з'яўленні белай тканіны, якая знікла. Затым мне ўявіўся родны гарадок і прастужаны дзядок вікарый, які шамкае над магілай майго бацькі: «З зямлі ўзяты, у зямлю адыдзеш…»
«І ты», — сказаў чыйсьці голас, і раптам мяне пацягнулі да магілы. Я вырываўся, крычаў, упрошваў магільшчыкаў, але яны стаялі нерухома і слухалі адпяванне; дзядок вікарый таксама, не спыняючыся, манатонна чытаў малітвы і перапыняў сваё чытанне чханнем. Я ўсведамляў, што мяне не бачаць і не чуюць і што я ва ўладзе сіл, якія адолелі мяне. Барацьба мая была дарэмнай: мяне кінулі ў магілу, і я, падаючы, ударыўся аб труну, а зверху мяне сталі засыпаць зямлёй. Ніхто не заўважаў мяне, ніхто не падазраваў аб маім існаванні. Я сутаргава завалтузіўся і прачнуўся.
Бледная лонданская зара ўжо разгаралася; праз шчыліны паміж аконнымі шторамі пранікала халоднае шэрае святло. Я сеў і доўга не мог уцяміць, што гэта за велізарнае памяшканне з жалезнымі слупамі, з прылаўкамі, грудамі згорнутых матэрый, кучай коўдраў і падушак. Затым успомніў усё і тут жа пачуліся нечыя галасы.
Здалёку, з пакоя, дзе было святлей, таму што шторы былі там падняты, да мяне прыбліжаліся двое. Я ўскочыў, думаючы, куды схавацца, і гэты рух выдаў ім маю прысутнасць. Я думаю, што яны паспелі заўважыць толькі фігуру, якая шпарка аддалялася. «Хто гэта?» — крыкнуў адзін. «Стой!» — закрычаў другі. Я завярнуў за вугал і сутыкнуўся з худым хлапчуком гадоў пятнаццаці. Не забудзьце, я быў фігурай без твару! Ён завішчаў, а я збіў яго з ног, кінуўся далей, завярнуў за другі вугал, і тут у мяне мільганула шчаслівая думка: я распластаўся за прылаўкам. Яшчэ хвіліна, і я пачуў крокі людзей, якія беглі, адусюль несліся крыкі: «Дзверы зачыніце, дзверы!» — «Што здарылася?» — і з усіх бакоў пасыпаліся парады, як злавіць мяне.