Вялiкая Эра Плюралiзму ўлiчыла памылкi папярэднiкаў. Нездарма на франтоне Дома Народаў, якi пабудаваны ў цэнтры Планеты на афрыканскiм экватары, велiзарнымi лiтарамi напiсана: "Заўтра пачынаецца ўчора". Людзi быццам ачомалiся ад эйфарычнага сну. I з яркай выразнасцю ўсе раптам убачылi (прычым убачылi менавiта ўсе, а не толькi навукоўцы), што старадаўнiм народам гiсторыя здавалася не прагрэсам, а рэгрэсам. Чатыры вякi ўпамiналiся ў мiфах тых народаў: залаты, срэбны, медны, жалезны. Дык вось залаты век быў не наперадзе, а ззаду. Быццам перавярнулася егiпецкая сiвая пiрамiда i цяжкой падэшвай уторкнулася ў неба.
Чытаючы старыя манускрыпты, не са здзiўленнем, а з цiхiм шкадаваннем адзначаў Гай Дубровiч усемагутную веру сваiх далёкiх папярэднiкаў у несакрушальную бязмежную сiлу тэхнiкi i навукi. Людзi калiсьцi марылi аб птушыных крылах i змайстравалi самалёт, а потым ракету i зоркалёт. Людзi навучылiся глядзець праз метал i камень, пасялiлiся на акiянскiм дне, перамаглi рак, пачалi ажыўляць мёртвых (праўда, толькi дзяцей), нарабiлi камп'ютэраў, акружылi сябе полчышчамi паслухмяных звышпрацавiтых робатаў, накiравалi космадэсантнiкаў на Марс i Венеру. Але ўсяго гэтага iм было мала. Людзям здавалася, што яшчэ адзiн крок, адно кароткае, як узмах веек, iмгненне — i рухнуць сцены апошнiх, такiх зманлiвых таямнiц, рассыплюцца на каменьчыкi гранiтныя горныя хрыбты, знiкнуць iнерцыя, вага, можна будзе лёгка i крылата пайсцi па вадзе, па самым лютым агнi; можна растапырыць пальцы рукi, з усяго маху ўдарыць iмi ў камень — i пальцы не зломяцца, а ўвойдуць у яго, нiбы ў масла. I вернiкi, i закаранелыя атэiсты адчулi сябе (спачатку толькi ўва сне i ў наркатычных мроях) калi не багамi, дык двайнiкамi багоў, i ўжо не адзiн прымерваўся, шукаў пункт апоры, каб перавярнуць Зямлю. Але буйны метэарыт, што нечакана для Касмiчнай варты прыляцеў, упаў з хмарыстага неба i разбiў, нiбы курынае яйка, ядзерны рэактар на поўднi Афрыкi, напалохаў усiх, дакладней кажучы, амаль усiх. Адразу 26 красавiка кожнага года (незагойны дзень Чарнобыльскага выбуху) было аб'яўлена Днём Вогнiшча i Лучыны. Па ўсёй планеце, у гарадах i вёсках, на вулiцах i ў кватэрах, замест электрычнасцi запалалi лучына i вогнiшчы. Чалавецтва, як бы спатыкнуўшыся, прыпынiлася.
Лозунгу "Назад — у пячоры!", вядома, не было, але Партыя Новых Лудзiтаў каменнымi сякерамi на дробныя кавалачкi разбiла каля Дома Народаў звышдакладны станок-робат. Адбылося некалькi жорсткiх сутычак з робатамi, прычым з абодвух бакоў выкарыстоўвалiся агнямёты. Затым у Германii ўспыхнула Першае паўстанне робатаў. Яго кiраўнiк робат Х-29342 назваў сябе Спартаком i загадаў усiх iнжынераў i тэхнiкаў, што апынулiся ў руках паўстанцаў, распяць на металiчных крыжах. Ледзьве ўдалося пранiкнуць у лагер мяцежнiкаў i абясточыць усiх. Тады ж Вялiкi Рэферэндум прыняў амаль адзiнагалосную пастанову, якую дасцiпныя журналiсты ахрысцiлi Сiнiм Тормазам. Гэты Сiнi (ад колеру дыму лучын i вогнiшчаў) Тормаз уводзiў на ўсёй планеце Трохгодкi Навуковых Адкрыццяў. Згодна пастановы, грамадскi час дзялiўся на трохгодкi, на працягу якiх навуковыя iнстытуты, вучоныя, даследчыкi, рацыяналiзатары (былi i такiя), вядома ж, працавалi, але не мелi права абнародаваць свае адкрыццi, абавязаны былi трымаць iх пад сакрэтам. Толькi ў апошнiм снежнi трохгодкi iм дазвалялася праз часопiсы i газеты, праз радыё i тэлебачанне азнаёмiць насельнiцтва планеты з трыма самымi значнымi, на iх погляд, адкрыццямi. "Мазгавiкоў" (так у прастамоўi называлi вучоных) гэта вельмi крыўдзiла i прыгнечвала. На пачатку першай трохгодкi семнаццаць вучоных (сярод якiх было пяць жанчын) у знак пратэсту пакончылi жыццё самагубствам. З вялiкiмi ўрачыстасцямi iх пахавала ўся планета, але трохгодак не адмянiлi. Сiнi Тормаз падтрымалi 83 працэнты дарослых зямлян: усе фермеры i бiёлагi, амаль усе паэты i шахцёры, болыыасць аўтамабiлiстаў, верталётчыкаў, хiмiкаў… Толькi Саюз космадэсантнiкаў, Лiга барацьбы супраць мутантаў i Аб'яднанне беласкурых прастытутак не згадзiлiся з вынiкамi Вялiкага Рэферэндуму ды вымушаны былi падпарадкавацца Ўсепланетнай Дысцыплiне.
