Выскачыўшы на дарогу, Кемп, натуральна, пабег пад гару. Такім чынам, яму давялося самому здзейсніць той жа самы прабег, за якім ён сачыў такім крытычным позіркам з акна свайго кабінета ўсяго толькі чатыры дні таму назад. Для чалавека, які даўно не трэніраваўся, ён бег нядрэнна, і хаця ён пабляднеў і абліваўся потам, думка яго працавала спакойна і цвяроза. Ён нёсся буйнай рыссю і, калі трапляліся нязручныя мясціны, рознае каменне ці асколкі разбітага шкла, якія ярка блішчалі на сонцы, бег прама па іх, дазваляючы нябачным босым нагам свайго праследавацеля выбіраць шлях па асабістаму жаданню.
Упершыню ў сваім жыцці Кемп пераканаўся, што дарога па ўзгорку, як ні дзіўна, вельмі доўгая і бязлюдная і што ўскраіна горада там, ля падножжа гары, знаходзіцца занадта далёка. Ніколі яшчэ не існавала больш цяжкага і марудлівага спосабу перамяшчэння, чым бег. Дамы і дачы, што драмалі пад паўдзённым сонцам, відавочна, былі замкнуты, зачынены наглуха. Праўда, яны былі замкнуты і зачынены па яго асабістым загадзе. Але хаця б хто-небудзь здагадаўся на ўсялякі выпадак сачыць за тым, што адбываецца наўкола! Здалёку паказаўся горад, мора знікла з поля зроку, унізе былі людзі. Да падножжа ўзгорка якраз пад'язджала конка. А там паліцэйская ўправа. Але што гэта чутна ззаду, крокі? Ходу!
Людзі знізу глядзелі на яго; некалькі чалавек кінуліся бегчы. Дыханне Кемпа стала хрыплым. Цяпер конка была зусім блізка, у шынку «Вясёлыя крыкетысты» шумна зачыняліся дзверы. За конкай былі слупы і груды шчэбню для дрэнажных работ. У Кемпа мільганула была думка ўскочыць у вагон конкі і зачыніць дзверы, але ён вырашыў, што лепш накіравацца прама ў паліцыю. Праз хвіліну ён мінуў «Вясёлых крыкетыстаў» і апынуўся ў канцы вуліцы, сярод людзей. Кучар конкі і яго памочнік перасталі выпрагаць коней і глядзелі на яго, разявіўшы рот; з-за груды шчэбню выглядвалі здзіўленыя землякопы.
Кемп крыху суцішыў бег, але, пачуўшы за сабой хуткі тупат свайго праследавацеля, зноў прыбавіў хаду.
— Невідзімка! — крыкнуў ён землякопам, няпэўным жэстам паказваючы назад, і, па шчасліваму натхненню, пераскочыў канаву, так што паміж ім і Невідзімкам апынулася некалькі дужых мужчын. Кемп перадумаў бегчы ў паліцыю, ён звярнуў у завулак, прамчаўся міма каляскі зяленшчыка, прамарудзіў імгненне каля дзвярэй каланіяльнай карчмы і пабег па бульвары, які выходзіў на галоўную вуліцу. Дзеці, што гулялі пад дрэвамі, з крыкам разбегліся пры яго з'яўленні; расчынілася некалькі вокнаў, і разгневаныя маці штосьці крычалі яму наўздагон. Ён зноў выбег на Хіл-стрыт, ярдаў за трыста ад станцыі конкі, і тут жа ўбачыў натоўп людзей, якія крычалі і беглі.
Ён зірнуў уверх па вуліцы, у напрамку да ўзгорка. Ярдах у дванаццаці ад яго бег рослы землякоп, гучна лаяўся і адчайна размахваў рыдлёўкай; следам за ім імчаў, сціснуўшы кулакі, кандуктар конкі. За імі беглі яшчэ людзі, гучна крычалі і замахваліся на кагосьці. З другога боку, у напрамку да горада, таксама спяшаліся мужчыны і жанчыны, і Кемп убачыў, як з адной карчмы выскачыў чалавек з палкай у руцэ.
— Акружайце яго! — крыкнуў хтосьці.
Кемп раптам зразумеў, наколькі змянілася сітуацыя. Ён спыніўся і агледзеўся, ледзьве пераводзячы дух.
— Ён дзесьці тут! — крыкнуў ён. — Ачапіце…
Кемп атрымаў страшэнны ўдар па вуху і захістаўся; ён паспрабаваў абярнуцца да нябачнага праціўніка, але ледзьве ўстаяў на нагах і ўдарыў па пустой прасторы. Потым ён атрымаў моцны ўдар у сківіцу і зваліўся на зямлю. Праз секунду ў жывот яму ўперлася калена, і дзве рукі моцна схапілі яго за горла, але адна з іх была слабейшая. Кемпу ўдалося сціснуць кісці рук Невідзімкі; пачуўся гучны стогн, і раптам над галавой Кемпа ўзвілася рыдлёўка землякопа і з глухім стукам апусцілася на нешта. На твар Кемпа штосьці капнула. Рукі, якія трымалі яго за горла, раптам аслабелі; сутаргавым намаганнем ён вызваліўся, ухапіўся за абмяклае плячо свайго праціўніка і наваліўся на яго, прыціскаючы да зямлі нябачныя локці.
— Я злавіў яго! — завішчаў Кемп. — Памажыце! Ён тут! Трымайце яго за ногі.
Секунда — і да месца бойкі рынуўся ўвесь натоўп. Выпадковы глядач мог бы падумаць, што тут разыгрываецца нейкі асабліва бескампрамісны футбольны матч. Пасля выкрыкаў Кемпа ніхто ўжо не сказаў ні слова, — чуўся толькі шум удараў, тупат ног і цяжкае дыханне.
Невідзімку ўдалося нечалавечым намаганнем скінуць з сябе некалькі праціўнікаў і падняцца на ногі. Кемп учапіўся ў яго, як гончая ў аленя, і дзесяткі рук хапалі, калацілі і рвалі нябачную істоту. Кандуктар конкі злавіў яго за шыю і зноў паваліў на зямлю.
Зноўку ўтварылася груда раз'юшаных людзей. Білі, трэба прызнацца, неміласэрна. Раптам пачуўся дзікі лямант: «Злітуйцеся, злітуйцеся!» — і хутка заціх у прыдушаным стогне.