Ён пачуў, як адчынілася акно ў сталовай і затым прагучалі хуткія крокі. Таварыш яго падняўся і сеў; кроў цякла па ягонай шчацэ.
— Дзе ён? — спытаўся ранены.
— Не ведаю. Я трапіў у яго. Стаіць дзе-небудзь у прыхожай, калі толькі не прашмыгнуў міма цябе. Доктар Кемп! Сэр!..
Ніякага адказу.
— Доктар Кемп! — зноў паклікаў паліцэйскі.
Ранены стаў марудна падымацца на ногі. Нарэшце яму гэта ўдалося. Раптам з кухоннай лесвіцы данеслася шлёпанне босых ног.
— Гоп! — крыкнуў паліцэйскі, які трымаў качаргу, і кінуў яе; яна разбіла газавы ражок.
Паліцэйскі пачаў было праследаваць Невідзімку. Але потым перадумаў і ўвайшоў у сталовую.
— Доктар Кемп… — пачаў ён і адразу спыніўся. — Храбры хлопец гэты доктар Кемп, — сказаў ён, звяртаючыся да таварыша, які зазірнуў цераз яго плячо.
Акно ў сталовай было расчынена насцеж. Ні пакаёўкі, ні Кемпа.
Сваю думку пра доктара Кемпа другі палісмен выказаў коратка і энергічна.
Містэр Хілас, гаспадар суседняй дачы, спаў у сваёй альтанцы, калі пачалася асада дома Кемпа. Містэр Хілас належаў да той упартай меншасці, якая ніяк не жадала верыць «недарэчным байкам» пра Невідзімку. Жонка яго, аднак, чуткам верыла і не раз потым напамінала аб гэтым мужу. Ён выйшаў пагуляць па свайму саду, як нічога і не было, а пасля абеду, па даўно заведзенай звычцы, лёг спаць. Увесь час, пакуль Невідзімка біў вокны ў доме Кемпа, містэр Хілас спакойна спаў, але раптам прачнуўся з такім адчуваннем, быццам навокал штосьці нядобра. Ён зірнуў на дом Кемпа, працёр вочы і зноў глянуў. Потым ён спусціў ногі і сеў, прыслухоўваючыся. Ён памянуў чорта, але дзіўнае відовішча не знікла. Дом выглядзеў так, як быццам яго пакінулі з месяц назад пасля моцнага пагрому. Усё шкло было разбіта, а ўсе вокны, акрамя вокнаў кабінета на вышцы, былі знутры пазакрываны аканіцамі.
— Я гатовы паклясціся, — містэр Хілас паглядзеў на гадзіннік, — што дваццаць хвілін таму назад усё было ў парадку.
Здалёку чуліся мерныя ўдары і звон шкла. А затым, пакуль ён сядзеў з разяўленым ртом, адбылося нешта яшчэ больш дзіўнае. Аканіцы сталовай расчыніліся, і пакаёўка ў капелюшы і паліто з'явілася ў акне, сутаргава стараючыся падняць раму. Раптам каля яе з'явіўся яшчэ нехта і стаў памагаць. Доктар Кемп! Яшчэ хвіліна — акно расчынілася, і пакаёўка вылезла з яго; яна кінулася ўцякаць і схавалася ў кустах. Містэр Хілас устаў, невыразнымі воклічамі выказваючы сваё хваляванне з нагоды такіх надзвычайных падзей. Ён убачыў, як Кемп узлез на падаконнік, выскачыў у акно і ў тую ж хвіліну з'явіўся на дарожцы, абсаджанай кустамі; ён бег, прыгнуўшыся, нібы хаваючыся ад кагосьці. Ён знік за ракітавым кустом, потым паказаўся зноў на агароджы, якая выходзіла ў адкрытае поле. У адно імгненне ён пералез цераз агароджу і кінуўся бегчы ўніз па адхону, прама да альтанкі містэра Хіласа.
— Госпадзі! — усклікнуў уражаны страшнай здагадкай містэр Хілас. — Гэта той нягоднік, Невідзімка! Значыць, усё праўда!
Для містэра Хіласа падумаць так азначала — дзейнічаць неадкладна, і кухарка яго, якая назірала за ім з акна верхняга паверха, са здзіўленнем убачыла, як ён кінуўся да дома с хуткасцю добрых дзевяці міль у гадзіну. Пачулася бразганне дзвярэй, звон калакольчыка і голас містэра Хіласа, які крычаў на ўсё горла:
— Зачыніце дзверы! Зачыніце вокны! Зачыніце ўсё! Невідзімка ідзе!
Увесь дом адразу ж напоўніўся крыкамі, загадамі і тупатам бягучых ног. Містэр Хілас сам пабег зачыняць балконныя дзверы, і тут з-за агароджы паказалася галава, плечы і калена доктара Кемпа. Яшчэ хвіліна — і Кемп, прабегшы па градцы спаржы, паімчаў па тэніснай пляцоўцы да дома.
— Нельга, — сказаў містэр Хілас, засоўваючы завалу. — Мне вельмі шкада, калі ён гоніцца за вамі, але ўвайсці сюды нельга.
Да шкла прыціснуўся твар Кемпа, скажоны жахам. Ён стаў стукаць у балконныя дзверы і шалёна тузаць ручку. Бачачы, што ўсё дарэмна, ён прабег па балкону, саскочыў у сад і пачаў грукаць у бакавыя дзверы. Потым выбег цераз бакавыя веснічкі, абагнуў дом і кінуўся бегчы па дарозе. І ледзьве паспеў ён схавацца з вачэй містэра Хіласа, які ўвесь час спалохана глядзеў у акно, як градку спаржы бязлітасна змялі нябачныя ногі. Тут містэр Хілас памчаўся па лесвіцы наверх, і далейшага палявання ён ужо не бачыў. Але, прабягаючы міма акна, ён пачуў, як грукнулі бакавыя веснічкі.