На дзвярах хатняй бiблiятэкi, у якой у глыбокiм одуме i разгубленасцi гартаў "Усеагульную Гiсторыю Чалавецтва" Гай Дубровiч, раптам успыхнуў ярка-жоўты кружок — нехта прасiў дазволу ўвайсцi.
— Уваходзьце, — сказаў Дубровiч.
I адразу на дзвярах загарэўся кружок зялёнага колеру.
У бiблiятэку рашуча ўвайшла ягоная жонка Бярозка Дубровiч, прыгожая, смуглявая. Учора, як помнiцца, яна была ў адзеннi ангельскай лэдзi вiктарыянскай эпохi, сёння ж перад Дубровiчам стаяла антычная афiнянка — у белай падоўжанай тунiцы, з блiскучым, цi не срэбным, вяночкам на чорных валасах.
— Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне, Адзiны? прывiтала яна мужа, пяшчотна пацалаваўшы яго ў скроню.
Вялiкая Эра Плюралiзму (або ВЭП, як любiлi гаварыць сябры Гая Дубровiча — маладыя энергiчныя фiзiкi) зрабiла адносiны памiж мужчынам i жанчынай больш гнуткiмi, болып рухомымi i нестандартнымi. Той, хто хацеў, меў адну жонку i адпаведна аднаго мужа. Такiх сем'яў (прынамсi, у Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi) была большасць. Але мелiся i так званыя пашыраныя сем'i, дзе разам, у шчасцi i ў поўнай згодзе, жылi тры мужчыны i тры жанчыны. Мужы i жонкi ў пашыраных сем'ях звярталiся адно да аднаго са словамi: «Каханая», «Каханы». Гай Дубровiч i Бярозка Дубровiч былi адналюбамi, вось чаму Бярозка сказала, пяшчотна i мiлагучна: «Адзiны».
Гай пацалаваў жонку. Яна ўважлiва паглядзела на яго, пацёрлася шчакой аб ягоны плячук, потым твар спахмурнеў.
— Ведаеш, Гай, не вельмi добрыя навiны…
— Зноў нехта бачыў мяне ў iдыёцкiм сне? — не даў ёй дагаварыць Гай.
— Так. Тэлефанавала Вера Хрысцiнюк… Голас у Бярозкi быў нясмелы, прыдаўлены.
— I што ж?
— Казала, што прыснiлася ёй ядзерная катастрофа. Казала, што ўсе мы паспелi забегчы ў сховiшча, нават таўстун Каласоўскi, а ты чамусьцi не ўскочыў за бранiрованыя дзверы. Не змог. I разам з табой там, пад ядзерным выбухам, застаўся ксёндз Баляслаў.
— Ксёндз? — здзiвiўся Дубровiч.
— Але. Ксяндза цяжка паранiла. Нейкая цяжкая стальная бэлька ўпала на грудзi. Ён сваёй крывёю намаляваў на зямлi крыж, пацалаваў яго i памёр. А ты… Вера Хрысцiнюк бачыла, як ты стаў на каленi, горка плакаў i прасiў, каб цябе ўпусцiлi ў бамбасховiшча. Ды нiхто не адчынiў дзверы. А ты ўсё стаяў на каленях i прасiў, прасiў…
— Перастань, — рэзка сказаў Гай Дубровiч. — Ты ж бачыш, што мне непрыемна слухаць.
— Прабач, Адзiны, — пачырванела Бярозка. — Я не хацела… Але ж такi сон… Прашу цябе — будзь асцярожны… Пастарайся гэтымi днямi нiкуды не выходзiць з дому, пасядзi над сваiмi рукапiсамi, пагуляй з Чарлi ў шахматы…
Чарлi быў хатнiм робатам Дубровiчаў — вялiкае металiчнае цела, чырвоныя пранiзлiвыя вочы, хрыплы, як прастуджаны, голас.
— Гуляць з гэтай бляшанкай? — Гай крыва ўсмiхнуўся.
— Робата мы маем права замянiць толькi праз чатыры месяцы, — напомнiла Бярозка, радуючыся, што размова аддаляецца ад злашчаснага сну.
Ды, вiдно па ўсiм, у галаве ў Гая моцна засела навiна, прынесеная жонкай. Ён пстрыкнуў пальцамi, што рабiў у хвiлiны душэўнага ўзрушэння, спытаў:
— Скажы, Адзiная, а якi я быў там, за дзвярыма сховiшча?
— Як — якi? — не зразумела Бярозка.
— Ну, твая дарагая сябровачка Хрысцiнюк, вядома ж, не прамiнула ўбачыць у сваiм iдыёцкiм сне, што я стаяў на каленях, лiў слёзы, як бабёр. I, пэўна ж, кулакамi грукаў у бранiрованыя дзверы. I густы дым наплываў… I ўся зямля гарэла… I ў мяне была скрыўленая ад жаху фiзiяномiя… Чарлi ў параўнаннi са мной здаўся б пераможцам усепланетнага конкурсу прыгажуноў.