Ён замоўк і, здаецца, паглядзеў у акно.
— А як вы апынуліся ў Айпінгу? — спытаўся Кемп, каб не даць спыніцца размове.
— Я паехаў туды працаваць. У мяне тады мільганула смутная надзея, цяпер гэта думка саспела: вярнуцца ў ранейшы стан. Вярнуцца, калі мне гэта спатрэбіцца, калі я невідзімкам зраблю ўсё што хачу. Аб гэтым перш за ўсё мне і трэба пагаварыць з вамі.
— Вы прама паехалі ў Айпінг?
— Так. Атрымаў свае заметкі і чэкавую кніжку, набыў бялізну і ўсё неабходнае, заказаў рэактывы, з дапамогай якіх хацеў ажыццявіць сваю задуму (як толькі атрымаю кнігі, пакажу вам свае падлікі), і паехаў. Божа, якая была завіруха, і як цяжка было зберагчы пракляты кардонны нос, каб ён не размок ад снегу!
— Калі меркаваць па газетах, — сказаў Кемп, — трэцяга дня, як вас выявілі, вы крыху…
— Так, я крыху… Укакошыў я гэтага боўдзілу палісмена?
— Не, — сказаў Кемп, — кажуць, ён папраўляецца.
— Ну, значыць, яму пашанцавала. Я зусім ашалеў. Вось дурні! Чаго яны прычапіліся да мяне? Ну, а ёлупень крамнік?
— Смяротных выпадкаў не прадбачыцца, — сказаў Кемп.
— Што тычыцца майго валацугі, - сказаў Невідзімка, злавесна пасмейваючыся, — дык гэта яшчэ невядома. Далібог, Кемп, вам, з вашым характарам, не зразумець, што такое шаленства! Працуеш доўгія гады, прыдумваеш, будуеш планы, — а потым які-небудзь бязмозглы, тупы ідыёт становіцца табе ўпоперак дарогі! Дурні ўсіх гатункаў, якія толькі існуюць на свеце, стараліся перашкодзіць мне. Калі так будзе працягвацца, я ашалею канчаткова і пачну крышыць іх направа і налева. З-за іх цяпер усё стала ў тысячу разоў цяжэй.
— Ну, — сказаў Кемп, паглядзеўшы ў акно, — што ж мы цяпер будзем рабіць?
Ён падсунуўся бліжэй да Невідзімкі, каб засланіць ад яго трох людзей, што, як падалося Кемпу, вельмі ўжо павольна падымаліся па ўзгорку.
— Што вы збіраліся рабіць у Порт-Бэрдоку? У вас быў які-небудзь план?
— Я хацеў уцячы за граніцу. Але, сустрэўшы вас, я змяніў сваё рашэнне. Таму што стала цяплей і мне лягчэй заставацца нябачным, я думаў, што лешп усяго мне адправіцца на поўдзень. Таямніца ж мая раскрыта, і тут усе будуць шукаць захутанага чалавека ў масцы. А адсюль ёсць параходныя зносіны з Францыяй. Я думаў, што можна рызыкнуць пераправіцца на якім-небудзь параходзе. А з Францыі я мог бы па чыгунцы паехаць у Іспанію ці нават адправіцца ў Алжыр. Гэта было б лёгка ажыццявіць. Там можна круглы год заставацца невідзімкам і не мерзнуць, і рабіць што хочаш. Валацугу гэтага я ператварыў бы ў перасовачны склад маіх грошай і кніг, пакуль не ўладкаваўся б з перасылкай таго і другога па пошце.
— Зразумела.
- І раптам гэтай жывёліне ўздумалася пажывіцца маёй маёмасцю. Ён украў мае кнігі, Кемп! Мае кнігі! Няхай ён толькі мне пападзецца!..
— Але спачатку трэба атрымаць у яго кнігі.
— Дык дзе ж ён? Хіба вы ведаеце?
— Ён сядзіць у гарадскім паліцэйскім упраўленні, у самай глухой турэмнай камеры, якая толькі знайшлася, — ён сам аб гэтым папрасіў.
— Нягоднік! — сказаў Невідзімка.
— Гэта некалькі мяняе нашы планы.
— Трэба здабыць кнігі, кнігі вельмі патрэбны.
— Вядома, — паспешна згадзіўся Кемп, якому пачуліся крокі ў двары. — Вядома, кнігі абавязкова трэба здабыць. Але гэта будзе няцяжка, калі толькі ён не даведаецца, што іх патрабуюць для вас.
— Правільна, — сказаў Невідзімка і задумаўся.
Кемп беспаспяхова стараўся што-небудзь прыдумаць, каб падтрымаць размову, але Невідзімка загаварыў сам.
— Цяпер, калі я апынуўся ў вас, Кемп, усе мае планы мяняюцца. Вы — чалавек здольны зразумець мяне. Яшчэ можна зрабіць многае, вельмі многае, нягледзячы на страту кніг, на агалоску, нягледзячы на ўсё, што здарылася і што я вытрываў… Вы нікому не казалі пра мяне? — спытаўся ён раптам.
Кемп на імгненне сумеўся.
— Мы ж дамовіліся, — сказаў ён.
— Нікому? — паўтарыў Грыфін.
— Ніводнай душы.
— Ну, тады… — Невідзімка падняўся і, сунуўшы рукі ў кішэні, закрочыў па пакоі.