Выбрать главу

Гэтыя падрабязнасці, несумненна, прынамсі ў вачах аўтара гэтых радкоў, робяць забойства Ўіксціда не такім ужо беспрычынным і бессэнсоўным. Можна ўявіць сабе, што Грыфін прыхапіў жалезны прут, канечне, як зброю, але без намеру здзейсніць забойства. Тут мог трапіцца на дарозе Ўіксцід і заўважыць прут, які незразумелым чынам рухаўся па паветры. Ніколькі не думаючы пра Невідзімку, — ад гэтых жа мясцін да Йорт-Бэрдака дзесяць міляў, - ён мог паследаваць за прутам. Вельмі верагодна, што ён нават і не чуў пра Невідзімку. Лёгка далей уявіць, што Невідзімка стаў паціху аддаляцца, не жадаючы выявіць сваю прысутнасць, а Ўіксцід, узбуджаны і зацікаўлены, не адставаў ад дзіўнага прадмета, які сам рухаўся, і нарэшце ўдарыў па ім.

Вядома, пры звычайных абставінах Невідзімка мог бы без асаблівых намаганняў уцячы ад свайго ўжо немаладога праследавацеля, але становішча цела забітага Ўіксціда дае падставу думаць, што ён меў няшчасце загнаць свайго праціўніка ў куток паміж густым зараснікам крапівы і пясчаным кар'ерам. Тым, хто помніць незвычайную раздражняльнасць Невідзімкі, няцяжка ўявіць усё астатняе.

Усё гэта, урэшце, адны здагадкі. Адзіныя несумненныя факты (бо сведчанням дзяцей не заўсёды можна давяраць) — гэта цела забітага Ўіксціда і акрываўлены жалезны прут, які валяўся ў крапіве. Відавочна, Грыфін кінуў прут таму, што, захоплены хваляваннем, забыўся пра мэту, для якой ім узброіўся, калі спачатку такая мэта была. Вядома, ён быў вялікі эгаіст і чалавек бяздушны, але выгляд ахвяры, яго першай ахвяры, акрываўленай і няшчаснай, распасцёртай каля яго ног, мог абудзіць у ім заглухлую крыніцу пакаяння і адвярнуць яго на нейкі час ад злачынных намераў.

Пасля забойства містэра Ўіксціда Невідзімка, відаць, пабег у бок узгоркаў. Расказваюць, што два работнікі на полі ў Ферн Боттам чулі вечарам нейкі таямнічы голас. Хтосьці плакаў і смяяўся, ахаў і стагнаў, а часам гучна ўскрыкваў. Напэўна, дзіўна было слухаць яго. Голас пранёсся над полем канюшыны і заціх удалечыні, каля ўзгоркаў.

У гэты вечар Невідзімку, напэўна, давялося даведацца, як хутка выкарыстаў Кемп яго шчырасць. Напэўна, ён знайшоў усе дзверы на замку; і блукаў па чыгуначных станцыях, падкрадваўся да гасцініц і, без сумнення, прачытаў расклееныя ўсюды заклікі і зразумеў, які задуманы супраць яго паход. З наступленнем вечара па палях разышліся групы ўзброеных людзей і чуўся сабачы брэх. Гэтыя паляўнічыя на чалавека атрымалі спецыяльныя ўказанні, як памагаць адзін аднаму ў выпадку сустрэчы з ворагам. Але Невідзімку давялося пазбегнуць сустрэчы з імі. Мы можам часткова зразумець яго шаленства, калі ўспомніць, што ён сам паведаміў усе звесткі, якія так бязлітасна павярнуліся цяпер супраць яго. У гэты дзень ён заняпаў духам; амаль цэлыя суткі, калі не лічыць сутычкі з Уіксцідам, ён адчуваў сябе як упаляваны звер. Ноччу яму ўдалося, напэўна, і паесці і паспаць, бо раніцай да яго зноў вярнулася прысутнасць духу: ён зноў стаў моцным, актыўным, хітрым і злосным, гатовым да сваёй апошняй вялікай схваткі з усім светам.

Раздзел XXVII. У асаджаным доме

Кемп атрымаў дзіўнае пасланне, напісанае алоўкам на зашмальцаваным кавалачку паперы.

«Вы праявілі дзівосную энергію і кемлівасць, — сказана было ў пісьме, — хаця я не ўяўляю сабе, што вы спадзеяцеся гэтым дасягнуць. Вы супраць мяне. Увесь дзень вы палявалі на мяне, вы хацелі пазбавіць мяне адпачынку і ноччу. Але я пад'еў, насуперак вам, выспаўся, насуперак вам, і гульня яшчэ толькі пачынаецца. Гульня яшчэ толькі пачынаецца! Мне нічога не застаецца, як звярнуцца да тэрору. Гэтым пісьмом я аб'яўляю першы дзень Тэрору. З гэтага часу Порт-Бэрдак ужо не пад уладай каралевы, перадайце гэта вашаму начальніку паліцыі і яго шайцы, — ён пад маёй уладай, пад уладай Тэрору. Цяперашні дзень — першы дзень першага года новай эры — Эры Невідзімкі. Я — Невідзімка Першы. Спачатку маё праўленне будзе міласэрным. У першы дзень будзе здзейснена адна смяротная кара дзеля прыкладу, пакаранне смерцю чалавека па імені Кемп. Сёння смерць спасцігне гэтага чалавека. Няхай замыкаецца, няхай хаваецца, няхай акружае сябе аховай, няхай апранецца ў браню, калі захоча, — смерць, нябачная смерць набліжаецца да яго. Няхай прымае меры засцярогі — тым большае ўражанне яго смерць выкліча ў майго народа. Смерць рушыць з паштовай скрынкі сёння ў поўдзень. Пісьмо будзе апушчана ў скрынку перад самым прыходам паштальёна — і - у дарогу! Гульня пачалася. Смерць набліжаецца на яго. Не дапамагай яму, народ мой, каб не спасцігла смерць і цябе. Сёння Кемп павінен памерці».