— Карл, — горача зашаптаў Буслейка, i вочы страсна заззялi, — прашу цябе маўчаць i падпарадкоўвацца мне. Так-так, дарагi германец, падпарадкоўвацца. Бачыш вунь тую машынку з вiнтом? Зараз мы цiхенька падыдзем да яе, плюнем тройчы цераз левае плячо, сядзем i паляцiм у Менск, у мой Менск.
— Ды ты звар'яцеў, - не прыцiшаючы голасу, адразу ж сказаў Гакенхольц.
— Цiха, — прыклаў палец да нiжняй таўставатай губы Буслейка. — Немцы, як мне вядома, спакойныя, вытрыманыя людзi. Адпавядай жа характарыстыцы свайго народа.
— Пры чым тут народ? — ускiпеў Карл. — Тое, што ты хочаш зрабiць, звычайная крымiнальшчына.
— Цiха, — зноў паўтарыў Радаслаў, быццам зацыклiўшыся на гэтым слове. Я пакiну свой адрас i нумар чэкавай кнiжкi. Я згодзен заплацiць любы штраф у любой валюце — захочуць, у iндаэўрапейскiх доларах, захочуць, у мясцовых беларускiх талерах. Будзем лiчыць, што мы нанялi аэратаксi.
— Ты — дурань, — шпурнуў апошнi цяжкi камень спрэчкi Гакенхольц.
— Дзякуй, — галантна пакланiўся Буслейка. — I ўсё-ткi я ўпэўнены, што ты, Карл, як сапраўдны нашчадак гераiчных ваяўнiчых вiкiнгаў, пойдзеш за мной.
Спрэчка скончылася тым, што яны, азiраючыся па баках, нiбы дзецi, якiя лезуць у чужыя яблыкi, падышлi да непрыкаянага верталёта, селi ў яго. Вялiкая Эра Плюралiзму, калi верыць штогадовай статыстыцы, канчаткова перамагла iстотны ў мiнулыя часы хiб чалавечага характару — цягу да крадзяжу чужой маёмасцi. Маглi ўкрасцi дзецi — цацку, цукеркi. Маглi ўкрасцi псiхiчнахворыя. Але нармальны грамадзянiн з самага маленства адносiўся да гэтага рэзка негатыўна. Многiя нават не ставiлi замкоў на дзвярах сваiх кватэр. Так што, калi гаварыць аб'ектыўна, Радаслаў Буслейка не лiчыў i не мог лiчыць сябе злодзеем. Проста ён браў патрэбную яму рэч на часовае карыстанне. Праўда, для гэтага неабходна было заручыцца дазволам гаспадара, але гаспадар у дадзенай сiтуацыi адсутнiчаў, што i засмучала законапаслухмянага Карла.
Радаслаў рашуча сеў на месца пiлота, разгублены Карл умасцiўся за яго спiной. Праз некалькi iмгненняў яны адарвалiся ад бетонкi. Верталёт злёгку пахiстваўся, быццам адчуваючы чужую руку. Але разагрэўся, весялей залапатаў рухавiк, праплыў унiзе нейкi лясок, жоўтая стужка палявой дарогi, i Буслейка ўскiнуў угору кулак, адтапырыўшы вялiкi палец:
— Ляцiм!
Усе дарослыя грамадзяне Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi ўмелi кiраваць аўтамабiлямi, верталётамi, спартыўнымi самалётамi, катэрамi, яхтамi i г.д. Навучанне пачыналася з дзiцячага ўзросту, i толькi iнвалiды вызвалялiся ад яго. На чалавека, якi (цяжка ўявiць!) не разбiраўся ва ўсёй гэтай тэхнiцы, глядзелi б як на дзiкуна, што не чысцiць ранiцою зубы, а не чысцiць зубы мог толькi круглы вар'ят.
