Выбрать главу

— Працэс ажыўлення патрабуе, каб пры гэтым абавязкова прысутнiчалi людзi, двое людзей, а яшчэ дакладней, жанчына i мужчына. Менавiта яны запальваюць агонь новага жыцця. Iхняя прысутнасць, iхняя аўра, пад якой мы разумеем жыццёвую сiлу, дапаможа адрадзiцца чалавечай плоцi. Жанчына ўжо ёсць. Гэта — Вера Хрысцiнюк, трыццаць год, чацвёртая група крывi, шатэнка. Патрэбен мужчына. I м будзе, няхай прабачае Карл Гакенхольц, Радаслаў Буслейка, дваццаць два гады, другая група крывi, бландзiн. У Буслейкi, няхай прабачае Карл Гакенхольц, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню болып блiзкая да Клёна Дубровiча. Што хоча сказаць Радаслаў Буслейка?

Да Радаслава нарэшце вярнулася мова.

— Гэта так нечакана, — разгублена загаварыў ён. — Мёртвы хлопчык… Планета Вар… Рака Адноўленых Твараў… Карл, мы не спiм з табою?

Гакенхольц, якi ўсё чуў, але пакуль што не мог размаўляць, адмоўна замахаў галавой. Вочы ў яго кiпелi гневам. Не паздаровiцца СЦ, калi верне яму мову.

— Вядома, я вельмi хачу, я жадаю, каб ажыў гэты хлопчык, гэты — як яго? Клён Дубровiч, — казаў далей Радаслаў. — Калi вы навучылiся рабiць такое, вяртаць дыханне мёртваму чалавеку, заклiнаю вас усiмi старымi i новымi багамi — ажывiце Клёна, пастаўце на ногi. Але мой нечаканы палёт… Нават не ведаю… Мая жонка, мая Нiнка-трысцiнка, — ён злёгку пачырванеў, - працуе заолагам перасоўнага летняга лагера ў Тоўстым Лесе. Чулi пра такi? Дык вось мы праз некалькi месяцаў чакаем сына, у нас павiнен нарадзiцца сын. Разумееце?

— Тым лепш, — прамовiў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. — У цябе, Радаслаў Буслейка, зараз вельмi энергiчная, вельмi насычаная i моцная аўра. Тое, што i патрэбна для ажыўлення. Карл Гакенхольц нешта жадае сказаць?

Карл адразу ж закрычаў як апечаны:

— Гэта подла! Вераломна! Вы не маеце права! Ваша Старая Цывiлiзацыя падобна на мокрую курыцу!

— Цiшэй, Карл Гакенхольц, — спакойна папярэдзiў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. — Гавары цiшэй. Калi ты будзеш павышаць голас, мы заблакiруем яго.

— Прабачце, — прыклаў руку да сэрца Карл. — Я хацеў сказаць, што ляцець трэба мне. У Радаслава чакаюцца вялiкiя сямейныя клопаты. А я халасцяк. Калi што здарыцца з КЛА…

— З КЛА нiчога не можа здарыцца, — парыраваў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.

— Ляцець павiнен я, — не здаваўся Карл.

— У цябе, Карл Гакенхольц, як заўважана, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню вельмi адрознiваецца ад Клёна Дубровiча. Ты толькi нашкодзiш.

— Няпраўда! — успыхнуў Карл, але голас ягоны адразу ж быў заблакаваны.

— Калi гэта дапаможа хлопчыку, я гатоў ляцець, — сказаў Радаслаў Буслейка. — Толькi патрэбна абавязкова паведамiць маёй жонцы ў Тоўсты Лес.

НЕ КУПАЙСЯ Ў РАЦЭ АДНОЎЛЕНЫХ ТВАРАЎ

VII

У Доме Народаў, якi ўзвышаўся на беразе ракi Заiр у экватарыяльным горадзе Мбандака, сабраўся Надзвычайны З'езд Усiх Зямных Канфедэрацый. Павiнна было прысутнiчаць (прыляцець, прыплыць i прыехаць) восемсот дэлегатаў. Яны прадстаўлялi Iндаэўрапейскую, Паўночнаамерыканскую, Лацiнаамерыканскую, Арабскую, Афрыканскую, Эўразiйскую, Мангола-Кiтайскую i Япона-Цiхаакiянскую канфедэрацыi. Яўка была амаль стопрацэнтная. Па незалежачых ад iх прычынах не змаглi прыбыць дэлегат-афрыканец, якога проста на пляжы схапiў i завалок пад ваду гiганцкi кракадзiл, i дэлегат з Варшавы, што загiнуў ад удару шаравой маланкi.

Дом Народаў быў пабудаваны ў выглядзе велiзарнага белага куба. Усе яго восем паверхаў (па колькасцi Канфедэрацый) аздаблялi ў нацыянальных стылях выдатнейшыя мастакi, скульптары, гравёры, цесляры, паркетчыкi. Вочы разбягалiся ад яркiх сакавiтых фарбаў. Уся планета Зямля — ад белых марозных пустынь Арктыкi да мангравых лясоў на астравах Цiхага Акiяна — глядзела на кожнага, хто пераступаў парог, са сцен гэтага цудоўнага палаца.

