Леанiд Дайнека
Чалавек з брыльянтавым сэрцам
ВЯЛIКI ЖАХ ПРЫХОДЗIЦЬ ТОЛЬКI ЎНАЧЫ
Можам шмат небылiц расказаць,
Як чысцейшую праўду,
Ды, калi схочам,
I праўду расказваць мы можам.
Жывуць Сонца i Кiсларод!
I
Зазванiў, а дакладней, забэкаў тэлефон. Сёння ён падрабляў голас маладога баранчыка, у якога толькi што прарэзалiся рожкi. Гай Дубровiч узяў трубку.
— Спадар Гай, — прыглушана сказалi на тым канцы, — табе тэлефануе Радзiвiл Сiротка. Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?
Такой была форма вiтання на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму — замест "добры дзень", або "добрай ранiцы" адразу ж цiкавiлiся крывяным цiскам i апошнiм сном суразмоўнiка.
"Хто такi гэты Радзiвiл Сiротка? — напружыў памяць Гай Дубровiч. — З Iндаэўрапейскага тэлебачання? З Лiгi барацьбы супраць мутантаў? А можа, сусед па 7-й верталётнай пляцоўцы?
Можна было нацiснуць зялёную кнопку на слухаўцы i адразу ж убачыць твар таго, хто званiў, але не хацелася гэта рабiць. У жыццi i ў прыродзе амаль не засталося таямнiцаў, няхай жа будзе хоць гэта, мiкраскапiчная.
— Цiск сто дваццаць пяць на восемдзесят чатыры. У апошнiм сне бачыў, як цалаваўся са сваёй колiшняй аднакласнiцай, — прыглушыў голас Гай Дубровiч i азiрнуўся — цi няма побач жонкi: — Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?
— Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, — паныла адказала слухаўка. А ў сваiм апошнiм сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе i ў вельмi недарэчнай, вельмi цьмянай сiтуацыi.
"Што ён вярзе? — здзiвiўся Гай Дубровiч. — Я яго зусiм не ведаю, не магу ўспомнiць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, снiць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзiць толькi тое, аб чым думаеш, або некалi думаў".
Тут Гай Дубровiч зноў палахлiва азiрнуўся, ды жонкi ў пакоi не было. Хоць на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму рэўнасць на Ўсеiндаэўрапейскiм рэферэндуме прызнана i зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзiць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеiндаэўрапейскi рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровiч, менш плюралiстычныя.
— Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволi рызыкоўнай, даволi небяспечнай сiтуацыi, — бубнiла мiж тым тэлефонная трубка.
Гай Дубровiч аж цiхенька скрыгатнуў зубамi. Адкуль узяўся гэты гаварун, гэты кат-заплечнiк? Так добра пачынаўся дзень, i вось недарэчны званок… Мацi Гая Пушча Дубровiч некалi казала: "Маўчы, а то язык iголкаю накалю". Узяць бы зараз доўгую вострую iголку, прыпалiць яе на полымi, ды…
— Што ж ты бачыў аба мне? — амаль крыкнуў Гай.
— Бачыў, што на рагу Зялёнай i Сiняй вулiц цябе, спадар Гай, пераехаў электрамабiль. I ты развалiўся, прабач, на тры часткi. У цябе чамусьцi была не чырвоная, а жоўтая кроў. Жоўтая, як кветка лотацi, што расце ў Апошнiм Балоце. Ты яшчэ паспеў войкнуць, i ўсё…
— Чаму ж я развалiўся менавiта на тры часткi? — толькi i прамовiў агаломшаны Гай Дубровiч.
— А гэтак цябе пераехалi. Вось я i пазванiў табе, каб, як iсцiнны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi, папярэдзiць: тыдзень не выходзь з дому, не пачынай новых спраў, не пi вiно i снежную ваду з памiрскiх ледавiкоў. Адным словам, асцерагайся. Ты ж ведаеш, што пасля такога Сну (Радзiвiл Сiротка зрабiў нацiск на слове «такога», i тэлефон паўтарыў гэта слова двойчы) можа, калi не асцерагацца, прыйсцi Вялiкi Жах. А Вялiкi Жах прыходзiць уначы.
Выгукнуўшы: "Жывуць Сонца i Кiсларод!" (так, па традыцыi, заканчвалi свае прамовы людзi Вялiкай Эры Плюралiзму), Радзiвiл паклаў трубку. А Гай Дубровiч застыў у глыбокiм одуме. Зрабiлася так тужлiва, так няўтульна на душы, хоць у мяшок завяжыся. Ён узняўся з крэсла, падышоў да хатняй электроннай энцыклапедыi, якая мясцiлася на ярка-чырвонай насценнай панелi. Адшукаў кнопку з надпiсам «эмоцыi», нацiснуў. Адразу на панелi ўспыхнуў невялiкi срабрысты экран, ланцужком пабеглi словы «радасць», "гнеў", "здзiўленне", «гордасць», "крыўда"… На слове «жах» ланцужок спынiўся. Гай Дубровiч цiскануў кнопку два разы, i экран перарэзаў чорны надпiс "вялiкi жах". Потым ён размыўся, экран зрабiўся зялёным — энцыклапедыя пачала тлумачыць слова «жах». У адно iмгненне перад прыцiхлым Гаем Дубровiчам пранеслiся аскаленыя чарапы, агiдныя, шэрыя ад часу шкiлеты, гiганцкiя шматлапыя павукi з вогненна-чырвонымi вачыма, падзямеллi-катавальнi, дзе на плячах i галовах вязняў густа варушылiся, мярзотна пiшчалi тлустыя пацукi. Гай аж уздрыгнуў, а на экране ўжо быў эшафот, зрублены са смольных сасновых дошак, стаяла плаха з уваткнутай у яе сякераю. Жоўтатвары змардаваны чалавек у чорным балахоне горбiўся каля яе на каленях, а кат чытаў яму каралеўскi ўказ. Словы, як пякучыя iголкi, лезлi ў вушы: "Паколькi вы, сэр Рэлi, прызнаны вiнаватым у кашчуннай здрадзе нашаму каралю Якаву Першаму, вас даставяць назад у турму, дзе вы будзеце знаходзiцца да дня пакарання. Адтуль вас павязуць у павозцы па вулiцы да месца страты, дзе павесяць, але яшчэ жывога дастануць з пятлi, аголяць цела, вырвуць сэрца, кiшкi, палавыя органы i спаляць iх на агнi на вашых вачах. Затым вашу галаву аддзеляць ад цела, якое расчленяць на чатыры часткi, каб прынесцi задавальненне каралю. Ды даруе Бог вашу душу. Лондан. У год ад увасаблення Хрыстовага 1603-цi".