— Цiкава, куды мог знiкнуць верталётчык? — уголас разважаў тым часам Гакенхольц. — Iдуць баi з СЦ, аэрапорт працуе ў ваенным рэжыме, а тут стаiць, кукуе без прыгляду машына…
— Не забывай, Карл, што ты на славянскай зямлi, а не ў Германii, весела ўсмiхнуўся Буслейка. — Розныя клiмат i гiсторыя, розныя характары i гены.
— Розныя, — згадзiўся Карл, — толькi верталёт, у якiм няма пiлота, павiнен стаяць у ангары.
Буслейка ўжо з раздражненнем паглядзеў на немца, хацеў сказаць нешта болып едкае i болын цвёрдае, але замест гэтага радасна закрычаў:
— Зiрнi, Карл, унiз! Мы пралятаем над самым галоўным помнiкам Беларусi!
Бронзавая, метраў дваццаць вышынёй, жанчына з мячом у руцэ стаяла на круглым п'едэстале, складзеным з агромнiстых калявых валуноў. З усiх бакоў да яе вялi дарогi i сцежкi, iшлi i ехалi людзi.
— Калi Адольф Гiтлер захапiў Беларусь (а было гэта ў першай палове дваццатага стагоддзя), тут знаходзiўся Трасцянецкi канцлагер смерцi, — пачаў тлумачыць Буслейка. — Тут забiвалi, а потым спальвалi людзей. А некаторых i жыўцом палiлi. I вось на гэтым пакутным месцы, можна сказаць, на чалавечым попеле вырашылi паставiць помнiк адважнай гордай жанчыне, княгiнi Рагнедзе. Народ заве гэты помнiк "Мацi Беларусь".
Гакенхольц, уважлiва слухаючы Буслейку, неадрыўна глядзеў на велiчны помнiк.
— Рагнеда ўзняла меч за сваю зямлю i свой род. Ва ўсёй даўжэзнай гiсторыi чалавецтва мала знойдзецца такiх жанчын. Iльвiца i перапёлка. Прыгажуння i нябесная грозная маланка. Княгiня i рабыня. Вялiкая вечная мацi гордых i мужных. Такой жыве i заўсёды будзе жыць у народнай душы Рагнеда. Калi я гляджу на гэты помнiк, я ганаруся, што я — беларус. Разумееш, Карл?
— Чаму ж не зразумець? — адказаў Гакенхольц. — Я, напрыклад, ганаруся, што нарадзiўся немцам. Гэта абсалютна здаровае, абсалютна натуральнае пачуццё. Мяне дзiвiць, што калiсьцi слова «нацыяналiст» лiчылася абразлiвай лаянкай. Што дрэннага ў тваёй або маёй любовi да сваёй нацыi, асаблiва калi гэта любоў спалучаецца з павагай да iншых народаў? Кожны ўплятае яркую нiтку ў велiзарны дыван чалавецтва, у тым лiку, i арыйцы — славяне i германскiя плямёны. Так было, так будзе.
— Так будзе, — паўтарыў следам за iм Радаслаў i зiрнуў на свой наручны бiялагiчны гадзiннiк. Гэта быў апошнi крык моды. У элегантным, зробленым з беласнежнай марской ракавiны корпусе змяшчалася некалькi калонiй мiкраарганiзмаў, што ў залежнасцi ад часу мянялi свой колер. Зараз цыферблат меў колер маладой зялёнай лiстоты — значыць, было семнаццаць гадзiн.
Раптам з крэслаў, у якiх сядзелi Буслейка i Карл, выскачылi гнуткiя моцныя шчупальцы-прысоскi, аплялi рукi i грудзi, ды так, што не паварухнешся. Гэта здарылася iмгненна, нечакана, i стрэсаператары на нейкiя долi секунды анямелi.
— Верталёт-пастка! — усклiкнуў Радаслаў. — Хiтра ж нас падчапiлi на кручок!
Ён усё спрабаваў вырвацца, выкруцiцца з жалезных абдымкаў, але сiла ягоная была куды слабейшая за чужую грубую неадольную сiлу. I ён скарыўся, нават з усмешкаю ўспомнiў старую народную прымаўку:
— Певень бы i рады не iсцi на вяселле, ды за крылы валакуць.
