Выбрать главу

Ён пераможна паглядзеў на Веру Хрысцiнюк.

— Вы, дарагi iнспектар, у вашых развагах павярнулi, прабачце, трошкi не ў той бок, — перапынiў яго Навум Масейкiн i перапынiў, трэба зазначыць, не дужа тактоўна. — Праблема, як я разумею, заключаецца ў тым, што на Чорным Хутары мы маем справу з магчымай агрэсiяй у дачыненнi да нашага шаноўнага Гая Дубровiча. Прадстаўнiкi якой цывiлiзацыi яму пагражаюць? Бiялагiчнай? Машыннай? Хто яны? Невiдзiмкi, зомбi, людзi, якiх атруцiлi, закапалi ў магiлы, а потым ажывiлi, i яны нiчога не памятаюць пра сваё чалавечае мiнулае?

— Спадар Масейкiн, не ўскладняйце сiтуацыю, — зморшчыўся iнспектар Салавей. — Магчыма, тут дзейнiчае банда саржавелых робатаў. Нейкiм чынам iм удалося пазбегнуць прэса, уцячы з базы металалому, вось яны i нахабнiчаюць. Але няхай толькi сунуцца. З вялiкiм задавальненнем я нараблю дзiрак у iхнiх галовах-вёдрах.

Пры гэтых словах iнспектара Дулеб выпусцiў з рук блакiтную талерку, i яна, вядома ж, разбiлася. Салавей падазрона паглядзеў на яго, сярдзiта кашлянуў. Здавалася, вось-вось закрычыць: "Гэта iхнi важак! Вяжыце рукi бандыту!"

— Мы пазбавiлi Старую Цывiлiзацыю чыстай ежы i паветра, мы атруцiлi яе. Яна i помсцiць, — звонкiм упэўненым голасам сказаў Клён. Вялiкая Эра Плюралiзму дазваляла яму на роўных удзельнiчаць у дыспутах дарослых людзей, праўда, не так самаўпэўнена i катэгарычна, ды гэта ўжо iншая гаворка.

— Малайчына Клёнiк, — пляснула белымi далонькамi Вера Хрысцiнюк i памкнулася пацалаваць яго ў шчаку, але ён вывернуўся.

— Мне здаецца, што Клён недалёка ад iсцiны, — загаварыў нарэшце i Гай Дубровiч. Яго пачынаў прыпякаць сорам. Ледзь запахла нейкай непрыемнасцю — i адразу разнюнiўся, расхныкаўся. Навошта званiў Масейкiну? Навошта тут, на Чорным Хутары, гэты iдыёт iнспектар? Навошта прыляцела Вера? Ён сiмпатызуе ёй, i яна яму, але сёння ж якраз не той дзень, калi трэба было з ёй сустракацца. "Паплакацца ў камiзэльку", як казалi iнтэлiгенты мiнулых стагоддзяў, можна i нават часам неабходна, толькi не пры такiм людным зборышчы.

— Я гутарыў з доктарам Метэорам, з нашымi вядомымi вучонымi-уфолагамi, — працягваў Гай, — i яны схiляюцца да думкi, што Старая Цывiлiзацыя задоўга да нашай выйшла на касмiчныя формы свядомасцi. КЛА гэта не што iншае, як касмiчныя караблi эфiрнага Сусвету. Яны могуць здзяйсняць пераход з нашага чатырохмернага свету ў свет з большай колькасцю вымярэнняў. У iх зусiм iншае ўспрыняцце прасторы i ходу часу. Як нам, нашай цывiлiзацыi, праламаць нават не сцяну, тонкую сценку, што аддзяляе нас ад iх?

Вера Хрысцiнюк, якая закахана пазiрала на Гая, умяшалася ў размову.

— Мы ў сваiм iнстытуце вывучаем усе формы чалавечага сну. Вы ўсе, пэўна ж, чулi, што iснуе асобая яго фаза — парадаксальны сон, калi ў таго, хто спiць, вельмi хутка рухаюцца вочы. Дык вось мы прыйшлi да цвёрдай высновы, што стан парадаксальнага сну з'яўляецца другой формай свядомасцi чалавека, якая характарызуецца павышанай яркасцi вобразамi i спецыфiчнай формай мыслення. Вельмi магчыма, што парадаксальны сон з'яўляецца пераходным этапам да касмiчных формаў чалавечай свядомасцi.

— Не глядзiце на майго бацьку так, — раптам амаль закрычаў Клён.

— Як — так? — страшэнна разгубiлася, катастрафiчна пачырванела Хрысцiнюк.

— Быццам ён — верабей, а вы — пiтон, — разануў малодшы Дубровiч.

Гай, у адрозненне ад Веры Хрысцiнюк, пабялеў.

— Дулеб, — сказаў ён аслабелым голасам робату, — трэба запалiць камiн. Схадзi разам з iм, — паказаў суровымi вачамi на сына, — прынясi дроў.

— Будзе зроблена, спадар Гай, — весела адказаў Дулеб, жалезнай рукою ўзяў Клёна за локаць i вывеў з камiннай залы.

Павiсла маўчанне, якое ў такiх выпадках i пры Вялiкай Эры Плюралiзму было няёмкае, цяжкае.

