Выбрать главу

Якім жа быў тады яго настрой і што ён задумаў, можна толькі здагадвацца. Несумненна, ён быў да крайнасці раз'юшаны прадажніцтвам Кемпа — і хаця зусім зразумелыя матывы, якія кіравалі Кемпам, усё ж няцяжка ўявіць сабе гнеў, што павінна была выклікаць такая нечаканая здрада, і нават часткова апраўдаць яго. Магчыма, Невідзімку зноў ахапіла тое пачуццё разгубленасці, якое ён зведаў у час падзей на Оксфард-стрыт, ён жа відавочна вельмі разлічваў, што Кемп паможа яму ажыццявіць жорсткую задуму — падвергнуць чалавецтва тэрору. Як бы там ні было, каля паўдня ён знік — і ніводзін чалавек не бачыў яго. Ніводная жывая істота не ведае, што ён рабіў да паловы трэцяй. Для чалавецтва гэта, магчыма, і лепш, але для яго самога такая бяздзейнасць аказалася пагібельнай.

У гэтыя дзве з паловай гадзіны за справу ўзялося мноства людзей, рассеяных па ўсёй акрузе. Раніцай Невідзімка быў яшчэ проста казкай, пудзілам; у поўдзень жа, дзякуючы сухому, але выразнаму закліку Кемпа, ён стаў ужо цалкам рэальным праціўнікам, якога трэба было параніць, схапіць жывым ці мёртвым, — і ўсё насельніцтва з надзвычайнай хуткасцю стала рыхтавацца да барацьбы. Нават у дзве гадзіны Невідзімка яшчэ мог выратавацца, забраўшыся ў цягнік, але пасля дзвюх гэта стала ўжо немагчымым: па ўсіх чыгуначных лініях, на прасторы вялізнага паралелаграма, паміж Саўтхемптанам, Вінчэстэрам, Брайтанам і Хоршэмам, пасажырскія цягнікі ішлі з закрытымі дзвярамі, а таварны рух амаль спыніўся. У вялікім крузе, радыусам міль у дваццаць вакол Порт-Бэрдака, па дарогах і палях хадзілі групы па тры, па чатыры чалавекі са стрэльбамі, дубінкамі і сабакамі.

Конныя паліцэйскія аб'язджалі навакольныя сёлы, спыняліся каля кожнага дома і папярэджвалі жыхароў, каб яны замыкалі дзверы і не выходзілі з дому без зброі. У тры гадзіны зачыніліся школы і напалоханыя дзеці цеснымі групкамі беглі дадому. Гадзін да чатырох заклік, складзены Кемпам, але падпісаны Эдаем, быў ужо расклеены па ўсёй акрузе. У ім коратка, але ясна былі ўказаны ўсе меры барацьбы: не даваць Невідзімку есці і спаць, быць увесь час напагатове, каб прыняць рашучыя меры, калі ў чым-небудзь выявіцца яго прысутнасць. Дзеянні ўладаў былі такімі хуткімі і энергічнымі, усеагульная вера ў страшную істоту такой моцнай, што да наступлення ночы на прасторы ў некалькі сот квадратных міляў быў уведзены стан аблогі. І яшчэ ў той жа вечар па ўсім напалоханым і насцярожаным краі пранёсся ціхі жах: з вуснаў у вусны перадавалася чутка, маланкавая і верагодная, аб забойстве містэра Ўіксціда.

Калі наша здагадка, што Невідзімка схаваўся ў хмызняках Хінтандзіна, правільная, то, напэўна, неўзабаве пасля паўдня ён выйшаў адтуль з нейкім намерам, для выканання якога патрэбна была зброя. Што гэта быў за намер, устанавіць нельга, але ён быў — гэта, на мой погляд, бясспрэчна, не выпадкова ж яшчэ да сутычкі з Уіксцідам Невідзімка дзесьці здабыў жалезны прут.

Аб падрабязнасцях гэтай сутычкі мы, зразумела, нічога не ведаем. Адбылася яна на краю пясчанага кар'ера ярдаў за двесце ад варот вілы лорда Бэрдака. Усё паказвае на адчайную схватку: утаптаная зямля, шматлікія раны Ўіксціда, яго зламаная палка; але што магло стаць прычынай нападу, акрамя маніі забойства, цяжка сабе ўявіць.

Думка аб вар'яцтве напрошваецца сама сабой. Містэр Уіксцід, кіраўнік спраў лорда Бэрдака, чалавек гадоў сарака пяці, быў самай бяскрыўднай істотай на свеце і ўжо, вядома ж, ніколі першым не нападаў бы на такога страшнага ворага. Раны, відаць, былі нанесены містэру Ўіксціду жалезным прутом, выцягнутым са зламанай агароджы. Невідзімка спыніў гэтага мірнага чалавека, напаў на яго, хутка зламаў яго слабае супраціўленне, перабіў яму руку, паваліў яго на зямлю і размаджэрыў яму галаву.

Жалезны прут ён, напэўна, выцягнуў з агароджы да сустрэчы са сваёй ахвярай, — мусіць, ён трымаў яго напагатове. Яшчэ дзве падрабязнасці праліваюць некаторае святло на гэтае здарэнне. Па-першае, пясчаны кар'ер знаходзіўся не зусім на дарозе містэра Ўіксціда да дома, а ярдаў на дзвесце ў бок. Па-другое, па сведчанню маленькай дзяўчынкі, якая вярталася пасля абеду ў школу, яна бачыла, што нябожчык нейкай дзіўнай паходкай «трухаў» цераз поле ў напрамку да кар'ера. Па тым, як яна гэта паказала, можна было заключыць, што ён быццам гнаўся за чымсьці, што рухалася па зямлі, час ад часу замахваючыся палкай. Дзяўчынка была апошняй, хто бачыў Уіксціда жывым. Ён ішоў проста насустрач смерці; ён спусціўся ў лагчынку, і рэдкія дрэвы, якія там раслі, схавалі ад вачэй дзяўчынкі апошнюю схватку.