Гай Дубровiч, як амаль усе людзi Вялiкай Эры Плюралiзму, быў добрасардэчны, чуллiвы, i таму ён хуценька выключыў энцыклапедыю i зноў пачаў ламаць галаву: думаць — хто ж званiў яму. Мяркуючы па прозвiшчу Радзiвiл Сiротка — нехта з тых, хто помнiць, ведае i любiць беларускую гiсторыю. Такiх людзей цяпер нямала, не тое што раней. Ведаць свой радавод да дзесятага калена павiнен кожны грамадзянiн Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Тое ж самае i ў Арабскай Канфедэрацыi, i ў Кiтайскай. Можна пазванiць у Бюро "Усё аб усiх", i праз лiчаныя хвiлiны будзеш ведаць, колькi ў гэтага Радзiвiла Сiроткi радзiмак на скуры. Але правiлы Штодзённага Этыкету не дазваляюць рабiць такое. Шхто не мае права парушаць Таямнiцу Чалавечай Душы. Толькi следчыя ў час аварый i катастроф могуць (i то на нейкае iмгненне) зазiрнуць у святая святых. А катастроф i аварый на Зямлi хапае. Яшчэ непадуладны людзям землятрусы вышэй сямi балаў, маланкi, метэарыты. Са смерчамi ж навучылiся змагацца — гарматным стрэлам адсякаецца ад мацярынскага воблака хобат смерчу, i дзiкая сiла стыхii пралiваецца хвосткiм, але нястрашным дажджом.
Трыццацiпяцiгадовы Гай Дубровiч, сухарлявы шатэн з шэрымi вачамi, быў супрацоўнiкам Славянскай секцыi Iндаэўрапейскага аддзелу Сусветнага iнстытута гiсторыi планеты Зямля. Дарэчы, пяцьдзесят гадоў таму назад успыхнула вельмi вострая спрэчка памiж «акiянiстамi» i «зямлянамi». «Акiянiсты» (iх падтрымалi Саюз ахвяр мора, Лiга iмя капiтана Нема, Асацыяцыя аквалангiстаў i вадалазаў) запатрабавалi, каб планета называлася Акiянам, а не Зямлёю, бо аж 71 працэнт яе пакрыты вадой. Справа скончылася Вялiкiм Рэферэндумам. З нязначнай перавагай перамаглi «зямляне». Iхнi лiдэр Джон Сiлмэн сказаў: "Калi вада даходзiць да барады, усе пачынаюць плаваць, але толькi зямная цвердзь навечна захоўвае чалавечыя сляды, вада ж не пакiдае на сабе слядоў. Дык уславiм Зямлю!"
Дубровiч заўсёды быў сярод «зямлян», бо перакананы, што нi мора, няхай самае прыгожае i багатае, нi Далёкi Космас, наскрозь прастрэлены трасамi зоркалётаў, не заменяць чалавеку Зямлю. Ёсць на дне Балтыкi падводны горад Светавiд, названы ў гонар вярхоўнага бога паморскiх славян. Дык вось жыхары ягоныя кожную нядзелю разам з дзецьмi выходзяць на паверхню i, укленчыўшы, цалуюць траву i ўзбярэжны пясок. I выносяць з-пад вады ўрны з попелам-прахам сваiх памерлых дзядоў.
Як прафесiйны гiсторык Гай Дубровiч з прагнасцю чытаў кнiгi сваiх калег, напiсаныя яшчэ да Вялiкай Эры Плюралiзму. Усе яны — i манархiсты, i рэспублiканцы, i лiбералы верылi, што чалавецтва знаходзiцца толькi на самым пачатку вялiкай, можа, нават бясконцай дарогi, што шчасце — наперадзе, як ранiшняя зорка на ружовым небасхiле. Асаблiва верылi ў гэта камунiсты, без анiякiх сумненняў, самаахвярна, з фанатызмам. Яны не азiралiся назад, усё не было часу, а не павярнуўшы галавы, не ўбачыш, бо ў чалавека няма вачэй на патылiцы. Так i беглi праз дзесяцiгоддзi, не тое што назад, пад ногi не паспявалi глянуць, не маглi ўразумець, па чым бягуць — па кветках? па касцях? Формула iснавання была такая: "Рух — усё, мэта — нiшто". Ды горкае расчараванне чакала ўсiх гэтых бегуноў. Тыцнулiся носам i губамi ў сцяну, крывёй залiлiся.