Містэр Хол глядзеў на іх з ганка, прыслухоўваўся да размовы, і яму пачало ўжо здавацца, што нічога незвычайнага ён наверсе ўбачыць не мог, — напэўна, гэта проста здалося. Ды яму і слоў не хапіла б, каб перадаць свае ўражанні.
— Ён сказаў, што яму нічога не патрэбна, — толькі і адказаў ён на пытанне жонкі. — Я думаю, трэба занесці багаж.
— Трэба адразу прыпячы, — сказаў містэр Хакстэрс, — асабліва калі атрымалася запаленне.
— Я прыстрэліла б гэтага сабаку, — сказала адна з жанчын.
Раптам сабака зноў загыркаў.
— Давайце рэчы, — пачуўся сярдзіты голас, і на парозе з'явіўся незнаёмец, захутаны, з паднятым каўняром і апушчанымі палямі капелюша. — Чым хутчэй вы ўнясеце мае рэчы, тым лепш, — працягваў ён. Па сведчанні аднаго з відавочцаў, ён паспеў перамяніць пальчаткі і штаны.
— Моцна ён вас пакусаў, спадар? — спытаўся Фірэнсайд. — Мне вельмі непрыемна, што мой сабака…
— Дробязі, - адказаў незнаёмец, — нават не абадраў. Паспяшайцеся лепш з рэчамі.
Тут ён, па сцвярджэнні містэра Хола, вылаяўся сам сабе.
Як толькі першую карзіну ўнеслі па яго ўказанні ў гасціную, незнаёмец нецярпліва пачаў яе распакоўваць, бесцырымонна раскідваючы салому па дыване місіс Хол. Ён пачаў выцягваць з карзіны бутэлькі — маленькія пузатыя бутэлечкі з парашкамі, невялікія, вузкія бутэлькі з пафарбаванай у розныя колеры або празрыстай, як вада, вадкасцю, выгнутыя пляшкі з надпісам «яд», круглыя бутэлькі з тонкімі рыльцамі, вялікія бутэлькі з зялёнага і белага шкла, бутэлькі з шклянымі коркамі, з вытраўленымі на іх надпісамі, з прыцертымі коркамі, бутэлькі з затычкамі, бутэлькі з-пад віна і праванскага масла. Усе гэтыя бутэлькі ён расставіў радамі на куфры, на каміннай дошцы, на стале, на падаконніку, на падлозе, на этажэрцы — усюды. У брэмблхерсцкай аптэцы не набралася б і палавіны такой колькасці бутэлек. Вось гэта было відовішча! Ён распакоўваў карзіну за карзінай, і ва ўсіх былі бутэлькі. Нарэшце ўсе шэсць карзін апусцелі, а на стале вырасла гара саломы; акрамя бутэлек, у карзінах знаходзілася яшчэ нямала прабірак, а таксама старанна ўпакаваныя вагі.
Незнаёмец распакаваў карзіны, адышоў да акна і адразу ж узяўся за работу, не звяртаючы ўвагі на кучу саломы, на патухлы камін, на скрынку з кнігамі, што засталіся на вуліцы, на чамаданы і астатні багаж, які быў ужо занесены наверх.
Калі місіс Хол падала абед, незнаёмец быў поўнасцю заняты сваёй работай: ён уліваў па кроплях вадкасць з бутэлек у прабіркі, і нават не заўважыў, як яна ўвайшла; толькі калі яна прыбрала салому і паставіла паднос на стол, можа, некалькі больш шумна, чым звычайна, таму што яе ўсхваляваў непрыглядны выгляд дывана, ён мелькам зірнуў у яе бок і тут жа адвярнуўся. Яна паспела заўважыць, што незнаёмец быў без акуляраў; яны ляжалі каля яго на стале, і ёй здалося, што яго вачніцы незвычайна глыбокія. Ён адзеў акуляры, павярнуўся і паглядзеў ёй у твар. Яна збіралася ўжо выказаць сваю незадаволенасць неахайнасцю пастаяльца, але ён апярэдзіў яе.
— Я папрасіў бы вас спачатку пастукаць у дзверы, а ўжо потым заходзіць у пакой, — сказаў ён з незвычайным раздражненнем, якое, відаць, імгненна ўспыхвала ў ім з любой прычыны.
— Я пастукалася, але, магчыма…
— Можа, вы і стукалі. Але ў час маіх даследаванняў, - даследаванняў надзвычай важных і неабходных, — самае нязначнае… нават рыпенне дзвярэй… Я папрасіў бы вас…
— Вядома, судар. Калі вы жадаеце, вы можаце замыкаць дзверы на ключ. У любы час.
— Вельмі ўдачная думка! — сказаў незнаёмец.
— Вось толькі гэтая салома, судар. Асмелюся заўважыць…
— Не трэба! Калі салома вас турбуе, запішыце яе на мой рахунак. — І ён прамармытаў сам сабе штосьці вельмі падобнае на лаянку.
Ён стаяў перад гаспадыняй з ваяўнічым і раздражнёным выглядам, трымаючы ў адной руцэ бутэльку, а ў другой прабірку, і ўсё яго аблічча было такое дзіўнае, што місіс Хол збянтэжылася. Але яна была асоба рашучая.
— У такім выпадку, — заявіла яна, — я хацела б ведаць, колькі вы мяркуеце…
— Шылінг, пастаўце шылінг. Я думаю, гэтага дастаткова?
— Добра, няхай так і будзе, — сказала місіс Хол, распачынаючы накрываць на стол. — Канечне, калі вы згодны…