– Гэта магчыма, – сказаў ён. – Гэта верагодна. Гэта дзіўна, вядома, але гэта вырашае шэраг істотных цяжкасцяў. Здольнасць рабіць цуды – гэта дар, незвычайная якасць, як геній або прароцтва. Да гэтай пары ён з’яўляўся вельмі рэдка і толькі ў выключных людзей. Але ў гэтым разе… Я заўжды дзівіўся цудам Магамета, і цудам ёгаў, і цудам мадам Блавацкай. Але канечне – так, гэта проста дар! Ён так хораша пацвярджае тэзісы гэтага вялікага мысляра, – голас м-ра Мэйдыга загучаў цішэй, – яго светласці герцага Аргайлскага. Тут мы пранікаем у асновы якогась фундаментальнага закону – глыбейшага за звычайныя законы прыроды. Так, так. Працягвайце. Працягвайце!
М-р Фатэрынгей працягваў расказваць пра няшчасны выпадак з Ўінчам, а м-р Мэйдыг, больш не баючыся і не панікуючы, пачаў трэсці рукамі і ўстаўляць здзіўленыя рэплікі.
– Вось што турбуе мяне больш за ўсё, – працягваў м-р Фатэрынгей, – тут мне тэрмінова патрэбная парада. Канечне, ён у Сан-Францыска – дзе б ні быў той Сан-Францыска – але несумненна, гэта нязручна нам абаім, зразумееце, містэр Мэйдыг? Я не ведаю, як бы ён мог зразумець усё, што здарылася, мне здаецца, ён напужаны і, пэўна, жудасна раззлаваны, і хоча знайсці мяне. Мне здаецца, ён усё спрабуе вярнуцца. Я адсылаю яго назад, цудам, кожныя колькі гадзінаў, калі ўспамінаю пра гэта. І канечне, гэтага яму не зразумець, і гэта мусіць цвяліць яго. І вядома, калі ён штораз бярэ білет, то гэта яму выйдзе дорага. Я зрабіў усё магчымае для яго, але, натуральна, яму цяжка паставіць сябе на маё месца. Я пасля падумаў, што ягоная вопратка магла і падсмаліцца – ведаеце, калі пекла такое, як мы ўяўляем, – перш чым я перамясціў яго. У такім разе, я мяркую, у Сан-Францыска яго маглі і арыштаваць. Канечне, я загадаў, каб яго гарнітур стаў новым, я паклапаціўся пра гэта. Але ведаеце, я ўжо чартоўскі заблытаўся…
М-р Мэйдыг выглядаў сур’ёзна.
– Я бачу, што вы заблыталіся. Так, гэта складаная сітуацыя. Як вам з яе выбрацца… – ён стаў няўпэўнена цягнуць.
– Аднак пакінем Ўінча на нейкі час і абмяркуем важнейшае пытанне. Я не думаю, што гэта чорная магія ці што-небудзь такое. Думаю, ва ўсім гэтым няма прыкметаў злачынства, м-р Фатэрынгей, – ніякіх, калі вы не хаваеце істотных фактаў. Не, гэта цуды – чыстыя цуды – цуды, калі так можна сказаць, найвышэйшага гатунку.
Ён пачаў хадзіць сюды-туды па дыване ля каміна і жэстыкуляваць, а м-р Фатэрынгей з устрывожаным выглядам сеў і апусціў галаву на руку, абапертую на стол.
– Я не разумею, што мне рабіць з Ўінчам, – сказаў ён.
– Дар цудатворства – бясспрэчна, вельмі магутны дар, – казаў м-р Мэйдыг, – ён дапаможа вырашыць праблему з Ўінчам – не бойцеся. Мой дарагі сэр, вы незвычайна важны чалавек – чалавек выключнай каштоўнасці. Як сведка, напрыклад! А з іншага боку, тое, што вы можаце рабіць…
– Так, я ўжо падумаў пра сёе-тое, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Але асобныя рэчы выходзяць крывавата. Ці бачылі вы тых рыбак спачатку? Не той сасуд і не тыя рыбы. І я падумаў, што варта спытаць каго.
– І слушна зрабілі, – сказаў м-р Мэйдыг, – вельмі слушна зрабілі, цалкам слушна зрабілі. – Ён спыніўся і паглядзеў на м-ра Фатэрынгея. – Гэта фактычна бязмежны дар. Давайце праверым вашы сілы, для прыкладу. Ці сапраўды яны такія… Такія, якімі здаюцца.
Вось жа, якім бы неверагодным гэта ўсё ні здавалася, у кабінеце маленькага дому за кангрэгацыяналісцкай царквой увечары ў нядзелю 10 лістапада 1896 году м-р Фатэрынгей, падбухтораны і натхнёны містэрам Мэйдыгам, пачаў практыкавацца ў цудах. Я наўмысна засяроджваю ўвагу чытача на даце. Ён запярэчыць, а магчыма, ужо запярэчыў, што пэўныя моманты гэтай гісторыі непраўдападобныя, што калі нешта з ужо апісанага сапраўды здаралася, усё было б у тагачасных газетах. Тое, што адбудзецца зараз жа пасля гэтага, падасца яму асабліва непрымальным, бо, сярод іншага, яно прыводзіць да высновы, што ён або яна, згаданы чытач або чытачка, мусяць быць забітымі жорсткім і нечуваным чынам больш за год таму. Дык цуд не цуд, калі ён верагодны, і чытач сапраўды быў забіты жорсткім і нечуваным чынам у 1896 годзе. Па далейшым развіцці гэтай гісторыі ўсё стане выдатна зразумела і праўдападобна – любы разумны і разважлівы чытач гэта прызнае. Але гэта яшчэ не канец гісторыі, яна ледзь толькі пераваліла за сярэдзіну. І спачатку цуды, якія рабіў м-р Фатэрынгей, былі цудамі нясмелымі і дробнымі – нейкія аперацыі з кубкамі і абстаноўкай у пакоі. Нязначныя, як цуды тэасофаў. Але пры ўсёй сваёй нязначнасці яны ўспрымаліся яго таварышам з вялікай пашанай. Фатэрынгей ахвотней неадкладна б заняўся справай Ўінча, але м-р Мэйдыг не даваў яму. Пасля таго, як яны зрабілі з тузін хатніх справаў і ўпэўніліся ў сваіх сілах, іх уяўленне пачало паказваць прыкметы ўзбуджэння, і іх амбіцыі ўзраслі. Іх першая значная справа была выкліканая голадам і нядбайнасцю місіс Мінчын, аканомкі м-ра Мэйдыга. Страва, якую пастар прапанаваў м-ру Фатэрынгею, была дрэнна пададзеная і непрывабная для двух рупліўцаў-цудатворцаў. Але яны селі, і м-р Мэйдыг доўга і хутчэй скрушна, чым гнеўна, казаў пра заганы сваёй аканомкі, пакуль м-р Фатэрынгей не здагадаўся, што ўсё ў яго руках.