Выбрать главу

— Асцярожна, жыхары адной з намi планеты, — глуха, з нейкiм булькатаннем данеслася ў яго знутры. — Асцярожна, Радаслаў Буслейка i Карл Гакенхольц. Сядзiце спакойна, адчувайце сябе шчаслiва i ўпэўнена, не рабiце нiякiх рэзкiх рухаў, нi ў якiм разе не спрабуйце дакрануцца да мяне, бо эфект такога дакранання будзе вельмi-вельмi непрыемным для вашых рук i вачэй.

— Ён нас ведае, — здзiўлена прашаптаў Карл.

— Слухайце, жыхары адной з намi планеты, — роўным, як бы бясстрасным голасам казаў далей шар. — Бялковая форма жыцця не адзiна магчымая ў Сусвеце. Iснуе жыццё ў плазменнай форме, як нiзкатэмпературнай, так i высокатэмпературнай. Я — Плазмоiд, прадстаўнiк менавiта гэтай формы жыцця, прадстаўнiк той цывiлiзацыi, якую вы называеце Старой. Тысячагоддзi мы развiвалiся паралельна з бялковай цывiлiзацыяй, суiснавалi пад адным небам, але сёння меч пайшоў на меч.

— Навошта ж вы аб'явiлi вайну? — горача ўсклiкнуў Карл. — Мы ж мацнейшыя, больш арганiзаваныя за вас i абавязкова — чуеце? — абавязкова пераможам.

Ён тэмпераментна ўзмахнуў рукамi, i тут пачуўся рэзкi сухi шчаўчок, падобны на той, з якiм перагарае электралямпачка. Гакенхольц iмгненна абмяк, сутаргi пабеглi па шчоках, твар пасiнеў, вочы ледзь не выскачылi з вачнiц.

— Я папярэджваў, - сказаў Плазмоiд Радаславу. — Але не бойся — твой калега будзе жыць, проста ён страцiў прытомнасць i ачуняе праз тры гадзiны.

— Вы, плазмоiды, жорсткiя, — цiха прамовiў Радаслаў.

— Мы справядлiвыя, — не згадзiўся Плазмоiд. — Маё сiлавое поле часова падавiла ў твайго калегi жыццёвую энергiю, але, паўтараю, ён будзе жывы i здаровы.

— Вы аб'явiлi перамiр'е, — упарта вёў сваё Буслейка. — Вы аб перамiр'i напiсалi ў небе, на воблаку — я сам чытаў, i тысячы людзей чыталi. I раптам вы падкiдваеце гэты верталёт, гэтага монстра-перавёртыша i мы трапляем у расстаўленую вамi пастку. Як гэта называецца? У нас, у людзей, гэта называецца подласцю.

Пры такiх словах шар з малочна-сiняга зрабiўся чырванаватым, потым шэрым i нiбы зменшыўся ў аб'ёме. "Яму сорамна, — здагадаўся Буслейка, — у iм жывуць эмоцыi, падобныя на чалавечыя". I тут аказалася, што плазмоiды, прынамсi той, што быў перад Радаславам, не пазбаўлены пэўнай тэатральнасцi, любовi да знешнiх эфектаў.

— О мая плазменная цывiлiзацыя! — са слязой у голасе заенчыў шар. — О мая беспрытульная, даледавiковая, пячорная. О дачка туманоў, начных лясоў i маланак. Ты беласкурая, як маладая бярозка пад дажджом. Ты жоўтавалосая, як сухая восеньская трава ў далёкiх лугах, дзе пасвяцца дзiкiя конi. Ты сiнявокая, як адзiнокi васiлёк, на якiм блiшчыць халодная раса.

— Перастаньце, — рэзка сказаў Буслейка. — Каму патрэбна ваша танная сентыментальнасць? Адплывiце цi адляцiце — не ведаю, як па-вашаму называецца гэта дзеянне, — трошкi ўбок, каб я мог кiраваць верталётам. Я не хачу разам са сваiм сябрам разбiцца. Мы, прабачце, бялковыя, а не плазменныя, i не любiм падаць з вялiкай вышынi.

Адважны беларус прамовiў гэтыя словы, не спускаючы позiрку з Плазмоiда. Шар адразу ж раздзьмуўся, набыў ранейшую малочна-сiнюю яркасць. Можна было, мяркуючы па ўсiм, чакаць ад яго нейкiх рэпрэсiўных дзеянняў. Але ён мiралюбна загаварыў:

— Вы, людзi, заўсёды адносiлiся да нас з вялiкiм недаверам, нават не ведаючы, хто мы. Вы болып за ўсё на свеце баiцеся плазмы, агню, нават смерць выбiраеце, абы толькi не забраў вашу жывую плоць агонь. Толькi гэтым я магу вытлумачыць той факт, што ў час пажараў у вышынных будынках чалавек выкiдваецца праз акно з дваццатага, з трыццатага паверха i, вядома, разбiваецца ўшчэнт, але не аддаецца полымю. Страх агню запраграмаваны ў вас на ўзроўнi генаў.