— Так, мы здорава насалiлi Старой Цывiлiзацыi, — кiнуўся затыкаць прабоiну ў разгайданым караблi размовы Масейкiн. — Складзiравалi радыеактыўныя адыходы на акiянскiм дне. Мне ў СБС, у Саюзе Балтыйскiх Славян, шмат што на гэты конт расказвалi. Запампоўвалi ў кожную дзiрку зямной паверхнi розны бруд. Палiвалi зямлю бензiнам i керасiнам. А там жа, далей ад нашых вачэй i рук, жыла Старая Цывiлiзацыя, там было яе карэнне. Хто, як не прадстаўнiкi Старой Цывiлiзацыi, усе гэтыя нiмфы, эльфы, дрыяды, гномы, кентаўры? Вясёлы бесклапотны народ, што яшчэ ў часы старадаўнiх грэкаў сялiўся ў гаях, ручаях i скалах, сустракаўся людзям на кожным кроку. Мы аб'явiлi iх мiфам, легендай, а яны ж былi — разумееце? былi! — яны i сёння ёсць, толькi адступiлi ў змрок, непадуладны нашаму воку.

— Ну й ну, — хмыкнуў iнспектар Салавей.

Але Навум Масейкiн прапусцiў мiма вушэй ягоную iронiю, бо ўжо зацугляў свайго любiмага канька — красамоўства.

— А беларускiя вадзянiкi i лесавiкi-чашчавiкi? Таксама яна, наша няўлоўная, наша недасяжная, наша таямнiчая Старая Цывiлiзацыя. Дзесяткi тысячагоддзяў назад, у час ледавiкоў i каменных сякер, яна прайграла рашучую бiтву новай, болып моцнай, я б сказаў, больш грубай цывiлiзацыi, падобна таму, як Рым прайграў варварам.

— Усё! — смеючыся заткнула пальцамi вушы Вера Хрысцiнюк. — Хопiць лекцый. Каля камiна трэба сядзець моўчкi i пазiраць на агонь, проста пазiраць на агонь.

Усе так i зрабiлi, толькi iнспектар Салавей строга паклiкаў да сябе Дулеба, i яны пайшлi аглядаць вокны i дзверы Чорнага Хутара.

Адгарэў камiн, разам з iм адгарэў вечар, i нарэшце Гай застаўся ў пакоi адзiн. Побач варочаўся за сценкаю Клён. Здорава перапала яму ад бацькi за доўгi язык. Усе госцi таксама ўляглiся спаць. Толькi было чутно, як Дулеб хадзiў унiзе, у камiннай зале, чыгуннай рыдлёвачкай выграбаў попел, дзынкаў дужкай вядра, а потым нават цiхенька заспяваў куплет з "Танга робатаў":

Там, дзе за горадам жаўцеюць горы металалому, Дзе ў iржавым падшыпнiку зацвiў сiнi васiлёк, Я сустрэну цябе. I мы прагонiм сум i стому. I я навекi запомню твой крылата-спружынны крок.

"Добрая песня, — падумаў, ужо амаль засынаючы, Гай. — Простая даходлiвая мелодыя, чыстае пачуццё. Кажуць, у кнiгарнях з'явiўся двухтомнiк фальклору робатаў. Трэба купiць".

Раптам на цёмнай сцяне, на якую быў скiраваны яго позiрк, рэзка ўспыхнулi чырвоныя пранiзлiвыя словы: "Увага. Чакайце. Будзем праз чатыры хвiлiны".

Падушка вылецела ў Гая з-пад галавы. Сам жа ён уплiшчыўся ў ложак. Ён адчуў такi выбуховы, такi востры, як брытва, страх, што аж пазелянела ўваччу, аж занылi пальцы рук i ног. Ён адчуў такi неймаверны страх, што падалося — ягоны мозг хоча выскачыць з чарапной каробкi i некуды ўцячы.

— Апёк за апёк, рана за рану. Так напiсана ў Бiблii, — прагучаў проста ў яго над галавой глухi, нейкi каменны голас.

Гай, нiбы кенгуру, доўгiм скачком вылецеў з ложка i — яшчэ голыя пяты не дакранулiся да падлогi! — ударыў у цемры пальцам па ўключальнiку, уключыў святло. Проста перад iм вiсела на сцяне люстра, старое, звычайнае, з лёгкай трэшчынкай па левым краi. Ён убачыў у люстры свой твар, нейкi зялёна-белы, капусны, з уздутымi шчокамi i дрыготкiмi, не чырвонымi, а шэрымi губамi. Сваiх вачэй — вось дзiва! — ён не ўбачыў, замест iх былi расплывiстыя туманныя плямы. Ён кароткi, як узмах веек, мiг пазiраў на сябе, i раптам люстра аглушальна лопнула, раскалолася на няроўныя рваныя кавалкi, блiскучыя зiхоткiя крошкi. Адтуль, з глыбiнi люстра, рэзка торкнулiся ягоныя рукi (ён нават драпiнку на ўказальным пальцы левай рукi ўбачыў), сцiснулi яму шыю, пачалi душыць. Ягонае адлюстраванне душыла яго з найвялiкшай лютасцю, не даючы нi крутнуць галавой, нi ўдыхнуць у лёгкiя хоць грам паветра. Здавалася, яшчэ мiг-другi, i ў Гая разарвецца, не вытрымае сэрца. У вачах плыла жаўцiзна, адключалася свядомасць. З апошнiх сiл кулакамi ён ударыў па руках, што душылi яго, а сам плюхнуўся на падлогу. "Трэба закрычаць", падумалася яму, ён i хацеў гэта зрабiць, але з вялiкiм здзiўленнем i жахам пераканаўся, зразумеў, што голас ягоны як бы адключаны нейкай жорсткай бязлiтаснай сiлай. "Няўжо Клён не пачуў звону разбiтага люстра? Ён жа амаль побач, за сценкаю", — роспачна мiльганула думка.