– Як вы думаеце, містэр Мэйдыг, – спытаў ён, – ці не будзе залішняй вольнасцю, калі я…
– Мой дарагі містэр Фатэрынгей! Вядома ж! Не – я так не думаю.
М-р Фатэрынгей махнуў рукой.
– Што будзем? – шчодра і добразычліва прапанаваў ён, і калі м-р Мэйдыг замовіў, то цалкам перайначыў выбар. – Што да мяне, – сказаў ён, паглядаючы на страву містэра Мэйдыга, – я аддаю перавагу куфлю портэру з цудоўнай валійскай грэнкай, гэта я і буду. Я не дужа люблю бургундскае, – і адразу па ягонай камандзе з’явіліся портэр з грэнкай. Яны доўга вячэралі, размаўляючы на роўных, што не мог не заўважыць м-р Фатэрынгей, чырванеючы ад здзіўлення і задавальнення, пра ўсе цуды, якія яны яшчэ зробяць. – І дарэчы, містэр Мэйдыг, – сказаў м-р Фатэрынгей, – я бадай што мог бы вам дапамагчы – па гаспадарцы.
– Не зусім вас разумею, – сказаў м-р Мэйдыг, асушаючы шклянку цудоўнага старога бургундскага.
М-р Фатэрынгей стварыў сабе проста з паветра яшчэ адну валійскую грэнку і адкусіў ад яе.
– Я падумаў, – сказаў ён, – што мог бы (хрум-хрум) зрабіць (хрум-хрум) цуд з місіс Мінчын (хрум-хрум) – зрабіць з яе лепшую жанчыну.
М-р Мэйдыг паставіў шклянку і паглядзеў з сумневам.
– Яна… Яна вельмі не любіць, калі ўмешваюцца, разумееце, м-р Фатэрынгей. І, па праўдзе, ужо далёка за адзінаццаць, яна найхутчэй ужо спіць. А вы думаеце?..
М-р Фатэрынгей выслухаў пярэчанні.
– Не разумею, што перашкаджае нам зрабіць гэта, пакуль яна спіць.
М-р Мэйдыг крыху пасупраціўляўся і ўрэшце саступіў. М-р Фатэрынгей загадаў, і, бадай, без ранейшай ужо разняволенасці двое джэнтльмэнаў вярнуліся да ежы. М-р Мэйдыг шмат гаварыў пра змены ў сваёй аканомцы, якія ён спадзяваўся ўбачыць заўтра, з такім аптымізмам, які нават на бяседны розум м-ра Фатэрынгея здаваўся крыху ненатуральным і занадта бурным, калі наверсе пачаўся бязладны шум. Яны абмяняліся запытальнымі позіркамі, і м-р Мэйдыг спешна пакінуў пакой. М-р Фатэрынгей пачуў, як той кліча гаспадыню, а пасля яго крокі наверх да яе.
Праз нейкую хвіліну пастар вярнуўся, ён ішоў лёгка, і яго твар свяціўся.
– Дзівосна! – сказаў ён, – і кранальна! Надзвычай кранальна!
Ён пачаў хадзіць па дыванку.
– Пакаянне – якое кранальнае пакаянне – скрозь шчыліну ў дзвярах. Бедная жанчына! Такая дзівосная перамена! Яна ўстала. Яна, мусіць, зараз жа ўстала. Яна прачнулася, каб раскалаціць бутэльку брэндзі, якую трымала ў куфэрку. І каб паспавядацца ў гэтым!.. Але гэта дае – гэта адкрывае нам – дзівоснае бачанне нашых магчымасцяў. Калі мы змаглі зрабіць такую цудоўную змену ў ёй…
– Магчымасці, відаць, неабмежаваныя, – сказаў м-р Фатэрынгей. – А што да містэра Ўінча…
– Абсалютна неабмежаваныя, – стоячы на дыванку, м-р Мэйдыг адмахнуўся ад праблемы з Ўінчам і выказаў шэраг цудоўных прапановаў – прапановаў, якія ён прыдумаў, пакуль хадзіў.
Што гэта былі за прапановы, для нашай гісторыі неістотна. Дастаткова сказаць, што яны былі ў духу бязмежнай шчодрасці, той шчодрасці, якую называюць паабедзеннай. Дастаткова сказаць таксама, што праблема Ўінча засталася нявырашанай. Няма патрэбы тлумачыць, як далёка заходзіў той шэраг. У ім планаваліся дзіўныя змены. Глыбокая ноч заспела м-ра Мэйдыга і м-ра Фатэрынгея, калі яны беглі халодным рынкавым пляцам пад спакойным месяцам у магічным экстазе: рухавы і ўзрушаны м-р Мэйдыг ды маленькі, даўно не голены м-р Фатэрынгей, які ўжо больш не саромеўся сваёй сілы. Яны выправілі кожнага п’яніцу ў Парламенцкім раёне, ператварылі ўсё піва і ўвесь алкаголь у ваду (м-р Мэйдыг здолеў пераканаць у гэтым м-ра Фатэрынгея). Пасля яны значна палепшылі чыгуначную інфраструктуру ва ўсёй мясцовасці, асушылі Фліндэрскае балота, палепшылі глебу на Гары Аднаго Дрэва і вылечылі бародаўку вікарыю. І яны збіраліся прыдумаць, што можна зрабіць з пашкоджанай паляй Паўднёвага моста.
– Заўтра, – задыхаўся м-р Мэйдыг, – гэта будзе зусім іншае месца. Як жа ўсе здзівяцца, як яны будуць удзячныя, – і якраз у гэты момант царкоўны гадзіннік прабіў тры.