Выбрать главу

— У мяне ж змена, — сказаў Буслейка.

— Змена не жонка. Запомнi гэта. Дык цi не хочацца?

— Хочацца, — шчыра прызнаўся Буслейка. — Але я не разумею, як гэта можна зрабiць.

— Слухай жа, калi хочацца. — Зноў даў яму поўны кубак пiва дырэктар. Сусветны Саюз Стрэсаператараў — ты ж яго член таксама — вырашыў паслаць у раён Менска, туды, дзе лакалiзуюць СЦ, сваю групу, цi свой атрад, як хочаш называй. Трэба нарэшце, каб i стрэсаператары вочы ў вочы, твар у твар сутыкнулiся са Старой Цывiлiзацыяй. А то гiбеем тут каля экранаў i не ведаем, з кiм цi з чым змагаемся. А там бой iдзе, ды яшчэ якi. Чытаў "Вайну светаў" Уэлса?

— Вядома, чытаў, - радасна азваўся Буслейка.

— Сёння там нешта падобнае адбываецца. Я й падумаў — ты ж з Беларусi, каму, як не табе, ляцець?

— Вельмi правiльна падумалi, — ледзь не расцалаваў дырэктара Буслейка. Патоцкi быў лаканiчны:

— Адлёт — заўтра.

— Пан Лех, — узмалiўся Буслейка: — Адна малюсенькая просьба. Адпусцiце са мной, будзьце ласкавы, i Карла Гакенхольца, майго напарнiка, Я разумею, што на Стрэсографе зараз работы вышэй галавы, але ж…

— Дагаворвай-дагаворвай, — сярдзiта прыжмурыўся Патоцкi. — Паплач у тры ручаi. Прабач, але я думаў, што вы, беларусы, не такiя шустрыя. Што ж, паляцiць разам з табой i Гакенхольц. I не трэба мне дзякаваць. Лiчыце гэты палёт узнагародай. Вы ж з Карлам стрэсаператары экстракласа, можна сказаць, генii. А ведаеш, што сказаў вялiкi Зыгмунд Фрэйд? "Генiй i паслухмянства дзве несумяшчальныя рэчы".

V

Перад вылетам усiх стрэсаператараў i тэхнiкаў (Лех Патоцкi дазволiў ляцець дваццацi пяцi чалавекам) сабралi на iнструктаж. Вёў яго прадстаўнiк Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокi прыгожы негр, валасы ў якога былi ў найдрабнейшых завiтушках.

— Я зайздрошчу вам, — сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнiк. — Адна справа — сачыць за экранамi i камп'ютэрамi, зусiм iншае — самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды i заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесiйны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: "Не адхiляй вуха свайго ад слухання законаў". I вы будзьце дысцыплiнаванымi, уважлiвымi, падпарадкоўвайцеся загадам вайсковых кiраўнiкоў.

— Маралiст, — скептычна ўсмiхнуўся Карл Гакенхольц, якi сядзеў побач з Буслейкам.

— I збiрайце ўсю даступную вам iнфармацыю аб СЦ, — вёў сваё прадстаўнiк, — не прапускайце нiводнай дробязi. Упершыню пасля Чыкага Вялiкi Жах выступiў такiм шырокiм фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакi? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытаннi. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезцi адказ. Жадаю вам усiм шчаслiвага вяртання. Жывуць Сонца i Кiсларод!

Паляцелi ў дапатопным транспартным самалёце, якi, калi верыць чуткам, мiрна дажываў век у вайсковым музеi i быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калацiла, падкiдвала на паветраных ямах.

— У нашых продкаў страўнiкi былi здаравейшыя, — сказаў Карл, убачыўшы, як некалькi пазелянелых дэсантнiкаў нахiлiлiся, быццам па камандзе, над гiгiенiчнымi пакетамi. Дый сам ён надта ж кiсла моршчыўся i ўздыхаў. Але як бы там нi было, прызямлiлiся на шурпатай бетонцы Старога Смалявiцкага аэрапорта.

Iх ужо чакаў капiтан рэспублiканскiх гвардзейцаў, якi трымаў над сабой чорны парасон, бо церусiў дожджык.

— Капiтан Хвалiбог, — адрэкамендаваўся ён. — Буду, так сказаць, вашым гiдам.

— Капiтан, што тут у вас робiцца? — на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.

— У якiм сэнсе? — не зразумеў, ускiнуў тонкае брыво Хвалiбог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабiстае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фiгуры, па ўпэўненасцi рухаў, службiстам быў хвацкiм.

— У сэнсе Старой Цывiлiзацыi, — не дужа ветлiва ўмяшаўся ў размову Карл, бо дождж гусцеў, лупцаваў па бетонцы, а дзвюх машын-амфiбiй, якiя мелiся сустракаць стрэсаператараў у аэрапорце, пакуль што i духу не было.

— Ах, вы пра СЦ, — адразу ж павярнуўся да Карла Хвалiбог i адразу ж далiкатненька запiхнуў яго пад свой вялiзны парасон. — Мая рота гвардзейцаў забяспечвае ахову аэрапорта. У нас, як бачыце, усё спакойна. А там, — ён махнуў рукой у чорнай скураной пальчатцы на захад, — гарыць i грымiць. Вядома, я i мае арлы хацелi б знаходзiцца там, але загад ёсць загад. Хвiлiн дваццаць назад, якраз перад вашым прылётам, прыехалi людзi з сельскагаспадарчых кааператываў i з хутароў. Адзiн нават на трактары прыгрукацеў. Усе ў сажы. Ёсць абпаленыя. I адкуль толькi ўзялася гэта брыдота? Жылi дзяды-прадзеды, нiчога не ведалi, былi гаспадарамi планеты, а мы атрымалi кукiш з макам — аб'явiлася, бачыш ты, нейкая Цывiлiзацыя. Цьфу ты.