Калi ўсе занялi свае месцы, старшыня (а iм быў канадзец Джон Мур) аб'явiў:

— Прашу ўсiх устаць. Гучыць Гiмн Планеты. Семсот дзевяноста восем галасоў зладжана злiлiся ў адзiн усхваляваны голас:

Мы — дзецi Гамера, Мы — дзецi Канфуцыя…

— Рабочай мовай нашага з'езда, як вы ўжо ведаеце, будзе партугальская, — напомнiў Джон Мур, калi адгучаў гiмн i ў зале зазвiнела цiшыня.

Для чаго ж сабраўся надзвычайны з'езд? На парадку дня было адзiнае пытанне: "Цывiлiзацыя Плазмоiдаў (так званая Старая Цывiлiзацыя) i адносiны народаў планеты Зямля да яе".

Дэлегаты ўбачылi кадры кiнахронiкi: спаленыя будынкi i аўтамабiлi; ланцугi шышкагаловiкаў, якiя iдуць у атаку; труп падлетка — галава прыкрыта белай прасцiной, рукi, сцiснутыя ў кулакi, бездапаможна раскiнуты; вогненны вал, што падмiнае пад сябе нейкiя нiзкарослыя кусцiкi…

— У лiку дэлегатаў ад Iндаэўрапейскай канфедэрацыi знаходзяцца два чалавекi, якiя прыбылi ў Дом Народаў з самага, можна сказаць, эпiцэнтра апошнiх па часе жахлiвых падзей, — сказаў старшыня. — Гэта Карл Гакенхольц, стрэсаператар, i Гай Дубровiч, гiсторык, бацька таго самага мёртвага хлопчыка, якога мы толькi што бачылi на экране. Папросiм iх выступiць перад намi.

Гай Дубровiч, змарнелы, сутулы, устаў, пакланiўся з'езду, але выступаць адмовiўся.

— Гэта так дзiка… Навошта iм патрэбен быў Клён, мой сын? — толькi i сказаў Дубровiч.

Карл Гакенхольц рашуча пайшоў да трыбуны, абапёрся аб яе тонкiмi смуглымi рукамi, загаварыў рэзка i раздражнёна, як бы з нейкiм выклiкам:

— Я, панове дэпутаты, бачыў Старую Цывiлiзацыю гэтак жа сама, як бачу зараз усiх вас. Мяне ад яе аддзяляла ўсяго толькi некалькi метраў. Я чуў голас Старой Цывiлiзацыi i не забуду яго да скону сваiх дзён. Гэта немагчыма забыць.

Адчувалася, што стрэсаператар хвалюецца.

— Перада мной праплывалi светлыя шары (менавiта ў такой форме актыўна праяўляецца СЦ), i столькi мудрасцi, столькi глыбокага сэнсу было ў iхнiм руху, у iхнiм рытмiчным вярчэннi. Гармонiя дамiнавала ва ўсiм. А мы, шызафрэнiкi i пячорныя варвары, мы забiваем СЦ.

Гакенхольц кiнуў гэтую апошнюю злую фразу ў залу так нечакана, што дэлегаты, напачатку як бы закалыханыя ягоным выступленнем, ускочылi са сваiх месцаў, абурана зашумелi.

— Што вы сабе дазваляеце?! — пачулася з залы.

— Яна сама атакуе нас.

— Ды ён, пэўна, хворы!

Усмешлiвы канадзец Джон Мур пазмрачнеў, незадаволена паглядзеў на Карла, хацеў нацiснуць кнопку электрычнага званка, але Гакенхольц апярэдзiў яго.

— Права на думку! — закрычаў ён.

Гэтыя ўладныя магiчныя словы адразу ж ацвярэзiлi ўсiх. Дэлегаты селi на свае месцы. Джон Мур адхапiў палец з чорнай кнопкi званка, у Доме Народаў запанавала непарушная цiшыня. Права на думку было адным з галоўных свяшчэнных праў чалавека. Вялiкая Эра Плюралiзму ўрачыста гарантавала яго кожнаму жыхару планеты. Варта было толькi сказаць: "Права на думку" — i зацiхалi грамагалосныя людныя плошчы i аўдыторыi, i абрываўся разгневаны гуд натоўпу. Калiсьцi такой бясспрэчнай загаднай сiлай валодалi словы, накшталт: "iмем караля!" або "iмем рэвалюцыi!".

— Нi ў якiм разе я не хацеў пакрыўдзiць вас, панове дэпутаты, спакойна прадоўжыў Карл Гакенхольц, хоць шчокi палымнелi. — Не хацеў абразiць. Проста я аперырую фактамi, якiя ўсiм вам добра вядомыя. Хто яшчэ стагоддзi назад, бяздушна сочачы за паказаннямi прыбораў, злачынна штампуючы няякасныя рэактары, зрабiў ўсё, каб грымнуў смяротны выбух Чарнобыля? Мы. Хто атруцiў акiяны i рэкi, зямлю i воблакi? Мы. Хто загнаў Старую Цывiлiзацыю ў чорныя падзямеллi, лакалiзаваў яе, прымусiў, як рабыню, жыць там, дзе не селяцца нават павукi? Мы. Так, мы зараз раскайваемся, мы пачынаем гаварыць, што свяшчэннае права на жыццё належыць усяму жывому, зразумелае яно нам цi незразумелае, ёсць выгода нам ад яго цi няма. Але трэба не гаварыць, а дзейнiчаць. Яшчэ два днi назад я быў госцем СЦ, сёння ж тут, у Доме Народаў, я — яе паўнамоцны пасол.