Хтосьці пачаў званіць і стукаць ва ўваходныя дзверы, усё больш гучна, настойліва, але ўся прыслуга, павінуючыся распараджэнню Кемпа, сядзела запёршыся ў сваіх пакоях. Нарэшце ўсё сціхла. Кемп пасядзеў крыху, услухоўваючыся, потым асцярожна выглянуў па чарзе ў кожнае з трох вокнаў. Потым выйшаў на лесвіцу і зноў з трывогай прыслухаўся. Затым узброіўся качаргой, якую ўзяў у спальні, і зноў пайшоў правяраць унутраныя засаўкі вокнаў на ніжнім паверсе. Усё было трывала і надзейна. Ён вярнуўся наверх. Эдай па-ранейшаму нерухома ляжаў ля краю пасыпанай гравіем дарожкі. Па дарозе, міма дач, ішлі пакаёўка і двое палісменаў.
Стаяла мёртвая цішыня. Кемпу здавалася, што трое людзей набліжаюцца вельмі павольна. Ён пытаўся ў сябе, што робіць яго праціўнік.
Раптам ён уздрыгнуў. Знізу пачуўся трэск. Пасля некаторага вагання Кемп спусціўся ўніз. Нечакана ўвесь дом напоўніўся цяжкімі ўдарамі і трэскам дрэва, якое шчапалі. Звінелі і бразгалі жалезныя засаўкі на аканіцах. Ён павярнуў ключ, адчыніў дзверы ў кухню, і ў гэтую хвіліну ў пакой паляцелі пасечаныя і разламаныя аканіцы. Кемп спыніўся, здранцвеўшы ад жаху. Аконная рама, акрамя адной перакладзіны, была яшчэ цэлая, але ад шкла засталася толькі зубчатая аблямоўка. Аканіцы былі пасечаны сякерай, якая цяпер з усяго размаху біла па раме і жалезных кратах, што засцерагалі акно. Але раптам сякера адскочыла ўбок і знікла.
Кемп убачыў рэвальвер, які ляжаў на дарожцы каля дома, і тут жа рэвальвер узляцеў у паветра. Кемп падаўся назад. Яшчэ секунда — і пачуўся стрэл; шчэпка, адарваная ад зачыняемых Кемпам дзвярэй, праляцела над яго галавой. Ён зачыніў дзверы, замкнуў іх на ключ і тут жа пачуў крыкі і смех Грыфіна. Потым зноў затрашчала дрэва пад скрышальнымі ўдарамі сякеры.
Кемп стаяў у калідоры, збіраючыся з думкамі. Цераз хвіліну Невідзімка будзе на кухні. Гэтыя дзверы затрымаюць яго ненадоўга, і тады…
Каля ўваходных дзвярэй пазванілі. Магчыма, палісмены. Кемп пабег у прыхожую, умацаваў ланцуг і адсунуў засаўку. Толькі аклікнуўшы пакаёўку і пачуўшы яе голас, ён зняў ланцуг, усе трое гурбой уваліліся ў дом, і Кемп зноў зачыніў дзверы.
— Невідзімка! — сказаў Кемп. — У яго рэвальвер. Засталося два зарады. Ён забіў Эдая. Ва ўсялякім выпадку падстрэліў яго. Вы не бачылі яго на лужку? Ён там ляжыць.
— Хто? — спытаўся адзін з паліцэйскіх.
— Эдай, — сказаў Кемп.
— Мы прайшлі задворкамі, - сказала пакаёўка.
— Што гэта за трэск? — спытаўся другі палісмен.
— Ён на кухні… ці хутка будзе там. Ён знайшоў сякеру…
Раптам на ўвесь дом загучалі ўдары сякеры па кухонных дзвярах. Пакаёўка зірнула на дзверы і адступіла ў сталовую. Кемп адрывіста растлумачыў сітуацыю. Яны пачулі, як паддаліся кухонныя дзверы.
— Сюды! — крыкнуў Кемп, ліхаманкава ўпіхваючы паліцэйскіх у сталовую. Яго раптам захапіла прага дзейнасці.
— Качаргу! — крыкнуў Кемп і кінуўся да каміна. Качаргу, якую ён прынёс са спальні, ён аддаў аднаму з палісменаў, а качаргу са сталовай — другому. Нечакана ён адскочыў назад.
Адзін з палісменаў хутка прыгнуўся і, крактануўшы, зачапіў сякеру качаргой. Рэвальвер выпусціў апошні зарад, прарваўшы каштоўнае палатно пэндзля Сіднея Купера. Другі палісмен стукнуў сваёй качаргой па маленькай смертаноснай зброі, нібы хацеў забіць асу, і рэвальвер са стукам упаў на падлогу.
Як толькі пачалася схватка, пакаёўка ўскрыкнула, пастаяла з хвіліну каля каміна і кінулася адчыняць аканіцы, думаючы, мусіць, выратавацца цераз разбітае акно.
Сякера выбралася ў калідор і спынілася фута за два ад падлогі. Чуваць было цяжкае дыханне Невідзімкі.
— Вы абодва адыдзіце, — сказаў ён. — Мне патрэбны Кемп.
— А нам патрэбны вы, — сказаў першы палісмен і, рэзка ступіўшы наперад, ударыў качаргой у напрамку Голаса. Але Невідзімку ўдалося ўхіліцца ад удару, і качарга трапіла ў стойку для парасонаў.
Палісмен ледзьве ўтрымаўся на нагах, і ў тую ж хвіліну сякера стукнула яго па галаве, скамячыўшы каску, быццам яна была з паперы, і ён кулём вылецеў на кухонную лесвіцу. Але другі палісмен ударыў качаргой ззаду сякеры і трапіў на штосьці мяккае. Пачуўся крык болю, і сякера ўпала на падлогу. Палісмен зноў размахнуўся, але ўдар патрапіў у пустату; потым ён наступіў нагой на сякеру і яшчэ раз ударыў. Затым, трымаючы качаргу напагатове, ён стаў уважліва прыслухоўвацца, стараючыся ўлавіць які-небудзь рух.