Я прасядзеў у гэтай маленькай гасцінай цэлую вечнасць. Нарэшце ён вярнуўся і адчыніў дзверы наверх. Мне ўдалося праціснуцца следам за ім.
На лесвіцы ён раптам спыніўся, так што я ледзьве не наскочыў на яго. Ён стаяў, павярнуўшы галаву, гледзячы мне прама ў твар і ўважліва прыслухоўваючыся. «Я гатовы паклясціся…» — сказаў ён. Доўгай валасатай рукой ён пашчыпваў ніжнюю губу, і позірк яго слізгаў па лесвіцы. Штосьці прабурчэўшы, ён стаў падымацца наверх.
Ужо ўзяўшыся за ручку дзвярэй, ён зноў спыніўся з выразам таго ж сярдзітага неразумення на твары. Ён відавочна ўлоўліваў шорах маіх рухаў. Як бачна, у гэтага чалавека быў незвычайна тонкі слых. Раптам ім авалодала шаленства. «Калі хто-небудзь забраўся ў дом…» — закрычаў ён, моцна вылаяўся і, не закончыўшы пагрозы, сунуў руку ў кішэню. Не знайшоўшы там таго, што шукаў, ён шумна і сярдзіта кінуўся міма мяне ўніз. Але я за ім не паследаваў, а ўсеўся на верхняй прыступцы лесвіцы і стаў чакаць яго вяртання.
Неўзабаве ён з'явіўся зноў, усё яшчэ штосьці мармычучы. Ён адчыніў дзверы, але перш чым я паспеў увайсці, ён зачыніў іх перад маім носам.
Я вырашыў агледзець дом і патраціў на гэта нейкі час, стараючыся рухацца як мага цішэй. Дом быў зусім стары, ды такі сыры, што шпалеры адсталі ад сцен, і поўны пацукоў. Амаль усе дзвярныя ручкі паварочваліся вельмі туга, і я баяўся чапаць іх. Некаторыя пакоі былі зусім без мэблі, а іншыя завалены тэатральным хламам, які быў куплены — калі меркаваць па яго знешнім выглядзе — з другіх рук. У пакоі побач са спальняй я знайшоў кучу старой вопраткі. Я стаў нецярпліва капацца ў ёй і, захапіўшыся, забыўся пра тонкі слых гаспадара. Я пачуў асцярожныя крокі і падняў галаву якраз своечасова: гаспадар з'явіўся на парозе са старым рэвальверам у руцэ і ўтаропіўся на раскіданую кучу вопраткі. Я стаяў, не варушачыся, увесь час, пакуль ён з разяўленым ротам падазрона аглядваў пакой. «Напэўна яна! — паволі вымавіў ён. — Чорт бы яе ўзяў!»
Ён бясшумна зачыніў дзверы і тут жа замкнуў іх на ключ. Я пачуў яго крокі, якія аддаляліся. І раптам я зразумеў, што замкнуты. У першую хвіліну я разгубіўся. Прайшоў ад дзвярэй да акна і назад і спыніўся, не ведаючы, што рабіць. Мяне ахапіла шаленства. Але я вырашыў перш за ўсё агледзець вопратку, і першая ж мая спроба сцягнуць вузел з верхняй паліцы, зноў устрывожыла гаспадара. Ён з'явіўся яшчэ больш змрочны, чым раней. На гэты раз ён зачапіў мяне, адскочыў і, уражаны, спыніўся, разявіўшы рот, пасярод пакоя.
Неўзабаве ён крыху заспакоіўся. «Пацукі», — сказаў ён напаўголасу, прыклаўшы палец да губ. Ён відавочна быў некалькі напалоханы. Я бясшумна выйшаў з пакоя. Але пры гэтым рыпнула масніца. Тады гэты д'ябал стаў хадзіць па ўсім доме, з рэвальверам напагатове, замыкаючы ўсе дзверы і хаваючы ключы ў кішэню. Уцяміўшы, што ён задумаў, я прыйшоў у такое шаленства, што ледзьве было не прапусціў зручны момант. Я цяпер дакладна ведаў, што ён адзін ва ўсім доме. Таму я без усялякіх цырымоній стукнуў яго па галаве.
— Стукнулі па галаве?! — усклікнуў Кемп.
— Так, аглушыў яго, калі ён ішоў уніз. Стукнуў яго стулам, які стаяў на пляцоўцы лесвіцы. Ён пакаціўся ўніз, як мех са старым абуткам.
— Але, дазвольце, простая гуманнасць…
— Простая гуманнасць падыходзіць для звычайных людзей. Вы зразумейце, Кемп, мне трэба было выбрацца з гэтага дома апранутым — і так, каб ён мяне не ўбачыў. Іншага спосаба я не мог прыдумаць. Потым я заткнуў яму рот камзолам эпохі Людовіка Чатырнаццатага і завязаў яго ў прасціну.
— Завязалі ў прасціну?
— Зрабіў з яго нешта накшталт вузла. Добры сродак, каб напалохаць гэтага ідыёта і пазбавіць яго магчымасці крычаць і рухацца, а выбрацца з гэтага вузла было б не так проста. Дарагі Кемп, нечага сядзець і глядзець на мяне, як на забойцу. У яго ж быў рэвальвер. Калі б ён убачыў мяне, ён мог бы апісаць маю знешнасць…
— Але ўсё ж, — сказаў Кемп, — у Англіі, у наш час… І чалавек жа гэты быў у сябе дома, а вы… вы ўчынілі грабеж!
— Грабеж? Чорт ведае што такое! Вы яшчэ, бадай, назавеце мяне злодзеем. Спадзяюся, Кемп, вы не настолькі неразумны, каб скакаць пад старую дудку. Няўжо вы не можаце зразумець, як мне было?
— Магу. Але як было яму! — сказаў Кемп.
Невідзімка ўскочыў.
— Што вы хочаце сказаць? — спытаўся ён.
Твар Кемпа прыняў некалькі суровы выгляд. Ён хацеў было загаварыць, але ўстрымаўся.
— Урэшце, — сказаў ён, раптам мяняючы тон, — я думаю, што нічога другога вам не заставалася. Ваша становішча было бязвыхаднае. А ўсё ж…
— Вядома, я быў у бязвыхадным становішчы… у жудасным становішчы! Ды і стары давёў мяне да шаленства — ганяўся за мной па ўсім доме, пагражаў сваім дурацкім рэвальверам і адчыняў і замыкаў дзверы… Гэта было невыносна! Вы ж не вінаваціце мяне, праўда? Не вінаваціце?