Хвалiбог плюнуў.

— За ўсё трэба плацiць, капiтан, — строга i павучальна, як школьнiку, сказаў яму Радаслаў.

— За што плацiць? — не зразумеў Хвалiбог.

— За ўсё. За кiсларод i вадарод, за ссечаныя лясы, за рукатворныя пустынi, адным словам, за жыццё, наша чалавечае жыццё. Бясплатны сыр бывае толькi ў мышалоўцы.

— Пры чым тут мышалоўка? — пакрыўдзiўся капiтан, але ў гэты самы час рэзка завуркаталi маторы — падышлi дзве амфiбii, пафарбаваныя ў балотна-зялёны колер. Стрэсаператары разам з Хвалiбогам i некалькiмi гвардзейцамi апранулi тэрмастойкiя чырвоныя касцюмы, узялi лазерныя карабiны-бластэры, процiвагазы, ракетнiцы, сапёрныя рыдлёўкi, дынамiтныя шашкi, селi ў пасажырскiя адсекi хуткаходных машын. Пабеглi насустрач лугi, пералескi, палявое шматкалоссе. Усё выразней адчуваўся трывожны горкi пах дыму. Пот цёк па шчоках. На беразе Пятровiцкага вадасховiшча спешылiся. За вадасховiшчам, на захадзе, гарэў пасёлак Сокал. Было бачна, як мiтусяцца там людзi, як бегаюць перапалоханыя конi i каровы. Нястрымны вогненны вал кацiўся адтуль. I толькi птушкi, бестурботныя дзецi паветра, весела высвiствалi свае песенькi.

— Што iм трэба? — цiха, як бы ў самога сябе, спытаў Радаслаў Буслейка. Меў ён на ўвазе, вядома, не галасiстых птушак, а шышкагаловых ружоваскурых людзей, пехацiнцаў Старой Цывiлiзацыi, якiя з боку Сокала наблiжалiся да вадасховiшча. Iх было сотнi дзве. Вогненны вал, дыяметрам каля метра, пагрозлiва рухаўся следам за iмi. Гарэлi лугавыя хмызнякi i трава.

— Напалеон неяк сказаў: "Ва ўсяго ёсць мяжа, нават у нянавiсцi". Але дзе мяжа тут? I з кiм мы маем гонар скрыжаваць шпагi?

Гэтыя словы глыбакадумна прамовiў Карл Гакенхольц. Ён трымаўся поруч з Радаславам i ўжо з няспешлiвай нямецкай грунтоўнасцю дзёўб сапёрнай рыдлёўкай зямлю — капаў акоп.

— Вадасховiшча iм не фарсiраваць! — закрычаў капiтан Хвалiбог. — У вадзе гэтыя яшчаркi адразу ж, пускаючы бурбалкi, пойдуць на дно! Усiм акапвацца!

Заскрыгаталi рыдлёўкi, уразаючыся ў зямлю. Кожны стараўся зрабiць сабе сховiшча як мага хутчэй. А шышкагаловiкi (такая мянушка адразу прыклеiлася да салдат СЦ) тым часам былi ўжо каля самай вады. Спынiлiся, i вогненны вал спынiўся разам з iмi i нават паменшаў, нiбы збiраўся патухнуць.

— Што я казаў? — весела засмяяўся капiтан Хвалiбог.

У гэты час нешта свiснула i ў правую руку яму, якраз у далонь, якую ён хацеў сцiснуць у кулак, каб пагразiць шышкагаловiкам, упiлася невялiкая чаратовая страла з касцяным наканечнiкам. Капiтан разгублена пазiраў на яе.

— Дык гэта ж дзiкуны, госцi з каменнага веку, — сказаў ён нарэшце, дастаючы стралу. — Бачыце, чым ваююць?

— Iдуць! — закрычалi раптам адразу некалькi чалавек. — Шышкагаловiкi пайшлi па вадзе!

Радаслаў Буслейка, якi, цяжка дыхаючы i пацеючы, старанна вышкробваў з акопа жаўтапёс, адкiнуў убок рыдлёўку, уталопiўся позiркам у процiлеглы бераг. Вiдовiшча ўражвала. Салдаты СЦ, насуперак бадзёраму прагнозу капiтана Хвалiбога, пачалi фарсiраваць вадасховiшча. Прытым не на лодках i не на пантонах. Яны проста iшлi па люстраной хвалiстай паверхнi, быццам па цвёрдай зямлi. Здавалася, нечаканыя моцныя маразы ўкавалi ваду i на ёй лёг лёд. Але ж хвалi жвава беглi на жоўты ўзбярэжны пясок i да зiмы было дужа далёка.

— Нейкая д'ябальшчына атрымлiваецца, капiтан, — сказаў Буслейка Хвалiбогу, якi акапаўся праваруч. Толькi гаваркi капiтан чамусьцi маўчаў. Калi ж Буслейка павярнуўся да яго, то ўбачыў, што хвацкi ваяка ўткнуўся носам у пясок i… спiць, ды так мiрна, так лагодна, як маленькае хлапчанё ў мацi на руках. "Страла была са снатворным або атрутай", — здагадаўся Радаслаў i крыкнуў гвардзейцам: — Цягнiце свайго шэфа ў амфiбiю!