— Так, — згадзiўся Радаслаў. — У прынцыпе, для чалавека павiнна быць усё роўна — памерцi ад агню, ад жалеза або вады. Але iнстынктыўна чалавек, калi толькi ёсць выбар, выбiрае не вогненную смерць. Чаму? Можа, таму, што кара агнём — гэта поўнае, абсалютнае знiшчэнне, знiкненне, а жывая чалавечая душа заўсёды сумуе па сваёй плоцi.

— Я разумею цябе, Радаслаў Буслейка, — з нейкай урачыстасцю сказаў Плазмоiд. — Мы, Дзецi Несмяротнай Плазмы, валодаем шчаслiвай здольнасцю бясконца, без нiякай шкоды для сябе, мяняць сваю форму i масу. Калi ты ведаеш, у стане плазмы знаходзiцца абсалютная большасць рэчыва Сусвету: зоркi, галактычныя туманнасцi, мiжзорнае асяроддзе, сонечны вецер. Ты, вядома ж, ведаеш пра гэта. Тут, на планеце Зямля, разумныя плазмоiды вельмi даўно стварылi сваю цывiлiзацыю. Гэта яшчэ было ў часы Цвiцення Вулканаў, калi над iхнiмi грамагалосымi кратэрамi бушаваў бясконцы агонь. Нашы легенды гавораць, што далёкiя продкi плазмоiдаў прыляцелi з Космасу, з планеты Вар, якую не ведаюць зямныя астраномы. А потым пачалося шматвяковае процiстаянне з бялковай цывiлiзацыяй. А зараз — вайна. Плазмоiд упершыню ўступае ў адкрыты кантакт з людзьмi. Я вельмi ганаруся, што мне выпаў найвялiкшы гонар ад iмя Народа Ўсiх Сямi Колераў запрасiць Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца на перагаворы з Розумам Народа Ўсiх Сямi Колераў.

Радаслаў, якi з цiкавасцю слухаў Плазмоiда, страшэнна абурыўся.

— Запрасiць? Ды нас схапiлi, як ястраб хапае курыцу.

Тут малочна-белы шар зноў зрабiўся чырванаватым, а затым шэрым i трошкi зменшыўся ў аб'ёме.

— Iншага варыянту выйсцi на кантакт я не знайшоў, - сумна прамовiў шар. Ён здаваўся маленькiм хлопчыкам, што нашкодзiў i дужа перажывае сваю вiну.

— Навошта ж цябе пасылалi, калi ты такi аднаварыянтны? — кiпяцiўся Буслейка. — I яшчэ — чаму менавiта нас, радавых стрэсаператараў, запрасiлi, як ты кажаш, на перагаворы з плазмоiдамi? Хiба на планеце Зямля няма больш вартнейшых людзей?

Плазмоiд пры гэтых словах налiўся сонечнай яркасцю, на вачах павесялеў. Адчувалася, што зараз ён скажа Буслейку нешта прыемнае.

— Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў абраў вас дваiх на перагаворы таму, што аналiзы, праведзеныя Кланамi Шаравых Маланак (дарэчы, я сам належу да Клана Сiнiх Шаравых Маланак), выявiлi надзвычайную станоўчую мыслiцельную актыўнасць двух iнтэлектаў якраз на Галоўным Iндаэўрапейскiм Стрэсографе ў кабiне нумар дванаццаць. Гэта было самым важкiм аргументам на вашу карысць. Мы, плазмоiды, ацэньваем значнасць кожнага жывога не па ўладзе i ўзросце, а па iнтэлекту, якiм напоўнены ягоны мозг. Прытым iнтэлект не павiнен быць агрэсiўным.

— Вунь яно што, — аж прышчоўкнуў языком Буслейка. — Залятала да нас з Карлам шаравая маланка ў кабiну. Месяца паўтара назад гэта было. Я яшчэ здзiвiўся тады — у нас жа ў кабiне нi акна, нi шчылiнкi i дзверы вечна зачынены. А яна, птушачка, з электраразеткi выпырхнула, свежанькая такая, кругленькая. Праплыла ў нас над самымi галовамi, каля майго экрана пакружылася, як бы нешта нюхала, i — назад у разетку. На нас з Карлам як слупняк напаў. I навальнiцы ў той дзень быццам бы не чулi, не бачылi.

Буслейка, калi гаварыць шчыра, быў вельмi задаволены, што менавiта iх з Карлам Старая Цывiлiзацыя палiчыла самымi разумнымi, самымi кампетэнтнымi людзьмi Ўсходняй Эўропы ды i, магчыма, усёй Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. У маладым узросце кожны нармальны чалавек у меру славалюбiвы, марыць вылучыцца, выдзелiцца, пастаянна быць навiдавоку, i не для яго мудрая, горкая, аплочаная нялёгкiмi духоўнымi стратамi думка старадаўняга фiлосафа "Пражывi непрыкметна". На стрэсаператара нахлынула, накацiлася ўдзячнае шматслоўе, ды Плазмоiд рашуча перапынiў яго, сказаў:

— Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў чакае Радаслава Буслейку i Карла Гакенхольца. Не хвалюйся, нiчога не бойся, але зараз ты будзеш пераведзены ў такi самы стан, у якiм знаходзiцца твой калега.

— Я страчу прытомнасць? — занепакоiўся Радаслаў.

— Ты заснеш i прачнешся там, дзе знаходзiцца Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.

— Але ў мяне слабое сэрца.