Карл жа, як прыроджаны немец, знешне спакойна сустрэў такую неспадзяванку, адразу ж пачаў аналiзаваць сiтуацыю, у якую яны трапiлi, i каментаваць яе.
— Вось чаму верталёт быў без экiпажа, — разважаў ён. — Усё гэта, вядома, чарговыя фокусы СЦ. Гэта, як мы i здагадвалiся з табою, Радаслаў, цывiлiзацыя капiiстаў, я б нават вобразна сказаў, цывiлiзацыя фалыпываманетчыкаў. Яна (я быў бы рады, калi памылюся) у сiлу нейкiх невядомых звышпрычын не можа ствараць арыгiнальнае, прынцыпова новае, а штампуе копii. Вось чаму яна прайграла нашай чалавечай цывiлiзацыi, праметэеўскай цывiлiзацыi, як прыгожа i вельмi дакладна пiшуць паэты. Трагедыя Старой Цывiлiзацыi ў тым, што яна не можа нарадзiць свайго Праметэя, таго, хто здольны на Ўчынак, на Подзвiг, на Ахвяру i, у рэшце рэшт, на рашучы кардынальны злом стэрэатыпу. Тысячагоддзi яна была ценем, я б сказаў, хiтрым ценем нашай цывiлiзацыi, заўсёды жыла пад маскай, своечасова адступаючы ў змрок, у маўчанне, у забароненую таямнiцу. Сёння ж яна атакуе. Чаму?
— Пэўна, таму, што ў яе скончыўся запас устойлiвасцi, трываласцi, перарваў Карлаў маналог Радаслаў Буслейка. — Яна як бы аганiзуе i падобна на параненага звера. Я не браў бы на сябе смеласць называць гэтага звера драпежнiкам. Так, яна ваюе, з нечага страляе. Але бывалi выпадкi, калi карова, звычайная траваядная карова, баронячы ад немiнучай смерцi сваё дзiця, кiдалася на ваўкоў.
Ён казаў усё гэта, Карл, згодна кiваючы галавой, слухаў, а шчупальцы-прысоскi, што намертва скруцiлi iх, не паслаблялiся, i верталёт, зрабiўшы круг над помнiкам "Мацi Беларусi", упэўнена ляцеў уперад, не губляў вышыню i хуткасць. Трэба адзначыць, што стрэсаператары не адчувалi анiякага страху, былi ў поўнай яснай памяцi.
— Нашым верталётам кiруе Невiдзiмка, — сказаў Радаслаў.
— Падобна, — згадзiўся Карл. — А мне так хочацца яго ўбачыць. Ды чалавечае вока не самы дасканалы iнструмент на гэтым свеце. Як казалi старадаўнiя мудрацы: "Бог будзе побач, але ты не ўбачыш яго".
— I ўсё-ткi я шмат бы што аддаў, каб хоць часткова зразумець Старую Цывiлiзацыю, — сумна ўздыхнуў Буслейка. — Ды дзе там. Мы яшчэ сёння амаль нiчога не ведаем пра этрускаў, пра атлантаў…
Ён не скончыў фразу, бо проста ў яго перад тварам, на адлегласцi працягнутай рукi, з'явiўся, успыхнуў вельмi яркi малочна-сiнi шар велiчынёю з баскетбольны мячык. Шар увесь свiцiўся, здавалася, позiркам можна было пранiзаць наскрозь рэчыва, з якога ён складаецца, але ў самым цэнтры выразна бачылася нешта цёмнае, цвёрдае, стрыжнёвае, нiбы насенне ў пераспелым плодзе. Адразу знiклi шчупальцы-прысоскi, вызвалiўшы стрэсаператарам рукi. Буслейка з Гакенхольцам пачалi iх расцiраць, размiнаць, каб аднавiць рух крывi. I тут нечаканы вiзiцёр загаварыў.